Міжнародная Фэдэрацыя па хакею на лёдзе вымушана апраўдвацца і тлумачыцца, лукашыстоўскае начальства і асобы канторскага выгляду з перакошанымі фізіяноміямі бегаюць кругамі і безвынікова спрабуюць запоўніць стадыён у Стакгольме акупанцкімі шматамі. Швэдская моладзь разам з беларускімі патрыётамі стала муром, каб абараніць наш сьвяты Сьцяг. Мільёны людзей ва ўсім сьвеце ўбачылі вялікі Беларускі Сьцяг падчас першай гульні з удзелам зборнай Беларусі па тэлебачаньню. Перамога Сьцяга ёсьць, і гэта самае галоўнае.
Усё астатняе другаснае. Успамінаецца далёкі 1982 год. Першы, самы цяжкі год для Польшчы пасьля ўвядзеньня хунтай Ярузэльскага ваеннага становішча 13 сьнежня 1981 г. У якой бы краіне не былі тады палякі, яны паўсюль нагадвалі народам аб сваім змаганьні і гонары. І дэманстраваць ім гэта было зусім не лягчэй, чым сёньняшнім беларусам. Ва ўсіх краінах на канцэртах з удзелам польскіх артыстаў і музыкантаў, на вэрнісажах польскага мастацтва ў цэнтар падзеяў урывалася група палякаў, разгортвала сьцягі “Салідарнасьці” і гукала: “Zima wasza – wiosna nasza!” (“Зіма ваша – вясна наша!”) – тадышні покліч народнай барацьбы супраць прамаскоўскай хунты. На іх ва ўсіх краінах накідвалася мясцовая паліцыя (ужо папярэджаная пра магчымасьць польскага пратэстнага выступу), адбірала плакаты і выштурхоўвала патрыётаў са сцэны. На чэмпіянаце сьвету па футболу ў Італіі ў 1982 г. польскія заўзятары таксама ўздымалі транспаранты з лёзунгамі “Салідарнасьці”. Нават на экранах тэлевізараў было бачна, як у гэты сэктар стадыёну ляцела італьянская паліцыя і гасіла выступ. Безумоўна, з просьбай аб такой рэакцыі на пратэстныя выступы зьвярталася да ўладаў і Міжнароднай Фэдэрацыі па футболу адміністрацыя хунты Ярузэльскага. Заходнікі тады тлумачыліся, што “у канцэртную праграму і спартовы матч недапушчальна ўмешваць палітыку”. Чыста фармальна яны абапіраліся на статуты міжнародных спартовых мерапрыемстваў і на законы розных дзяржаваў пра захаваньне грамадзкага парадку. Палякі ведалі пра гэта і ведалі, на што йшлі.
Нам цяпер цяжэй і больш крыўдна. Нават прамаскоўскія хунты ніколі не забаранялі ў Польшчы гістарычныя нацыянальна-дзяржаўныя сьцяг і герб. Камуністы толькі зьдзерлі з галавы гэральдычнага белага арла каралеўскую карону. Беларусам жа даводзіцца даказваць, што “чырвона-зялёнае” і “капуста” не зьяўляюцца нашымі нацыянальна-дзяржаўнымі знакамі. А ўсім гэта адразу не растлумачыш. Лукашыстам удалося пераканаць швэдскую адміністрацыю, што наш сьвяты Сьцяг – гэта “палітыка, недапушчальная ў спорце”. На наступныя матчы швэдская паліцыя вялікі Беларускі Сьцяг не дапускае. Але намаганьні дзяжурных лукашыстаў праваліліся – шмат людзей на стадыёне трымаюць у руках меншыя па памерах Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і выяву Пагоні.
Швэды забыліся, як 27 верасьня 1605 года беларускае войска пад камандваньнем Кароля Хадкевіча і пад беларускімі сьцягамі разграміла іх каля Рыгі ў бітве пры Кірхгольме. І гэта быў толькі адзін, галоўны эпізод нашых узаемных ваенных дачыненьняў. Пасьля разгрому Рэчы Паспалітай на доўгія 200 гадоў Беларусь растварылася ў маскоўскай імпэрыі. На Захадзе і паўсюль ведалі амаль выключна Маскву і Расею. Пасьля кароткага інтэрмэца 1991-95 гадоў, калі былі адноўленыя ў правах нашы нацыянальныя сымвалы, настала цемра лукашызма. Цемра дзейнічае актыўна, мае на гэта безьліч сродкаў і каналаў. Кар’еры ў цемры робяцца паводле закону адмоўнага адбору. Трэба засьведчыць сваю пэрсанальную нянавісьць да ўсяго беларускага і тады пойдзеш у гару. І, на вялікі жаль, менавіта гэтыя кар’ерысты афіцыйна прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне. Ня трэба зьдзіўляцца таму, што яны так дзейнічаюць, і таксама таму, што да іх прыслухоўваюцца швэдскія ўлады.
Тым больш каштоўны змагарны подзьвіг беларускіх патрыётаў, якія ўзьнялі ў Стакгольме нашы сьвятыя Сьцягі і заявілі на ўвесь сьвет – Беларусь жыве і будзе жыць! Дзякуй за гэта ім і тым салідарным швэдам, якія падтрымалі нашых патрыётаў.
Сымон Рудзік