Як у Расеі ствараюць пятую калёну для Беларусі

16 июля 2013 г.

Навіны

13 ліпеня летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “У Расеі выхоўваюць латвійскую моладзь у бясплатных лягярох”. Вось гэты артыкул:

Улады Латвіі занепакоіліся. Масква знайшла новы спосаб ўзмацненьня свайго ўплыву – праз бясплатныя маладзёвыя летнікі ў Расеі. Адтуль падлеткі вяртаюцца патрыётамі суседняга гіганта, піша газэта “Lietuvos Rytas”.

“Я была там упершыню і лягер мне вельмі спадабаўся. Мы ўдзельнічалі ў розных трэніроўках і ваенных гульнях.

Напрыклад, я гуляла ў пэйнтбол і ўдзельнічала ў некалькіх конкурсах”, — не хавае радасьці 17-гадовая Яўгэнія Арбузава, выказваючыся на “РенТВ”, што транслюецца ў Расеі.

Цудоўныя ўражаньні, зьмястоўна і весела баўлены час – дзеці вяртаюцца з лягяроў з масай добрых эмоцый.

“Гэты шлях нас непакоіць”, — кажа міністар абароны Латвіі Артс Пабрыкс.

Латвійскія службы бясьпекі таксама мяркуюць, што падлеткі ўдзельнічалі ня толькі ў фізычных трэніроўках, але й у ідэалагічных занятках і дэманстрацыях расейскай ваеннай моцы.

“Лягеры падтрымліваюцца ня толькі расейскім міністэрствам замежных справаў і ўзброенымі сіламі. Далучаны да іх і сакрэтныя службы”, — сьцьвярджае А. Пабрыкс.

У вочы кідаецца падазроная назва

Што праўда, гэтыя лягяры не заваявалі сымпатый усіх расейскамоўных маладых з Латвіі. Але так склалася таму, што іх арганізоўваюць толькі другі год запар.

Летась такі лягер, фінансуемы ўрадам Расеі, быў арганізаваны непадалёк ад межаў з Латвіяй і Беларусьсю – у горадзе Вялікія Лукі Пскоўскай вобласьці.

Лягер называўся “Саюз – спадчыньнік перамогі”. Гэтая назва – алюзія перамогі савецкай арміі над немцамі ў Другой сусьветнай вайне.

Летась у ваенізаваных маладзёвых лягярох у Расеі былі падлеткі ня толькі з Латвіі, але і з Беларусі, Украіны, Арменіі.

Хаця дагэтуль у такіх лягярох бавілі летнія дні толькі каля 20 падлеткаў з Латвіі, палітыка гэтай дзяржавы ў адносінах да іх уяўляе сабой пагрозу для нацыянальнай бясьпекі.

У лягярох вучаць шпіёніць

“На этнічных расейцаў, што пражываюць у Латвіі, у Расеі зьдзяйсьняецца ідэалагічны ціск. У імкненьні прыцягнуць іх на свой бок яны хочуць прамыць ім мозгі. Такім чынам Масква спрабуе ўмацаваць свой уплыў у рэгіёне Балтыі”, — мяркуе А. Пабрыкс.

Паводле міністра абароны, маладых вучаць усхваляць расейскія ўзброеныя сілы і гісторыю Савецкага Саюза.

Акрамя таго, прадстаўнікі расейскай арміі праводзяць для іх лекцыі па шпіёнству.

Па словах А. Пабрыкса, пасьля побыту ў такіх лягярох маладыя вяртаюцца ў Латвію не як патрыёты сваёй радзімы, а як патрыёты Расеі. Палітык упэўнены, Масква такімі сакрэтнымі захадамі спрабуе адарваць Латвію ад Захаду і ўцягнуць у зону свайго ўплыву.

Выдуманая праблема?

Адна з арганізатарак лягяроў Ана Баканач абвяргае абвінавачваньні латышоў. Жанчына, якая працуе ў Маскве, сьцьвярджае, што лягер – гэта міжнародная зьява, мэта якой – паспрыяць знаёмству дзяцей з рознымі культурамі.

“Я разумею, што могуць быць прэтэнзіі што да назвы лягера. Але гэта адзінае, што зьвязана з Савецкім Саюзам.

Была выбрана такая назва, бо удзельнікі лягера прадстаўлялі краіны, якія спрычыніліся да перамогі ў Другой сусьветнай вайне.

Хаця Савецкі Саюз быў гіганцкай супэрдзяржавай, усім відавочна, што ён ня вернецца. І ніхто не спрабуе яго ажывіць”, — зазначыла А. Баканач. („Deutsche Welle”, LR).

lrytas.lt

Пераклаў з летувіскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.lrytas.lt/pasaulis/ivykiai/latvijos-jaunima-rusija-aukleja-nemokamose-stovyklose.htm

Зусім ня важна, як апраўдваюцца і што кажуць арганізатары расейскіх ваенізавана-гэбізаваных летнікаў. Да таго ж, яны ўсяго толькі выканаўцы чарговай маскоўскай праграмы пад траскучым назовам “Русский мир”. Сапраўдныя ідэолагі і кіраўнікі гэтага прамываньня маладых мазгоў застаюцца ў ценю і інтэрв’ю ніколі не дадуць. Бо яны прафэсійна займаюцца “важнай дзярждзейнасьцю” – падрыхтоўкай пятай калёны, якая заўсёды павінна быць гатовай да ўдару ў плечы незалежным дзяржавам. Пачынаюць яны працэс прамываньня даволі сваечасова – з падлеткавага ўзросту, пад шыльдай вясёлай спартовай тусоўкі і бясплатнага рэлаксу.

Найбольш зацікавілі нас згадкі пра моладзь зь Беларусі, якая таксама “тусуецца” у гэтых “русскіх мірках”. “ДэмСМІ” усё круцяць сваю манатонную шарманку пра Лукашэнку ды падобнае (Лукашэнка ў іх галоўны інфармацыйны герой). Не, каб узяць ды напісаць пра гэтыя летнікі, каб паслаць туды сваіх журналістаў. Вось была б карцінка падрыўной дзейнасьці Расеі на прасторах маладзёвай палітыкі. Але на гэта яны ніколі ня пойдуць, ніхто ня хоча рызыкаваць і падстаўляцца, жыцьцё ў гэтых “дэмСМІ” камфортнае і забясьпечанае – круці шарманку. Дзякуй, што ёсьць магчымасьць даведацца пра маскоўскую апрацоўку маладых грамадзянаў Беларусі з балтыйскай прэсы. Так і будзем рабіць далей, шмат чаго даведаемся.

Зразумела, што спэцслужбы балтыйскіх дзяржаваў ня будуць сядзець склаўшы рукі. Яны ўжо прыгледзяцца ўважлівей да паводзінаў выпускнікоў гэтых расейскіх “летнікаў”. Тое самае зробяць і ў вызваленай ад акупацыі Беларусі.

Ян Булыга