Ліст Зянона Пазьняка: Аб шанаваньні Курапатаў

21 мая 2013 г.

Навіны

Спадарам Ю. Беленькаму, С. Папкову, А. Чахольскаму, В. Нямковічу.

Паважаныя спадары. Пару дзён таму прагучэла чарговая кур’ёзная заява з боку канторскай “дэмакратыі” (спсп. Мілінкевіч, Янукевіч і прымкнулы да іх Някляеў) аб правядзеньні народнага рэфэрэндуму па пытаньні, зьмест якога яны яшчэ ня ведаюць, але думаюць даведацца (рэфэрэндум згодна рэжымнага закону праводзіць рэжым). Ніхто з сур’ёзных людзей не зьбіраецца абмяркоўваць гэтую скамарошую прапанову, тым больш, што са спадарамі заяўнікамі даўно ўжо ўсё зразумела.

Але ёсьць адно “але”. Перад тым гэтыя ж людзі і гэтыя ж групоўкі аб’явілі, што з 25-га траўня па 3-га чэрвеня зьбіраюцца сабраць агульнанацыянальную талаку ў Курапатах, каб навесьці там нейкі свой парадак. На працягу 12-ці гадоў нашай працы ў Курапатах па стварэньні Народнага Мэмарыялу “Курапаты” мы ніколі ня бачылі там гэтых заяўнікаў, ніхто зь іх ня тое што не працаваў там, але нават не засьведчыў падтрымкі добрай справе. Некаторыя з гэтых асобаў былі заўважаныя ў час правакацыі падпалкоўніка Кузьняцова ў Курапатах у мінулым годзе і спробы мэмарыялізацыі там памяці польскіх афіцэраў з часткі катынскага сьпісу, месца пахаваньня якіх на сёньняшні дзень яшчэ ня знойдзена, ня высьветлена і не пацьверджана.

Цяпер гэтыя асобы зьбіраюцца раптам арганізоўваць нейкае мерапрыемства ў Курапатах кшталту лукашысцкага суботніка. Усё гэта выклікае падазрэньні ў сапраўднасьці намераў згаданых асобаў, тым больш, што даверу ім няма. У сувязі з гэтым прасіў бы Камісію Сойму КХП – БНФ па мэмарыялізацыі Курапатаў (сп. А. Чахольскі) і арганізацыю “Хрысьціянская злучнасьць Курапаты” (сп. А. Нямковіч) арганізаваць назіраньне за магчымай працоўнай ініцыятывай гэтых асобаў у час магчымага суботніка ў Курапатах, папярэдне ўзгадніўшы становішча з навуковым кіраўніком ахоўнай зоны Курапатаў сп. М. Кляшторнай і паінфармаваўшы адпаведны аддзел Міністэрства Культуры і Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Такія захады, на мой погляд, трэба зрабіць, бо ёсьць апасеньні, што Нарорднаму Мэмарыялу можа быць нанесена шкода і псаваньне ягонага выгляду.

21 траўня 2013 г. Зянон Пазьняк Старшыня КХП – БНФ і БНФ “Адраджэньне”