З часоў вайны і калектывізацыі ня бачылі такога

10 сентября 2013 г.

Навіны

(Верасьнёўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

8 верасьня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Рабаваньне ў час чумы” (публікуецца). Старшыня прыслаў таксама віншаваньні сябрам Партыі з Днём Беларускай вайсковай славы. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ.

Выступоўца казаў пра інтэнсіфікацыю разбуральных працэсаў, якімі кіруе прамаскоўскі рэжым у нашай краіне. Усё робіцца для таго, каб выцесьніць з роднай зямлі як мага больш працаздольных беларусаў. З усіх рэгіёнаў краіны паступаюць зьвесткі пра зношанасьць тэхнічных магутнасьцяў, выезд спэцыялістаў і работнікаў на працу ў Расею (цяпер іх у Расеі да 2 мільёнаў). У некаторых месцах на канвэер ставяць кітайцаў. У сельскай мясцовасьці сотнямі селяцца сем’і з Цэнтральнай Азіі. Зразумела, што адбываецца гвалтоўны працэс замены насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. На фоне гэтых дзеяньняў фарсам выглядае нібыта “канфлікт паміж Масквой і Менскам” на тэму “Уралкалія”. Бальшыня нашых людзей ня верыць прапагандысцкай шумісе пра “абарону нацыянальных інтарэсаў лукашызмам”, бо гэта ўжо ня першы спэктакль, разыграны пад кіраўніцтвам Масквы. Супрацьстаяць гэтай навале можна толькі шляхам народнай салідарнасьці ўсіх беларусаў. Таму нацыянальна-культурнае асьветніцтва зьяўляецца нашым прыярытэтам. Беларусы не павінны дапусьціць, каб падступныя пляны імпэрскага ворага былі пасьпяхова рэалізаваныя ў нашай акупаванай краіне. Дакладчык заклікаў шырока адсьвяткаваць 25-я ўгодкі пачатку фронтаўскага рушаньня ў Беларусі (25 год БНФ). Зразумела, што антыбеларускі рэжым будзе спрабаваць замоўчыць гэтую падзею, а падстаўная псэўдаапазыцыя (якая ня мае ніякага дачыненьня да Народнага Фронту) будзе заяўляць пра свае небыліцы. Юбілейныя ўгодкі Фронта трэба адзначыць з годнасьцю і павагай.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра гвалт, які твораць па ўсёй краіне прадстаўнікі рэжыму. Яны групамі ўрываюцца на двары грамадзянаў, на вачах у дзяцей забіваюць сьвіней і малых парсючкоў. Калі агаломшаныя беларусы спрабуюць наракаць, то гвалтаўнікі кажуць, што могуць заняцца і імі. Старэйшыя кажуць, што з часоў вайны і калектывізацыі ня бачылі такога.

Назіраюцца таксама новыя зьявы ў сацыяльных паводзінах нашых людзей. Ніхто ўжо (акрамя падасланых сексотаў) не бароніць словамі рэжым і ягонага начальніка. Ніхто не сьмяецца зь беларускай мовы. Многія людзі каюцца ў тым, што галасавалі былі “за гэты маразм”. Агульнанароднай становіцца нянавісьць да маскоўскага імпэрыялізма, беларусы разумеюць што зьяўляецца коранем нашай агульнай бяды – крамлёўска-лубянская хунта і яе мясцовыя васалы. Людзі шукаюць выйсьця і паратунку. Трэба пераканаць іх, што ратавацца можна толькі разам і на сваёй зямлі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

8 верасьня 2013 г