Каталонцы за сваю дзяржаву

17 верасня 2013 г.

Навіны

12 верасьня партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад тытулам “Чалавечы ланцуг злучыў 86 муніцыпалітэтаў па ўсяе Каталоніі”. Вось гэты артыкул:

Стрэлкі на вежы Ла Сэў Вэлья ў Лерыдзе паказалі дакладна 17.14 мясцовага часу, калі сотні тысячаў чалавек злучылі рукі ў 86 муніцыпалітэтах, каб запатрабаваць незалежнасьці Каталоніі.

З поўначы на поўдзень па ўсёй тэрыторыі і на працягу 400 кілёмэтраў удзельнікі акцыі пратэсту, які супадае з Diada, днём Каталоніі, злучыліся ад Лё Пэрту (поўдзень Францыі) да Альканара (Тарагона).

Час 17.14 быў абраны, каб нагадаць аб дню 11 верасьня 1714 г., калі Барсэлона ўпала пад наступам войскаў Філіпа V Іспанскага. Гэтую падзею ўспаміналі сёньня на Diada.

Дакладна ў гэты момант больш за 800 фатографаў-дабраахвотнікаў і іхнія асістэнты парупіліся, каб кожны з удзельнікаў чалавечага ланцуга атрымаў “гігафота”, як яго назвалі, зробленае фрагмэнтамі на працягу ўсяго ланцуга. Сёньня фота будзе складзена дыгітальным спосабам з фрагмэнтаў.

Многія ўдзельнікі апранулі жоўтыя кашулі, якія прадавалі арганізатары беспрэцэндэнтнай акцыі пратэсту з Нацыянальнай Каталонскай Асамблеі (ANC). На шэрагу 778 фрагмэнтаў фота “Каталонскага Шляху” бачныя тысячы незалежніцкіх сьцягоў.

Пад лёзунгам “Каталонскі Шлях за Незалежнасьць” акцыя пратэсту ёсьць выразам патрабаваньня правядзеньня рэфэрэндуму аб незалежнасьці ў 2014 г. Акцыя можа мець яшчэ большыя маштабы, чым акцыя пратэсту, праведзеная ў Барсэлоне роўна год таму, дзе паводле паліцыі, было 1,5 мільёна ўдзельнікаў.

На плошчы Сант Жаўмэ ў Барсэлоне, дзе знаходзяцца сядзібы рэгіянальнага Ўраду і самакіраваньня каталонскай сталіцы, знаходзіўся шэраг членаў рэгіянальнага Ўраду. Прэзыдэнт Артур Мас ня быў там, але ён прыняў арганізатараў.

На гэтым месцы, дзе бачныя сымвалы незалежнасьці, знаходзіліся таксама жонка і дзеці Артура Маса і шэраг прадстаўнікоў каталонскіх палітычных партый.

Другім важнейшым месцам была Плошча Каталоніі, дзе каля 18.00 мясцовага часу распачнецца палітычная акцыя, якая вызначае характар усёй маніфэстацыі.

Ана Мэйрэлэс, Lusa

Пераклаў з партугальскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.dn.pt/inicio/globo/interior.aspx?content_id=3414733&seccao=Europa&page=-1