ЛОГІКА АКУПАЦЫІ

15 лютага 2013 г.

Навіны

З Віцебскай вобласьці паступае інфармацыя пра лакальнае нашэсьце на нашыя прадпрыемствы дрэваапрацоўкі і лясгасы. Актыўнасьць расейскіх бізнэсова-мафійных структураў не выпадковая. Стала вядома, што ў памежнай Пскоўшчыне Масква распачынае пабудову вялікага дрэваапрацоўчага камбіната з удзелам замежнага капіталу пад вывескай знакамітай мэблявай фірмы IKEA. Заходнікі разлічваюць, што выйграюць на нізкай аплаце працоўных людзей і нізкіх коштах драўніны. Таму яны і выбралі для свайго камбіната Расею. Але ёсьць у гэтым пэўная, як казаў Ельцын, “загогуліна”. У Расеі ў цэлым і на Пскоўшчыне ў прыватнасьці мясцовы люд вымірае, сьпіваецца і дэмаралізуецца. Прафэсійных спэцыялістаў і цьвярозых людзей проста не засталося. Менавіта таму арганізатары камбіната падаліся ў суседнюю Беларусь. Яны зьбіраюцца рабіць тут лесанарыхтоўкі (высякаць наш лес) і забіраць на Пскоўшчыну нашых рабочых і інжынэраў (высяляць з радзімы людзей).

Паўстае яшчэ адна “загогуліна”. Калі так, то чаму заходнікі не падаліся ў Беларусь наўпрасткі і не зьбіраюцца разбудоўваць свой бізнэс тут? Ня трэба было б нікога і нішто нікуды перавозіць-перасяляць. Рабі сабе мэблю ды плаці падаткі ў бюджэт Беларусі. Знайшлі б працу сотні беларускіх сем’яў і дзяржаве было б добра. Так яно й атрымліваецца паводле фармальнай логікі. Аднак, ёсьць такое паняцьце, як логіка акупацыі. Расейскі акупант выкарыстоўвае сваё становішча для разбурэньня прамысловасьці і бізнэсу ў Беларусі, для аслабленьня нашай краіны. Масква не дае разьвівацца ўсім галінам беларускай народнай гаспадаркі і груба абрывае любыя магчымасьці міжнароднага супрацоўніцтва, выгаднага для Беларусі. Тым больш, што ў выпадку з пскоўскай ІКЕА ўсе “адкаты”, хабары і мафійныя выплаты ад заходнікаў паступілі і будуць рэгулярна паступаць у будучыні непасрэдна гаспадарам авантуры – расейскім мафійным дзялкам і дзяржадміністрацыі (што адно і тое ж).

Маскоўская банда будзе толькі наносіць шкоду Беларусі: разбураць экалогію, падрываць сацыяльны лад, адным словам, выкарыстоўваць нашу краіну як сваю калонію. Можа лукашыстоўская “дзяржадміністрацыя” выступіла з пратэстам або заявіла, што не дапусьціць гэтай трансакцыі? Не, яны як заўсёды “за”, прычым двума рукамі. Па-першае, павінна быць васальная дысцыпліна, трэба рабіць сабачую стойку на крык з Масквы. Па-другое, нешта перападзе з маскоўскага стала ў працэсе разрабаваньня нашых нацыянальных прыродных і чалавечых рэсурсаў. Ужо падключыліся паралельныя структуры, якія афармляюць васальную здзелку і легалізуюць яе. Стала вядома, што афіцыйныя прафсаюзы Расеі і лукашыстоўскі “прафсаюз” ФПБ ужо зьвярнуліся да Лукашэнкі з просьбай адмяніць указ пра забарону вывозіць з нашай краіны работнікаў дрэваапрацоўчай прамысловасьці. На “просьбу трудяшчіхся” рэжымны начальнік, зразумела, адменіць сваю забарону.

Цікава ў гэтай гісторыі таксама й тое, што сваю антыбеларускую авантуру акупанты пракручваюць менавіта на Віцебшчыне, у Гомель або Магілеў яны не імкнуцца. Яны ўсё пралічылі. Будуць цяпер эксплуатаваць нашы чыстыя землі. Ім ня хочацца лезьці ў атручаныя радыяцыяй раёны Беларусі. Яны пакідаюць іх выключна нам.

Пакуль існуе акупацыйны васальны рэжым, датуль будзе існаваць і акупацыйная васальная логіка. Нічога ня вартыя дэмагагічныя заявы “дэмСМІ” і розных псэўдаапазыцыйных спэцоў (гэтых халуёў прамаскоўскіх ці проста агентаў) аб тым, што, маўляў, “Расея ўтрымлівае Беларусь”. Хто каго ўтрымлівае і хто каго эксплуатуе, мы ведаем і добра бачым на гэтым чарговым прыкладзе маскоўскай мафійнай навалы на поўнач Беларусі.

*Алесь Хадасевіч *