Масква – камуна-нацыстоўскі першамай

7 мая 2013 г.

Навіны

Эх, як “велічаво” было раней, пры Хрушчове-Брэжневе! Першага мая па Маскве ехалі танкі і ракеты, маршыравалі шыхты войскаў, за імі арганізаваныя натоўпы “трудяшчіхся”. З вяршыні маўзалея на парад імпэрыі задаволена глядзела вышэйшае імпэрскае начальства. Яно нагадвала ўсяму сьвету, што іх зь іхнымі ракетамі і натоўпамі трэба баяцца і паважаць. Першамай у Маскве і па ўсёй імпэрыі даўно здрабнеў, здзьмуўся, неяк змарнеў да непазнавальнасьці. І на маўзалей ніхто ўжо даўно не падымаецца. Усё вырашаецца кулуарна і ў вузкім коле. Паўстае, аднак, пытаньне, ці можна не баяцца ўжо гэтай абкарнанай з бакоў імпэрскай махіны і яе парадзелых шыхтоў?

Першамайскія мерапрыемствы цяпер не канцэнтруюцца ў адным месцы, яны рассыпаны па розных праспэктах Масквы і іншых гарадоў. Колькасьць удзельнікаў на парадкі меншая, назіраецца нават пэўны “плюралізм” фарбаў і лёзунгаў. І выглядае ўсё нават неяк “нэўтральна”, нібыта без прысутнасьці крамлёўска-лубянскага афіцыёзу: пралетарыі гуляюць самы па сабе і ўсё. Разглядаючы фотаздымкі з першамайскіх дэманстрацый у Маскве, прыходзіш да высновы, што усе гэтыя першамайскія фрагмэнты можна было б спакойна сабраць разам, у адну кампазыцыю імпэрскай настальгіі і імпэрскага імпэту. Ну, чым уласна адрозьніваюцца малойцы розных калібраў у чорным з нацыстоўскімі расцяжкамі ад рознаўзроставых асобаў з партрэтамі Сталіна і гуканьнем пра СССР? Ды нічым. Абое рабое – Масква, імпэрыя.

Зразумела, што штучны сцэнар распрацаваны не Зюганавым і не сучаснымі бацькамі-махно. Крамлёўскі гэбізм нібыта аддаляецца ў цень і дае магчымасьць праявіцца “народнай ініцыятыве”. А яна вунь якая агрэсіўная і непрывабная! Лакальная драбяза дэманстрацый таксама закладзена ў сцэнічны план. Маўляў, іх такіх ня шмат, і мы з Крамля-Лубянкі трымаем гэтых маргіналаў пад кантролем. У нас жа дэмакратыя, няхай пройдуцца, пакрычаць. Мы адыхода ад дэмакратыі ў сталінізм або нацызм не дапусьцім.

Усё б выглядала лагічна і прыгожа, каб спэктакль не арганізоўвала б сама афіцыёзная кантора. Яна паказвае гораду і сьвету, што зьяўляецца сапраўднай альтэрнатывай чырвоным і чорным, што яна талеруе іх, але не дазволіць ім зарывацца і распярэзвацца. Сцэнар гэты мабыць пераканаў бы наіўнячкоў на Захадзе або якіх-небудзь малодшых школьнікаў. Але далёка ня ўсіх, бо і на Захадзе многія навучыліся разлушчваць маскоўскія тэатральныя сцэнары, і школьнікі цяпер кемлівыя.

На пытаньне аб баязьлівасьці народы павінны знайсьці адэкватны адказ. Калаціцца ад страху ня трэба, а вось разумець небясьпеку гэтай фальшывай ушчэнт імпэрскай сістэмы жыцьцёва неабходна. Расслабляцца нельга, пускаць яе на сваю нацыянальна-дзяржаўную тэрыторыю супрацьпаказана. Гэта ёсьць глыбака і невылечна хворы дзяржаўны арганізм з прыкметамі псіхічных паталогій. Нават некаторыя расейцы ўжо здагадаліся аб гэтым. Яны ўбачылі, што зьяўляюцца першай масавай ахвярай гэтага кашмара. Але іншым народам ад гэтага не лягчэй.

Павел Гулевіч