МЭТА МАСКВЫ – РАЗБУРЭНЬНЕ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ

16 июля 2013 г.

Навіны

(Ліпеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

14 ліпеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. З дакладамі выступілі сп. Зянон Пазьняк старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі — БНФ і БНФ Адраджэньне, Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, а таксама сакратары Сойму і Управы сп. Валеры Буйвал і сп. Уладзімер Раманцоў. Сп. Пазьняк спыніўся на пытаньнях палітыкі Масквы і Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, а таксама на пытаньнях зьвязаных з канкрэтнай дзейнасьцю Партыі. Выступоўцы казалі пра новыя падзеі ў гісторыі і практыцы лукашыстоўскага кіраваньня нашай Беларусьсю. Многія людзі ўспамінаюць, як у ліпені-жніўні 1994 года тысячы грамадзянаў шумелі ў электравіках і на вуліцах гарадоў і сельскай мясцовасьці: “Теперь молодой президент Лукашенко возьмётся за сельское хозяйство! Он же наш – сельский…”

Так было, многія не хацелі слухаць папярэджаньні патрыётаў-фронтаўцаў аб небясьпецы агрэсіўна-антыбеларускага рэжыму. За прамінулых 19 гадоў прамаскоўскі, антынацыянальны рэжым пасьпеў па-свойму “адудзячыць” усе без выключэньня сацыяльныя праслойкі нашага грамадзтва – пэнсіянэраў, навукоўцаў, настаўнікаў, рабочых, фэрмэраў, бізнэсоўцаў… Апошні ўдар нанесены рэжымам менавіта па сельскай гаспадарцы. Пошасьць прышла з Расеі праз некантралюемую мяжу з Расеяй.

Эпідэмія завезена ў Беларусь з Расеі невыпадкова. Гэта вайна. Жывёлагадоўля – асноўная крыніца прыбытку і асноўная крыніца прадуктаў у Беларусаў. Тым больш, не вядома, дзе сапраўды была “сьвіная чума”, а дзе яе не было. Рэжымныя службы зьнішчалі пагалоўе жывёлы не разьбіраючыся. Былі разгромлены тысячы хатніх гаспадарак і шэраг прыбытковых жывёлагадоўцых цэнтраў фэрмэраў, дзе гадаваліся сотні сьвіней. Бачны палітычны напрамак гэтай падрыўной дзейнасьці, мэтай якой ёсьць разбурэньне беларускай сельскай гаспадаркі, ачышчэньне месца для наступу расейскага злачыннага бізнэсу. Нашым працаздольным людзям прамаскоўскі рэжым пакідае толькі адну альтэрнатыву – ехаць у Расею-Сібір, каб працаваць чарнарабочымі на будоўлях і нафтаправодах.

Выступоўцы закранулі таксама міжнародны аспэкт праблемы. Беларусы зьдзіўлены блізарукасьцю эўрапейскай аналітыкі, якая практычна не адрэагавала на ўсталяваньне расейскай ваеннай базы ў беларускай Лідзе. Захад робіць выгляд, што накіраваныя на яго расейскія ракеты і самалёты не ўяўляюць для яго пагрозы. Эўразьвяз працягвае сваю ханжаскую палітыку супрацоўніцтва з агентурнай псэўдаапазыцыяй зь Менску і дэмагогію пра лукашызм, які “дэманструе некаторы прагрэс на шляху дэмакратыі”. Старэйшым людзям гэтае словаблуддзе нагадвае дэмагогію 1930-х гадоў, якая працягвалася да 1 верасьня 1939 года. З гэтага беларускія патрыёты робяць выснову, што трэба нягледзячы ні на што працягваць нацыянальнае змаганьне за вызваленьне.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Усе падзяліліся ўражаньнямі пра рэлігійныя мерапрыемствы ў Будславе на пачатку ліпеня. Дзесяткі тысячаў беларусаў ішлі хросным ходам да знакамітага санктурыя. Перад храмам у Будславе сабраліся на маленьне больш за 150 тысячаў вернікаў. Многіх (асабліва маладых) беларусаў уразілі некаторыя асаблівасьці сёлетняй нацыянальнай пілігрымкі ў Будслаў. На шляху пілігрымаў не было ніводнага нацыянальнага Сьцягу. У Буславе беларусаў сустрэлі шчыльныя кардоны рэжымных міліцыі і амонаў. З перакошанымі ад нянавісьці тварамі гэтыя службы абшуквалі і трэсьлі нават пажылых і інвалідаў. Галоўнай іх мэтай было недапушчэньне беларускай нацыянальнай сымволікі на цырымоніі. Міліцыя кідалася на беларусаў нават тады, калі заўважала на іх маленькія бел-чырвона-белыя значакі. Перад пачаткам цырымоній быў выканананы гімн БССР-РБ, але ніхто з арганізатараў не запрапанаваў засьпяваць нацыянальны, рэлігійны гімн Беларусі “Магутны Божа”. Людзі ўстрывожана пыталіся: а хто распрацаваў сцэнар гэтай дзеі? Калі хрысьціянскі народ будзе пазбаўлены права славіць Хрыста на роднай мове і паводле родных традыцый, без нацыянальнага Сьцягу, то якім будзе лёс хрысьціянства ў Беларусі?

Сойм абмеркаваў таксама тэмы асьветніцкай працы з беларускай моладзю.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

14 ліпеня 2013 г.