Няма мяжы з Маскоўшчынай, а ён страшыць, што будзе страляць

27 апреля 2013 г.

Навіны

19 красавіка летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “А. Лукашэнка папярэдзіў, каб не спрабавалі прарвацца праз беларускую мяжу”. Вось гэты артыкул:

Беларускія памежнікі будуць прымяняць зброю, калі будуць спробы прарвацца праз дзяржаўную мяжу. Гэта ў пятніцу ў Менску заявіў прэзыдэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, зачытваючы штогадовы зварот да беларускага народу і парляманту, як паведаміла РІА-Новості.

Колькі месяцаў таму грамадзянін Нямеччыны расейскага паходжаньня ехаў з Польшчы і пратараніў шлагбаўм на кантрольным пастарунку, уехаў у Беларусь і ўцёк. Праз колькі дзён яго злавілі і аддалі пад суд.

“Крый Божа якому-небудзь шарлатану праехаць праз нашу мяжу, як нож у масла, будзеце самы вінаватыя”, — заявіў Лукашэнка, зьвяртаючыся да памежнікаў.

Ён таксама папярэдзіў патэнцыйных парушальнікаў аб магчымых наступствах. Памежнікі будуць прымяняць зброю і ў выпадку малейшага непадпарадкаваньня. Мяжа – не плот”, — падкрэсьліў А. Лукашэнка.

ELTA i lrytas.lt inf.

(Пераклаў з летувіскай В. Буйвал)

Крыніца: www.lrytas.lt/pasaulis/ivykiai/a-lukasenka-ispejo-nemeginti-prasiverzti-per-baltarusijos-siena.html

Кур’ёзны часам занятак – чытаньне газэт суседняй краіны, асабліва на беларускую тэму. Яны, аказваецца, карыстаюцца пры падачы паведамленьняў зь недалёкага Менску інфармацыйнымі падачкамі, што распаўсюджвае расейская агенцыя РІА-Новості. Сваіх крыніц у іх няма. Яны паўтараюць за маскоўскай агенцыяй пра Лукашэнку-прэзыдэнта, мабыць, не здагадваючыся, што ён узурпатар прэзыдэнцкай улады. Яны паўтараюць тэарэтызаваньні галоўнага начальніка рэжыму пра “граніца на замке!” і “стой, страляць буду!”

На мяжы з цывілізаванымі суседзямі Беларусі сапраўды ахова наладжана. Ёсьць і дрот, і паласа, і пастарунковыя з сабакамі. А вось з маскоўскай імпэрыяй мяжы няма, няма і ўсё. А менавіта адтуль у Беларусь сьцякаецца ўсялякае гнюснасьць і небясьпека, наркотыкі, наёмныя забойцы, злачынцы розных масьцяў. На месцы мяжы з агрэсіўнай гэбоўскай імпэрыяй – прорва. Але пра гэта не напіша летувіская газэта, бо пра гэта ніколі не паведаміць ёй маскоўская агенцыя.

Мы часам зьдзіўляемся падстаўной і фальшывай мясцовай “дэмжурналістыцы”. Але вось вам узровень рэпарцёрства ў суседняй краіне. Улетку 1940-га маскоўскія агенцыі таксама былі паведамілі ім, што “савецкая армія выйшла на спацыр”. Яны мабыць паверылі Маскве, а тая за паўдня заняла ім іхную дзяржаву на наступныя дзесяціцгоддзі. Скарэктаваных навінаў пра “спацыр” не было ўжо каму паведамляць у летувіскае грамадзтва. Бо разам з дзяржавай была ліквідавана і дэмжурналістыка…

Ян Булыга