Рэзалюцыя па Валынскай трагедыі

16 июля 2013 г.

Навіны

13 ліпеня партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад тытулам “Польшча адмовілася назваць генацыдам забойства 100 тысячаў”. Вось гэты артыкул:

Польскі парлямант сёньня адмовіўся класіфікаваць як генацыд забойства 100 тысячаў палякаў украінскімі нацыяналістамі сем дзесяцігоддзяў таму, каб захаваць добрыя адносіны з Кіевам, зь якім Эўрапейскі Зьвяз вядзе перамовы па вольнаму гандлю.

З 1942 па 1945 гг. члены Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі (УПА) білі да сьмерці польскія ахвяры і тапілі ў калодзежах жанчын, дзяцей і старых у рэгіёне Валынь, што знаходзіцца цяпер на паўночным захадзе Ўкраіны.

Адмысловая рэзалюцыя, падрыхтаваная кансэрватыўнай апазыцыяй, прапанавала класіфікацыю забойстваў як генацыду, але парлямант падтрымаў сёньня больш асьцярожныя фармулёўкі, класіфікуючы забойствы як “этнічную чыстку з прыкметамі генацыду”.

Рэзалюцыя была прынята 263 галасамі з 460 дэпутатаў, пры 33 галасах супраць і 146, што ўстрымаліся.

Польскі міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі абараняў прыняцьце больш мяккага тэксту, каб захаваць сяброўскія адносіны з Кіевам у момант, калі ўкраінскія ўлады спадзяюцца заключыць сёлета важнае пагадненьне аб далучэньні да вольнага гандлю.

“Калі мы зоймем больш цьвёрдую пазыцыю, калі прымем больш радыкальную рэзалюцыю, то паставім пад сумніў эўрапейскую арыентацыю Ўкраіны”, — сказаў ён перад пачаткам галасаваньня.

“Гэты год ёсьць пераломным у гісторыі Ўкраіны”, рашаючым для яе гэапалітычнага становішча, падкрэсьліў Сікорскі.

“Ёсьць сілы, якія хочуць, каб (Україна) пайшла ў іншым накірунку, — сказаў ён, маючы на ўвазе Расейскую Фэдэрацыю і прарасейскіх палітыкаў у Кіеве, якія хацелі б, каб краіна была больш блізкай да Масквы, чым да Брусэлю.

Забойства замоўчвалася ў камуністычную эру (1945-1989), калі ўлады ў Варшаве лічылі прыярытэтам шчыльныя сувязі з Украінай, савецкай рэспублікай да 1991 г.

Яраслаў Качыньскі, кіраўнік польскай партыі нацыяналістычнай апазыцыі Права і Справядлівасьць (PiS) выступаў за тое, каб парляманцкая рэзалюцыя класіфікавала забойствы на Валыні як “генацыд у яго самай чыстай форме”, сказаў ён журналістам у чацьвер.

Галоўнай мэтай УПА было дасягненьне незалежнасьці Ўкраіны праз выгнаньне нацыстоўскіх акупантаў, а потым савецкіх і выгнаньне палякаў з тэрыторый, якія павінны былі стацца ўкраінскімі.

Забойствы справакавалі крывавыя рэпрэсіі з боку польскіх жыхароў, сшыхтаваных у антынацыстоўскай і антысавецкай Арміі Краёвай, якія забілі 20 тысяч украінцаў.

Польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі ўшанаваў памяць мёртвых падчас цырымоній у Варшаве ў 70-ю гадавіну кравапраліцьця.

Пры гэтай нагодзе ён заклікаў абодва бакі “пераадолець цяжкую спадчыну болю ўспамінаў аб тых страшных днях, горкіх днях, якія ўжо прамінулі”.

Ізальціна Падрао

Пераклаў з партугальскай В. Буйвал.

Крыніца: www.dn.pt/inicio/globo/interior.aspx