- (10.02. — 11.02.2013)*
Блюзьнераць, бо можна
10 лютага 2013 г. славацкая газэта “SME” напісала пра выступ у парляманце Чэхіі камуністычнага дэпутата Грабэнічка. Камуніст заявіў, што самаспаленьне студэнта Яна Палаха ў 1969 годзе ў Празе не было сымвалам супраціву камуністычнаму таталітарызму. Мілаш Чэрняк адказаў камуністу: “Калі камуніст Грабэнічак сёньня ў парляманце кажа, што такім сымвалам Палах ня быў, то гэта ня толькі бясконцае нахабства, але і фактычная няпраўда. Грабэнічак, аднак, ня робіць нічога новага. Ён працягвае рабіць тое, што як камуніст рабіў і казаў да 1989 года”.
Наш камэнтар: Блюзьнерскія выступы і дзеяньні супраць памяці герояў і ахвяраў народнага змаганьня адбываюцца час ад часу ва ўсіх, нават у дэмакратычных краінах. У дэмакратычных краінах аўтараў блюзьнерскіх выступаў ахоўвае закон (“свабода слова”). Вось камуністы і вырабляюцца ў парляманце. Гэта ёсьць лекцыя для беларусаў. Нельга дапускаць у парлямант асобаў, якія блюзьнерылі супраць нацыянальных сьвятыняў і служылі акупацыйнаму рэжыму. Нельга дапускаць іх у публічнае жыцьцё. Калі яны будуць спрабаваць рэанімаваць сваё антыбеларускае блюзьнерства, то іх павінна чакаць крымінальная адказнасьць і адпаведная рэакцыя вызваленага з-пад акупацыі грамадзтва. Хаця ў Беларусі мярзотныя выступы ў наш час робяць ня толькі камуністы. Успомніць хаця б канторскую даму з псэўдаапазыцыі – мадам Гразнову. Яна сярод іншага спрабавала на старонках газэты “Нар. Воля” збэсьціць памяць памерлай сьветлай змагаркі нашага народу Веры Церлюкевіч. Што робяць цяпер вакол імя Кастуся Каліноўскага розныя “кнігавыдаўцы”-хурсікі, мы выразна бачым. Беларусы ўжо нічога не забудуць і нічога не даруюць. Гэта, відаць так і будзе.
Юрка Марозаў
Яны ня ввыступілі ў абарону беларускай праўды
10 лютага 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра дыскусію над новым мастацкім фільмам на гістарычную тэматыку. На экраны павінен выйсьці фільм “Таямніца Вэстэрплятэ” пра пачатак ІІ Сусьветнай вайны і абарону польскімі вайскоўцамі пазыцыі каля Гданьска ад магутных нямецкіх сілаў. Вядомы актор Міраслаў Бака з хваляваньнем разважае пра авантурны характар вобразнага рашэньня гэтага фільма. На яго думку, аўтары фільма зьнеслаўляюць добрае імя камандзёра абароны маёра Генрыка Сухарскага. Маўляў, ён напалохаўся і быў ня здольны камандаваць, ляжаў непрытомны і зь яго вуснаў цякла пена. Сьцьвярджаецца нават, што ён быў гомасэксуалістам і так рэагаваў на гібель свайго такога самага партнёра. Актор Бака нагадвае зласьліўцам, што Генрык Сухарскі ніколі ня быў палахліўцам. Падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 г. ён павёў свой аддзел у штыкавую атаку і спрычыніўся да разгрому бальшавікага наступу. Падчас І Сусьветнай вайны Сухарскі служыў у Аўстра-Вугорскім войску ў Італіі, дзе захварэў малярыяй. У 1939 г. пад узьдзеяньнем стрэсу ён мог перажыць вяртаньне прыступу гэтай цяжкой хваробы. Герой вайны Сухарскі памёр у 1946 годзе, праз кароткі час пасьля вызваленьня з фашыстоўскага канцлягеру і таму ня можа абараніць сябе.
Наш камэнтар: Нават у Польшчы знаходзяцца спэцы ад “разьвянчаньня”. Яны ўсё шукаюць нечага смажанага ў нацыянальнай гісторыі і выдаюць свае “сэнсацыі” (хоць справа тут у банальнай прапагандзе якога-небудзь збачэнства). Але палякам ня сьнілася тое, што робіцца ў кінематографе ў нашай акупаванай краіне (язык не паварочваецца назваць зьяву “беларускім кінематографам”). Існуе ўжо цэлая анталогія груба зьляпаных на “Беларусьфільме” “русскоязычных” фальшывак пра нашую гісторыю і культуру, кшталту “Павлинка-NEW” або “Анастасія Слуцкая”, і мыльных бурбалак, кшталту “Я, Франциск Скорина”. Шэдэўрамі абвешчаны брудныя гэбоўскія кінаартэфакты пра дзеячаў БНР і сэрыял “пра нязгоду савецкіх людзей з БНФ”. На жаль, трэба канстатаваць, што вядомыя беларускія акторы ў асноўным ня выступілі ў абарону гістарычнай праўды і добрага імя нашых дзеячаў. Пэўна, дасьведчанасьці не хапае, а можа культуры. Бярыце прыклад з польскіх калег.
Алесь Хадасевіч
Шатляндыя дбае пра незалежную будучыню
11 лютага 2013 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла з Лёндана. Прэм’ер Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран выступіў з прамовай, у якой заклікаў шатляндцаў адмовіцца ад патрабаваньня незалежнасьці. Ён сказаў, што цяперашняя сытуацыя значна больш карысная як для Шатляндыі, так і для Саюзнага Каралеўства.
Наш камэнтар: Словы, аргумэнтацыя, паводзіны імпэрскага чыноўніка проста гарбачоўскія. Тое ж самае і так жа сама даказваў крамлёўскі “рэфарматар” народам, якія вырашылі пазбавіцца ад маскоўскай удаўкі. Шатляндыя доўга супраціўлялася каланіяльнай навале магутнага ангельскага суседа. Шатляндскае войска і народнае рушаньне ня раз грамілі пыхлівых ангельскіх рыцараў і гналі іх з сваёй зямлі. Толькі здрада каралеўскай эліты ў 16-м стагоддзі прывяла да згубы дзяржаўнай незалежнасьці Шатляндыі. Сыну Марыі Сьцюарт захацелася пацараваць на брытанскім стальцы і ён аддаў радзіму пад уладу акупантаў. Кожнае пакаленьне шатляндскага народу мела сваё паўстаньне супраць брытанскіх акупантаў. Апошні раз народ узьняўся на змаганьне ў 1746 годзе. Пасьля разгрома паўстаньня ангельцы зрабілі тое, што робяць цяпер маскоўскія акупанты на нашай зямлі – здушэньне мовы, культуры і традыцыі. Былі забаронены шатляндская музыка, дуда, танцы, нацыянальныя строі (спадніца-кілт), шатляндская мова. Яшчэ ў сярэдзіне 19-га ст. акупанты грамілі сялянскія сядзібы, выганялі насельніцтва і займалі землі. Забарона ўсяго нацыянальнага пратрымалася, аднак, толькі да пачатку 19-га ст. Каб шатляндскія палкі ішлі ваяваць за імпэрыю, Лёндан вымушаны быў дазволіць кілт і дуду. Але разгром нацыянальнай мовы і традыцыйнай гаспадаркі быў амаль поўным. Шатляндыя зьнікла з карты Эўропы і панесла незьлічоныя матэрыяльныя і чалавечыя страты ў імпэрскіх авантурах і драмах. І ў наш час Лёндан давёў краіну да крызісу. Моладзь уцякае з радзімы, выязджае ў Амэрыку, каб зарабіць на жыцьцё і жыць у дастатку. Адна з актуальных праблем – адсутнасьць настаўнікаў у шатляндскіх школах і іншых дзіцячых установах. Любы жадаючы з Эўразьвязу можа ўладкавацца на гэтых працоўных месцах (на якія масава паехалі маладыя палякі і іншыя). Дастаткова крыху ведаць ангельшчыну і цябе ўжо бяруць у настаўнікі. Мяркуем, што такі маразматычны стан сістэмы адукацыі магчымы толькі таму, што адукацыя вядзецца не на роднай, а на чужой, імпэрскай мове. І вось абуджаецца змагарны дух нацыі. Нацыянальны авангард вядзе народ па шляху адраджэньня. У Лёндане замітусіліся, пачалі гукаць аб тым, як яны любяць і шануюць шатляндцаў. Ды ня выйдзе надурыць людзей, якія бароняць сваё, сьвятое, роднае.
Алесь Хадасевіч
Агентура РПЦ уладкоўваецца ў Іспаніі
11 лютага 2013 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра адкрыцьцё ў Іспаніі першай царквы РПЦ. Высьвячаць яе ў Мадрыд прыязджаў з Парыжа біскуп Нэстар Карсуньскі са сьвітай. Настаяцель царквы Кардошкін сказаў газэце, што сюды будуць хадзіць ня толькі расейцы, але і ўкраінцы, якіх у Іспаніі палова з ліку праваслаўных. Газэта ў рамках тэмы згадала таксама, што расейцы актыўна скупляюць нерухомасьць і жыльлё. У гэтым яны апошнімі гадамі занялі трэцяе месца пасьля ангельцаў і французаў. Артыкул называецца “Сардэчна запрашаем, Попов!”
Наш камэнтар: Чытаецца тэкст, як кур’ёзны фэльетон. Журналіст нават ведае, што “Попов” вынікае з рускага “попа”. Вось які адукаваны русіст. Гэтым “русістам” і ўсяму насельніцтву пірэнэйскага каралеўства трэба было б нагадаць аб нечым. Па-першае, у мадрыдскі будынак РПЦ бальшыня ўкраінцаў ня пойдзе. Таму што многія зь іх католікі (пра гэта Кардошкін-Попов не згадаў іспанцам). А многія астатнія ня лічаць РПЦ царквой і на радзіме моляцца па-украінску ў сваіх украінскіх храмах. Па-другое, зьдзіўляе эйфарычная рэакцыя іспанцаў на актыўнасьць расейскага бандыцкага капітала, які атабарваецца ў краіне. Яны яшчэ “попляшут” ад гэтых “поповых”. Па-трэцяе, складваецца ўражаньне, што такія рэкламна-эйфарычныя артыкулы ў буйных іспанскіх СМІ шчодра аплочаны Масквой. Таму што насельніцтва Іспаніі ўжо даўно разабралася, што такое ёсьць расейская мафія і расейскі охлас, якія ўжо шмат бяды натварылі ў цывілізаванай краіне.
Юрка Марозаў
Узяліся за Гізі
11 лютага 2013 г. летувіская газэта “Respublika” паведаміла, што ў Нямеччыне распачата сьледства над парлямантарам Грэгарам Гізі. Гізі на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў узначальвае левую фракцыю ў парляманце Нямеччыны. Сьледства вядзецца на прадмет ягонай сувязі з спэцслужбай ГДР Штазі. Працуючы ў часы ГДР адвакатам, Гізі здаваў інфармацыю пра сваіх кліентаў у Штазі. Гізі запярэчвае абвінавачваньням.
Наш камэнтар: Урэшце ўзяліся за непатапляльнага і вечна бадзёрага левака Гізі. Рана ці позна праўда аб дзейнасьці стукачоў і сексотаў розных калібраў раскрываецца. У вызваленай Беларусі таксама будзе раскрыта праўда пра дзейнасьць псэўдаапазыцыйных дзеячыкаў і іхную сувязь з “славнымі органамі”.
Юрка Марозаў
Брудная вайна за чужыя інтарэсы
11 лютага 2013 г. латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Забытая вайна. Латышы на Аўганскай вайне (1979-1989)”. Гэта ўспаміны латышоў, якія былі не па сваёй волі пасланы ў складзе савецкай арміі ў Аўганістан. Зьбіральнік успамінаў Оскрас Крыгэрс напісаў у прадмове: “Цяпер гэта забытая старонка гісторыі, якая прагорнута і на якую ніхто, практычна, не вяртаецца”.
Наш камэнтар: Трэба пагадзіцца з аўтарам анталогіі, што памятаць трэба ўсё і вяртацца да ўсіх старонак народнай гісторыі. Але і з успамінаў латышоў-“аўганцаў” і з уражаньняў беларусаў, якія наведваюць Латвію, вынікае, што ў нашых краінах рознае стаўленьне да гэтай вайны і формы памяці іншыя. Латышы не дадумаліся б усталёўваць каля ваенкаматаў сваёй нацыянальнай арміі танкеткі ды іншую мілітарную мішуру з расейскімі надпісамі пра “интернациональный долг” (няма і ня можа быць у беларусаў “долга” перад Масквой). Клубы і асацыяцыі латышскіх вэтэранаў узброеных канфліктаў нідзе ў Латвіі не ператварыліся ў рупары маскоўскага мілітарызма і рэваншызма (як мы назіраем у “аўганскіх” арганізацыях у Беларусі). Кіруюць гэтымі працэсамі гэбоўскія антыбеларускія структуры. Для латышоў “Аўган” – гэта чужая вайна за чужыя інтарэсы, акт нацыянальнай драмы часоў маскоўскай акупацыі. Павінна і ў Беларусі настаць адэкватнае асэнсаваньне тых падзеяў. Але, на жаль, у нашай краіне даводзіцца чакаць у бліжэйшыя дні разгортваньня чарговага акту акупанцкай гэбельсаўшчыны ў сувязі з 24-й гадавінай вываду савецкай арміі з Аўганістану.
Юрка Марозаў