6 верасьня чэшская газэта “Ceske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскія дэпутаты адмянілі падарожжа ў ЗША, Кангрэс ня хоча весьці зь імі перамовы”. Вось гэты артыкул:
Вашынгтон/Масква. Верхняя палата расейскага парляманту сёньня адмяніла паездку сваёй дэлегацыі да амэрыканскіх калег, якіх расейскія дэпутаты хацелі адгаварыць ад згоды на атаку ЗША на Дамаск. Аб гэтым паведаміў сёньня ў Маскве старшыня расейскай Дзяржаўнай думы Сяргей Нарышкін. Прычынай адмены паездкі была інфармацыя аб тым, што вядучыя прадстаўнікі амэрыканскага Сэнату і Палаты прадстаўнікоў ня хочуць сустракацца з расейскімі дэпутатамі.
З ідэяй пераканаць дэпутатаў амэрыканскага Кангрэсу, каб яны выказаліся супраць намеру прэзыдэнта Барака Абамы пакараць ваенным ударам сірыйскі рэжым за ягоную мяркуемую жнівеньскую хімічную атаку, выступіла на пачатку тыдня старшыня Савета фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка. Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін багаславіў ейны намер.
“Мы спадзяемся, што Кангрэс урэшце зойме ўраўнаважаную пазыцыю без сілавых аргумантаў і не падтрымае ўжываньне сілы супраць Сірыі”, — заявіла старшыня верхняй палаты.
Аднак, паводле паведамленьняў з Вашынгтона, ключавыя дэпутаты Кангрэса не цікавяцца перамовамі з расейскімі калегамі. Дэлегацыю расейскага Савета фэдэрацыі адмовіліся прыняць лідэр сэнацкай дэмакратычнай большасьці Гары Рэйд і старшыня Палаты прадстаўнікоў Джон Бёнэр. Ахвоту перамаўляцца з расейцамі выказалі толькі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Грэгары Мыкс і Шэйла Джэксан Лі. Гэтага рускаму парляманту мала.
Мацьвіенка хацела падтрымаць галасы тых амэрыканскіх дэпутатаў, якія ня хочуць падтрымаць рэзалюцыю, што санкцыянуе карніцкі ўдар па прэзыдэнту Башару Асаду. Тым часам па рэзалюцыі раіліся дэпутацкія камісіі Кангрэса. Пленарнае галасаваньне ў Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў не чакаецца раней за другую палову наступнага тыдня. Якраз у гэты пэрыяд расейская дэлегацыя мелася прыляцець у ЗША.
СТК Пераклаў з чэшскай В. Буйвал