3 траўня летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Палітыка ў справе суайчыньнікаў дрэнна ўплывае на бясьпеку Латвіі”. Вось гэты артыкул:
Палітыка ў справе суайчыньнікаў, якую праводзіць Расея, зьдзяйсьняе адмоўны ўплыў на нацыянальную бясьпеку Латвіі – такая выснова зроблена ў справаздачы аб дзейнасьці Паліцыі Бясьпекі ў апошнія гады.
У дакумэнце ўказваецца, што ў сваёй палітыцы ў справе суайчыньнікаў Расея за мінулыя гады зьвяртала асаблівую ўвагу на ўмацаваньне пазыцыі расейскай мовы ў Латвіі, збор подпісаў за аўтаматычнае наданьне грамадзянства Латвіі неграмадзянам і ініцыятывы па арганізацыі выбараў у кангрэс неграмадзянаў, а таксама на актуалізацыю ідэі аўтанамізацыі Латгальскага краю і на спробы падарваць міжнародны аўтарытэт Латвіі, абвінавачваючы Рыгу ў рэцыдывах нацызма.
Паліцыя Бясьпекі, якая зьяўляецца адной з трох асноўных ведамстваў па бясьпецы Латвіі, указвае, што ўвосень летась частка ініцыятараў правядзеньня рэфэрэндума аб прызнаньні расейскай мовы другой дзяржаўнай мовай правялі кампанію пратэста “Неграмадзяне, уперад!”
Гэтая акцыя, як зазначаецца ў справаздачы, была арганізавана ў памкненьні дамагчыся права неграмадзянам галасаваць у мясцовых выбарах самакіраваньня, а таксама ўтварыць такзваны парлямант неграмадзянаў.
У працяг гэтай акцыі пазьней была ўтворана незарэгістраваная арганізацыя “Кангрэс неграмадзянаў”, ініцыятары якой зьяўляюцца прыхільнікамі ідэі рэфэрэндума аб афіцыйным дзьвюхмоўі і аўтаматычнага наданьня грамадзянства неграмадзянам.
Паліцыя бясьпекі таксама зьвяртае ўвагу на тое, што летась пачаў сваю дзейнасьць створаны ў Расеі Фонд падтрымкі і абароны правоў суайчыньнікаў, што жывуць у замежжы. Фонд ставіць задачу фінансаваньня захадаў па ажыцьцяўленьню мэтаў палітыкі ў справе суайчыньнікаў.
(Пераклаў з летувіскай В. Буйвал)
Крыніца: kauno.diena.lt/naujienos/uzsienis/latvijos-sauguma-blogai-veikia-rusijos-tevinainiu-politika-492795
Замест таго, каб забясьпечыць працай, жыльлём, мэдычным і сацыяльным абслугованьнем дзесяткі мільёнаў грамадзянаў Расеі, Масква займаецца “палітыкай суайчыньнікаў” у цывілізаванай эўрапейскай дзяржаве. Зразумела, што начхаць яна хацела на гэтых “суайчыньікаў”. Імпэрыя выкарыстоўвае “дорогіх россіян” (якія ня хочуць вучыць латышскую мову і быць лаяльнымі грамадзянамі Латвіі) як закладнікаў і падбухторшчыкаў. Галоўнае для Масквы – падарваць і аслабіць Латвію, падпарадкаваць і захапіць яе. Адным словам, усё тое, што імпэрыя творыць у Беларусі. Латышскі народ добра разумее небясьпеку. Бачым, што й Паліцыя Бясьпекі добра аналізуе сытуацыю. Гучыць шмат галасоў, якія папікаюць палітычнае кіраўніцтва краіны за непасьлядоўнасьць і нерашучасьць, праяўленыя ў 1991-92 гг. Людзі кажуць, што тады трэба было дапамагчы расейцам рэалізаваць іхныя гуманітарныя, грамадзянскія і культурныя правы – з песьнямі і кветкамі праводзіць іх да мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй. А там – усё, чаго яны прагнуць: удзяржаўленая расейшчына, усё сваё, роднае, выбірай любую кліматычную зону ад Арктыкі да субтропікаў і г.д. Няхораша, негуманна зрабілі 20 гадоў таму ў Латвіі. Гэта ж колькі няшчасных “суайчыньнікаў” вымушаны цяпер перажываць комплексы і няёмкасьці. Проста шкада.
Сымон Рудзік