18 траўня крымскататарскі народ ўшаноўвае памяць сваіх ахвяраў сталінскай Дэпартацыі 1944 года. У гэты дзень сёлета генконсул Расеі ў Акмэсджыдзе (Сімфэропалі) Ул. Андрэеў публічна апраўдаў злачынства расейска-савецкіх акупантаў, падкрэсьліўшы, што ягоная заява адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю сёньняшняй Расеі.
Крымскія татары адэкватна ацанілі агрэсіўную заяву прадстаўніка Крамля на сваёй зямлі і распачалі дэманстрацыі пратэста насупраць будынка генконсульства Расеі ў Акмэсджыдзе. Удзельнікі дэманстрацыі прынялі рэзылюцыю, у якой гаворыцца:
“У даваццатым стагоддзі эўрапейскія краіны выпрабавалі на сябе два магутных таталітарных рэжымы, нацыстоўскі і сталінскі, якія прынесьлі генацыд, парушэньні правоў і свабодаў чалавека, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва.
Галакост, Галадамор, Дэпартацыі, сотні мільёнаў бязьвінна забітых людзей розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў – вынік злачынстваў, зьдзейсьненых фашыстоўскім і камуністычным рэжымамі ХХ стагоддзя. (…)
Адкрытыя і публічныя заявы Генэральнага консула Расейскай Фэдэрацыі ў г. Сімфэропалі сп. Андрэева Уладзіміра апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя рэжымам Сталіна, якія выявіліся ў гвалтоўнай дэпартацыі крымскататарскага і іншых народаў былога СССР з сваіх земляў, масавых рэпрэсіях і забойствах мільёнаў людзей розных нацыянальнасьцяў, зьяўляюцца ня толькі зьнявагай памяці забітых, але і нясуць непасрэдную пагрозу рэстаўрацыі таталітарнага рэжыма, уносяць міжнацыянальную варожасьць і нянавісьць ва ўкраінскае грамадзтва. (…)
Мы, удзельнікі пікета каля Генэральнага консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Сімфэропалі, патрабуем: Ад Прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Пуціна Ул. Ул. неадкладна адклікаць Генэральнага консула Расейскай Фэдэрацыі ў Сімфэропалі сп. Андрэева Уладзіміра. (…) (Канец цытаваньня).
Салідарны выступ крымскататарскіх патрыётаў завяршыўся перамогай. Ужо 24 траўня генконсул Андрэеў сабраў журналістаў і заявіў, што падае ў адстаўку. Зразумела, што гэты дэмарш зроблены на загад маскоўскага начальства, якое зразумела – крымскія татары ня спыняцца на паўдарогі і будуць да канца бараніць свой гонар і сваю народную памяць.
Патрыёты заявілі, што будуць працягваць пікетаваньне генконсульства РФ да моманту, пакуль Андрэеў не пакіне тэрыторыю Крыма.
Крыніца: qtmm.org/новости
Валеры Буйвал