(01-03.05.2013)
Апусканьне ў цемру Эўропы
1 траўня 2013 г. славацкая газэта “Pravda” напісала пра першамайскую маніфэстацыю ў Парыжы. Лідэр Народнага Фронту Францыі Мары Лё Пэн сказала ў сваім выступе перад людзьмі: “Францыя апынулася без выйсьця ў цемры Эўропы. Мы апускаемся ўніз да абсурднай палітыкі бясконцых захадаў па эканоміі, бо гэта ёсьць пастаяннае, пры ўсіх абставінах падпарадкаваньне Брусэлю і, зразумела, Берліну, а таксама фінансавым магнатам”. Папулярнасьць Народнага Фронту і яго лідэра імкліва расьце ў Францыі.
Наш камэнтар: Зразумела, чаму папулярнасьць фронтаўцаў расьце. Яны кажуць праўду пра залежнасьць вялікай краіны ад брусэльска-берлінскага спрута. Людзі пачынаюць масава прыслухоўвацца да словаў праўды і падтрымліваць аднаўленьне незалежнасьці радзімы.
Алесь Хадасевіч
Хто лепшы “марсіянін?”
1 траўня 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра дзейнасьць нідэрляндскай фірмы “Mars One”. Фірма абяцае, што праз 10 гадоў завязе людзей на Марс і паселіць іх там. З розных краін ужо паступіла 20 тысячаў заяваў на палёт-перасяленьне.
Наш камэнтар: Справа ня ў тым, што многія людзі любяць фантастыку. Некаторыя вераць у яе, як у рэчаіснасьць. Напрыклад, некаторыя дагэтуль вераць, што адновіцца СССР і Лукашэнка верне ім савецкія ўклады. І хто больш фантастычны з гэтых “марсіян”, яшчэ пытаньне.
Алесь Хадасевіч
Непаслухмяная банда
2 траўня 2013 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Найбагацейшы расеец больш верыць у падатковы рай, чым Пуціну”. Найбагацейшы расейскі грамадзянін Усман Алішэраў не паслухаўся закліка Пуціна вярнуць капіталы ў Расею і за апошні час перавёў свае амаль 20 мільярдаў даляраў на выспы, аддаленыя ад Масквы на 9 тысячаў кілёмэтраў. Усман жыве ў Лёндане.
Наш камэнтар: Ня слухаецца банда свайго пахана і ўсё. Ужо і да заходнікаў пачало даходзіць, што ніякі ён у Крамлі не пахан. Там дзейнічаюць іншыя правілы. І гэтыя правілы дазваляюць купцы гангстэраў абрабоўваць мільёны людзей і да таго ж выдаваць гэта за “новую рускую дэмакратыю”. Сярод іншага яны і беларусам навязьліва прапануюць далучацца да іхнай “дэмакратыі”.
Юрка Марозаў
Перамагчы аўганцаў немагчыма
3 траўня 2013 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Павучыцца ў Масквы”. Газэта сьцьвярджае, што нядаўна кіраўніцтва НАТО зьвярнулася ў Маскву з просьбай падзяліцца досьведам, як арганізаваць вывад войскаў з Аўганістану. Заходняя кааліцыя плануе вывесьці войскі ў 2014 г. НАТО на вышэйшым узроўні абвяргае факт такога звароту. Газэта зазначае, што і ў 1989 г. і цяпер уведзеныя ў Аўганістан чужыя войскі не дасягнулі перамогі над ворагам.
Наш камэнтар: А папярэджвалі гісторыкі і ўсходазнаўцы і першых і другіх, каб ня ўводзілі свае войскі ў гэтую краіну. Казалі навукоўцы, што перамагчы аўганцаў немагчыма. Ды іх не паслухалі: маўляў, што разумеюць на ваеннай стратэгіі кабінэтныя істоты, лірыкі ў прафэсарскіх тогах? Мы прапануем таксама пацікавіцца ў беларусазнаўцаў у розных краінах, ці варта ваяваць з беларускім народам. Можа гэтым разам нехта паслухаецца навукова-гістарычных парадаў?
Юрка Марозаў
Самавызначэньне патрабуе абароны
3 траўня 2013 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла пра адкрыцьцё выставы “Мы – народ” у доме ўрада ў Рызе. На вэрнісажы выступіў прэм’ер-міністар Латвіі Валдзіс Дамброўскіс. Ён сказаў у прамове: “Калі ў вольнай Латвіі вырасла новае пакаленьне, важна не забывацца, што права нашай дзяржавы на самавызначэньне ня ёсьць чымсьці, што само сабой зразумела або гарантавана. Таму кожнаму трэба быць моцным, заступацца за сваю дзяржаву. Наколькі мы будзем моцнымі ў абароне і разьвіцьці нашых мовы, культуры, традыцый і тоеснасьці, настолькі будзе моцнай наша дзяржава”.
Наш камэнтар: Словы сапраўднага дзяржаўнага дзеяча. Асаблівую актуальнасьць яны набываюць ва ўмовах актывізацыі маскоўскага імпэрскага наступу і антыдзяржаўнай дзейнасьці мясцовай маскоўшчыны супраць латвійскай дзяржавы і нацыянальнай культуры і мовы.
Алесь Хадасевіч
Гадзюшнік у Аўстрыі
3 траўня 2013 г. румынская газэта “Adevarul” паведаміла з Вены. Валянцін Юмашаў, колішні начальнік канцылярыі Барыса Ельцына, і ягоная жонка Тацьцяна, дачка Ельцына, атрымалі грамадзянства Аўстрыі ў прысьпешаным парадку. Юмашаў прадстаўляе ў Вене алюмініевы канцэрн вядомага Дзярыпаскі і іншыя фірмы. У аўстрыйскіх СМІ ўшчаўся шум наконт гэтага эпізода. Аўстрыйцы папікаюць улады за тэрміновае наданьне грамадзянства гэтым асобам, калі паводле правілаў, трэба чакаць гэтага шэраг гадоў. Шмат асобаў, наўпрост зьвязаных з Крамлём, пасяліліся ў Аўстрыі.
Наш камэнтар: Віншуем Аўстрыю з утварэньнем на яе тэрыторыі крамлёўскага блатнога гадзюшніка. Цікава пачытаць, як вышэйшыя прадстаўнікі маскоўскай мафіі прапісваюцца падалей ад Масквы ў прысьпешанай працэдуры. І што б гэта значыла?
Алесь Хадасевіч