Мэдаль лукашыстам ад лібэралістаў

15 февраля 2013 г.

Навіны

У сярэдзіне лютага лібэралы-праваабаронцы Паўночнай Эўропы зноў “баранілі правы беларусаў”. Бярэм гэта ў двукосьсе, таму што ўся дзея мае прыкметы нечага несапраўднага, а дакладней прафанацыі. 10 лютага (як паведамілі “дэмСМІ” РБ) у амбасаду РБ ў Гаазе зьявіліся два вышэйшыя прадстаўнікі ў Нідэрляндах вядомай міжнароднай арганізацыі Amnisty International. Яны завіталі да пасла лукашыстоўскага рэжыму ў гэтай краіне, пагаварылі зь ім пра правы чалавека. А потым уручылі яму невялічкі залаты прадмет круглай формы, кіпу падпісных лістоў і пэўную суму грошай у эўра. На залатым прадмеце – выява А. Бяляцкага і дэвіз аб тым, што яго трэба вызваліць. Тут нагадаем, што Эмнісьці Інтэрнейшнл – гэта тая структура, якая з падачы “Вясны” А. Бяляцкага паведаміла ўсяму сьвету ў лютым 2012 г. адну інфармацыю. А менавіта: што герой-фронтавец, паплечнік Зянона Пазьняка, чалавек Сьцяга Сяргей Каваленка не зьяўляецца вязьнем сумленьня і што яны яго абараняць ня будуць. Фронтаўцы (ведаючы падвойныя стандарты гэтай заходняй публікі) тады сказалі: “Што ж, ня будуць дык ня будуць. Мы самы абаронім. І ў сьвеце яшчэ людзі знойдуцца, якія разумеюць, што Сяргей Каваленка не хуліган або крымінальнік…”

Але мы працягваем пераказ падзеі ў Гаазе. Аказалася, што Эмнісьці Інтэрнэшнл некалькі месяцаў зьбірала ў Нідэрляндах подпісы за вызваленьне “сапраўднага вязьня сумленьня” А. Бяляцкага, а таксама грошы. Сабралі (як яны сказалі) па 1 цэнту з чалавека-падпісанта. Атрымалася пэўная сума, якую яны і перадалі ў рукі прадстаўніку лукашызма ў Нідэрляндах. Маўляў, няхай ён выкарыстае гэтую суму на вызваленьне. (Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/24898134.html).

Цікава, што ж гэта было такое? Хабар рэжымнаму прадстаўніку? Дык ішлося пра некалькі сотняў эўра, такіх хабараў паслам не бывае. Падкупіць ахову турмы таксама ня хопіць.

Цяпер пра залаты прадмет. “ДэмСМІ” РБ упарта называюць яго “манэтай”. Нагадаем, што манэта – гэта грашовы сродак, на якім абавязкава пазначаны намінал. Напрыклад, было б напісана “3 капейкі” або “10 рублёў”. Намінала на круглячку з Бяляцкім не было. Такі прадмет у гэтым выпадку назваецца “мэдалём”. Паўстае пытаньне: чаму Эмнісьці Інтэрнэшнл уручыла галоўнаму лукашысту ў Нідэрляндах залаты мэдаль? За які подзьвіг?

Уся дзея мае стылёвыя прыкметы тэатру-абсурда. Мы прыгадваем, што гэта ня першы акт абсурда ў рамках тэмы “беларускай дэмакратыі” на Захадзе. Самым яркім такім актам быў вядомы “дэсант плюшавых мядзьведзікаў” на нашу тэрыторыю з швэдскага самалёта. Дагэтуль з гэтых цацак на Захадзе і ў Беларусі падстаўныя і няшчырыя спрабуюць зрабіць сымваль “беларускай дэмакратыі” і замяніць ім Пагоню і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Нічога ў іх, аднак, не атрымліваецца. Людзі з гэтага сьмяюцца. Падобна, што арганізатары акцыяў гэтага менавіта і хацелі – выставіць беларускую тэму ў гумарыстычным і прафанатарскім сьвятле. Ім гэта ўдалося. І ў шэрагу іншых эпізодаў таксама. Напрыклад, з Н. Радзінай, якая “мужна ўцякла з-пад дагляду кобрыньскага КГБ”. А потым французкая газэта раптам распавяла, што яе ў эміграцыю на Захад выпраўлялі вышэйшыя начальнікі крамлёўскай адміністрацыі. Усе пыталіся тады: “І чаму яны здалі Радзіну?”

Пакуль не да канца зразумела, наколькі самастойнымі ёсьць згаданыя акцыі заходніх дабрадзеяў ад “правоў чалавека” і іх выканаўцаў. Мы мяркуем, што яны несамастойныя і дзейнічаюць паводле маскоўскага праекта. Мэтай гэтага праекта ёсьць агульная прафанацыя любых праяваў нерэжымнай (або “апазыцыйнай”) дзейнасьці ў Беларусі. Зь беларусаў (любых: і лукашыстаў і нелукашыстаў) людзі ў сьвеце павінны сьмяяцца і сур’ёзна іх не ўспрымаць: “Белараша – гэта сьмешна…”. Паспрабуй пасьля гэтага весьці сур’ёзныя размовы з людзьмі на Захадзе. Толькі скажаш пару словаў пра нашу народную бяду, пра фронтаўскае змаганьне, а яны ўжо пачынаюць сьмяяцца і гукаць: “Ага, плюшавыя мядзьведзікі!..” Цяпер некалькі словаў пра тых, хто апынуўся ў цэнтры гэтых лібэральных прафанацый. Увогуле гэтая, так званая справа А. Бяляцкага, зьвязаная зь нячыстымі грашыма і моцна сьмярдзіць. А. Бяляцкага здалі лукашыстоўскаму рэжыму пракуратуры Польшчы і Летувы. Цяпер у гэтых і іншых краінах яго сям’я рэгулярна атрымлівае ганаровыя прэміі на ягонае імя. Вось і ў Гаазе залаты мэдаль паслу лукашызма ўручылі. Мы ня памятаем выпадку ў сучаснай гісторыі, каб шанаваныя афіцыйныя структуры спачатку здавалі асобу за махінацыі, а потым арганізоўвалі яе завочны трыюмф і патрабавалі яе вызваленьня. Падобнае прыпамінаецца толькі ў творах Кафкі, Далі і падобных. Абсурдны трыюмф і абсурдныя акцыі дзеля вызваленьня павінны выклікаць трывожныя думкі ва ўсіх нераўнадушных людзей. З усяго вынікае, што гэтыя дзеячы і структуры і ня хочуць па-сапраўднаму, каб іхны падапечны А. Бяляцкі быў вызвалены. Калі б яны хацелі, то так не рабілі б. Абсурду б не было.

Намаганьнямі фронтаўцаў і шчырых сяброў Беларусі за мяжой ўсё ж удалося дамагчыся вызваленьня Сяргея Каваленкі, таму што дзейнічалі зусім інакш, без абсурда. А вось наконт лёсу шэрагу іншых асобаў (вызваленых і невызваленых) узьнікаюць рытарычныя пытаньні.

Янка Базыль