Кыргызы патрабуюць кампэнсацыю ад Масквы за генацыд

23 жніўня 2013 г.

Навіны

19 жніўня летувіская газэта “Respublika” апублікавала артыкул пад тытулам “Кыргызы патрабуюць кампэнсацыі за дзеяньні царскай Расе і”. Вось гэты артыкул:

Некалькі кыргызкіх грамадзкіх арганізацый заклікалі прызнаць генацыдам дзеяньні царскай Расеі супраць кыргызкага народу, паведамляе “Gezitter.org”. Маецца на ўвазе здушэньне паўстаньня ў Сярэдняй Азіі ў 1916 годзе.

Як паінфармавала “24.kg”, актывісты прынялі рэзалюцыю, у якой сярод іншага прапануецца выставіць да Расеі патрабаваньне кампэнсацыі Кыргызтану “за продкаў, нявінна забітых за нацыянальна-вызвольнае паўстаньне”.

Тэкст рэзалюцыі перададзены ў СМІ краіны. Зварот адрасаваны прэзыдэнту, прэм’еру і парляманту Кыргызтана.

Паўстаньне сярэднеазіяцкіх народаў, што належалі Расейскай імпэрыі, пачалося ўлетку 1916 года. Яно было выклікана царскім загадам пасылаць мясцовых жыхароў на працы ў прыфрантавыя раёны (у тыя гады Расея ўдзельнічала ў Першай сусьветнай вайне). Незадаволенасьць мясцовых жыхароў выклікалі таксама дзеяньні ўладаў, зьвязаныя з перадзелам зямлі на карысьць перасяленцаў з Расеі.

Паўстаньне было здушана войскамі. Паводле розных меркаваньняў, у паўстаньні загінулі дзесяткі тысячаў і нават сотні тысячаў людзей.

Respublika.lt, Eltos inf.

Пераклаў з летувіскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.respublika.lt/lt/naujienos/pasaulis/pasaulio_politika/kirgizai_reikalauja_kompensacijos_uz_carines_rusijos_veiksmus/

Нават у савецкі час, калі пачыналася гаворка пра Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года, прадстаўнікі сярэднеазіяцкіх народаў абгрунтавана заяўлялі: “Люты распачаўся ў нас яшчэ ўлетку 1916-га года…” Паўстаньне супраць расейскіх акупантаў у Цэнтральнай Азіі і Казахстане сапраўды было першым магутным ударам па турме народаў. Менавіта з гэтых падзеяў распачалося падзеньне манархічнай вэрсіі маскоўскай імпэрыі. На жаль, пра гэта мала вядома ў цывілізаваным сьвеце. Маштабы і лютасьць рэпрэсій расейскіх акупантаў супраць падняволеных народаў у азіяцкіх калоніях параўнальныя з турэцкім генацыдам армянскага народу ў часы Першай сусьветнай вайны (пра які вядома ў шырокім сьвеце).

У незалежных дзяржавах адбываецца аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці I гістарычнай праўды пра народную драму. Паўстанцам і ахвярам расейскага тэрору пастаўлены помнікі, ім прысьвечаны творы мастацтва, малітвы ў мячэцях. На іхным прыкладзе выхоўваюць маладое пакаленьне. Як бачым, эліты грамадзтва патрабуюць прызнаньня злачынстваў Расеі генацыдам і кампэнсацыі ад спадчыньнікаў царскай імпэрыі. Гэта ёсьць шлях справядлівасьці, якім павінны пайсьці й беларусы. Масква яшчэ адкажа нам і за Каліноўскага, і за вынішчэньне шляхты, і за абрабаваньне краіны.

Янка Базыль