Будучыня патрабуе разумных, інтэлектуальных людзей. Праз 15-20 гадоў кардынальна зьменяцца ўмовы жыцьця і працы, многія сёньняшнія прафэсіі за гэты пэрыяд будуць непатрэбныя і зьнікнуць, новыя тэхналёгіі запатрабуюць новых прафэсій. Па прагнозах, да 80% будучых прафэсій сёньня нават ня маюць назваў. Галоўным рэсурсам ужо сёньня зьяўляецца не нафта, газ, металы ды іншая сыравінныя і энэргетычныя рэсурсы, а чалавек, яго розум і інтэлект.
Па прыродзе беларусы разумныя людзі з высокім інтэлектуальным патэнцыялам. Больш за сто пакаленьняў продкаў фармавалі наш розум, наш інтэлект. Яны нам у спадчыну перадалі праграму фізічнага цела праз прыроду нараджэньня, а таксама праграму духоўнай настройкі нашага цела. У якасьці праграмы фізічнага цела выступае генетычная матэрыялная праграма. У якасьці духоўнай праграмнай настройкі — арганічна структураваная наша беларуская мова, мільёны слоў, багаты фальклёр і культура жыцьця, якія фармаваліся нашымі продкамі ў згодзе з прыродай нашага краю. Толькі ў спалучэньні праграмы фізічнага цела і сугучна адпаведнай ёй духоўнай праграмы настройкі фармуецца максімальна цэласны інтэлект беларуса.
Аднак сучасная сытуацыя склалася такім чынам, што для большасьці беларусаў духоўную праграму падмянілі на чужую. Калі ў беларускай сям’і дзіцё выхоўваецца ў рускамоўным асяродку, то ён не дабірае ў інтэлекце да 30%. Гэтая страта нічым ня можа быць кампэнсаваная.
Усім вядомы казачны сцэнар, у якім закладзены глыбокі сэнс: - зьнясілены ваяр вяртаецца ў родны край, да маці і прыпадае да роднай зямлі, і гэтым набірае моцы духу і новай сілы, - ідзе на сечу і перамагае зло.
Каб вырасьціць сваіх дзяцей інтэлектуальна канкурэнтнымі ў сьвеце, здольнымі і свабоднымі ў імкліва зьменных ўмовах жыцьця 21 стагоддзя, трэба бацькам пастарацца напоўніцу ўключыць іхны інтэлектуальны патэнцыял. Трэба цьвёрда паставіць сваіх дзяцей на плечы сваіх продкаў. Нельга паддавацца штучна створаным абставінам і дапусьціць, каб беларускія дзеці былі ссунутыя на ўскрайкі чалавечай цывілізацыі.
У фармаваньні і станаўленьні інтэлекту вызначальнымі пэрыядамі ў разьвіцьці чалавека зьяўляюцца пэрыяд маленства ад нараджэньня да 6-ці гадоў і падлеткавы пэрыяд ад 6-ці да 13 гадоў. 80% інтэлектуальных здольнасьцяў закладаецца менавіта ў пэрыяд маленства.
На малюнку паказана разьвіцьцё сувязяў (сінапсаў) паміж нэрвовымі клеткамі мазгоў чалавека ад нараджэньня да сталага веку (дадзеныя, атрыманыя навукоўцамі з выкарыстаньнем новых бясьпечных тэхналёгій назіраньня за жывымі людзьмі і функцыяваньнем іхных мазгоў).
Колькасьць сінапсаў у дзіцяці ад году да шасьці больш чым ў два разы перавышае колькасьць сінапсаў дарослага. Пасьля шасьці гадоў пачынаецца пэрыяд «абрэзкі» незадзенічаных (падчас выхаваньня) сінапсаў і ў 13-14 гадоў колькасць сінапсаў стабілізуецца на ўзроўні дарослага.
Такім чынам пэрыяд разьвіцьця дзіця ад нараджэньня да шасьці гадоў зьяўляецца найбольш адказным за фармаваньне яго інтэлектуальных і фізічных здольнасьцяў. І, канешне, гэтая адказнасьць кладзецца на бацькоў.
Бацькам неабходна ўлічыць наступнае:
-
У пэрыяд маленства сінапсы «высыпаюць» не па нейкай адвольнай матрыцы, а па структуры, якая зьяўляецца камбінацыяй генетычнай інфармацыі маці і бацькі і якая ёсьць напрацоўкай продкаў па лініі маці і бацькі. Дзіцёнак нараджаецца не як «чысты ліст», а з бацькоўскай генетычнай наладкай.
-
Дзіцё на працягу двух гадоў авалодвае ў пачатковым аб’ёме ўсімі функцыямі чалавека: пачынае хадзіць, гаварыць, арыентавацца ў прасторы.
Гавораць, што ён гэтаму навучаецца. З погляду нейрапсіхалогіі гэтае навучаньне ёсьць вынік ўзаемадзеяньня (праз рухі, зрок і слых) генетычнай сінаптычнай матрыцы дзіцяці з умовамі і сродкамі выхаваньня, якія выкарыстоўваюць бацькі. Здольнасьць дзіцяці арыентавацца ў прасторы, хадзіць, гаварыць - ёсьць зьнешняя праява гэтага навучаньня.
-
Найважнейшае ў гэтым працэсе навучаньня застаецца нябачным. Не бачна тое, што навучаньне - гэта ўзаемадзеяньне інфармацыі (якая паступае праз рухі , зрок і слых) і генетычнай сінаптычнай матрыцы і праз гэта замацаваньне на ўсё жыцьцё міжнейронных сувязяў у мазгах, якія ў далейшым праяўляюцца праз інтэлектуальныя здольнасьці.
-
Вось тут і выступаюць пытаньні стварэньня бацькамі ўмоваў асяроддзя і выкарыстаньня мэтодык выхаваньня падчас росту і разьвіцьця дзіцяці. Каб максімальна сфармаваліся інтэлектуальныя здольнасьці дзіцёнка, трэба каб умовы асяроддзя і мэтодыкі выхаваньня былі сугучнымі генетычнай сінаптычнай матрыцы (як бы патрапілі ў рэзананс з схемай сувязяў гэтай сінаптычнай матрыцы).
-
Для беларускіх сем’яў, ссунутых у рускамоўнае асяроддзе, тут маюцца праблемы. Свайму роднаму дзіцёнку па прыродзе бацькі-беларусы перадаюць генетычную сінаптычную матрыцу, якая арыентаваная на мову іх продкаў (беларускую мову), а выхоўваюць на іншай мове. Рэсурсаў генетычнай сінаптычнай матрыцы дастаткова для таго, каб дзіцёнак авалодаў іншай мовай і нават не адной. У гэтым выпадку для арыентацыі ў жыцьцёвай прасторы, камунікацыі і атрыманьня ведаў на сярэднім узроўні праблем не ўзьнікае. А вось з інэлектам - тут праблемы.
-
Мова зьяўляецца галоўнай інфармацыйнай сілай, што фармуе тыя структуры мозгу, якія адказныя за інтэлект чалавека. 50-70% інтэлектуальных здольнасьцяў фармуецца мовай.Як піша вядомы нейрапсіхолаг Н.Хомскі (Масачузэтс, ЗША):* “У працэсе авалоданьня дзіцём мовы ёсьць нават нейкія словы, якія нібыта ключыкам уключаюць яго інтэлект”.*
Аб інфармацыйнай сіле нашай мовы сьведчыць наш інтэлектуальны патэнцыял. За доказамі далёка хадзіць ня трэба. Узгадаем сярэднія гады мінулага стагоддзя. Толькі дзякуючы высокаму інтэлектуальнаму рэсурсу беларусаў, пераважная бальшыня каторых выхоўвалася ў вёсках ва ўмовах роднай мовы і роднай культуры, на нашай тэрыторыі былі створаны і разьвіваліся высокатэхналягічныя (для таго часу) галіны вытворчасьці, інжынерна-канструктарскія, праектныя арганізацыі, навукова-даследчыя інстытуты, ВНУ.
- Прасоўваньне рускай мовы ў нашай краіне прывяло да сур’ёзнага паніжэньня інтэлектуальных здольнасьцяў беларусаў. Дастаткова прааналізаваць вынікі іспытаў вучняў сярэдняй школы і абітурыентаў ВНУ.
Асіміляцыя ня толькі ў нас, але і ва ўсім сьвеце вызначана як вельмі шкодная зьява для інтэлектуальнага разьвіцьця чалавецтва. Прывядзем тут вытрымкі з кнігі дырэктара Інстытута мазгоў пры Масачузэтскім унівэрсітэце (ЗША), нэйрапсіхолага, лінгвіста Стывена Пінкера «Мова як інстынкт», якія дакладна тлумачыць гэтую зьяву: « Мовы зьнікаюць таму, што разбураецца натуральнае асяроддзе існаваньня носьбітаў гэтай мовы, або супраць іх зьдзяйсьняецца генацыд, іх сілком асімілююць або ўводзяць асімілюючую адукацыю, зьдзяйсьняюць дэмаграфічнае зьліцьцё і бамбардуюць электроннымі сродкамі масавай інфармацыі, якія Майкл Краус (вучоны-лінгвіст) назваў «нэрвова-паралітычным газам культуры».
Чаму людзям павінна быць неабыякава, што над мовамі навісла пагроза? … Як піша Краус: «Любая мова зьяўляецца найвышэйшым дасягненьнем унікальнага чалавечага генія, таямніцай, такой жа Боскай і бясконцай як жывы арганізм».
«Згуба мовы - гэта частка больш агульнай згубы, якую перажывае наш сьвет - згуба разнастайнасьці ва ўсім» - гаворыць лінгвіст Кен Нейл».
Ці можна ўявіць такую сытуацыю? У беларускую сям’ю , дзе толькі нарадзілася дзіця, заходзіць чалавек у белым халаце і кажа: «Давайце мы вашаму дзіцятку зробім апэрацыю. Выражым частку мазгоў і ўставім туды «палепшаную».Зь яго вырасьце добры работнік. Добра будзе капаць канавы, рабіць сьвідравіны ў зямлі, вадзіць транспарт, пераносіць грузы». Відавочна, што бацькі дадуць такому «паляпшальніку» ад варот паварот.
Прырода інтэлекту патрабуе вяртаньня да роднай мовы. Патрабуе каб у беларускай хаце гучала беларуская мова, каб маці калыханку свайму любімаму дзіцятку сьпявала на мове свіх дзядоў і прадзедаў. Тады з інтэлектам будзе ўсё ў норме. І ня толькі з інтэлектам. *(У матэрыяле выкарыстаны сучасныя канцэпцыі кагнітыўнай нейрапсіхалогіі) *
Беларуская Салідарнасьць, КХП — БНФ
Падрыхтаваў Сяргей Папкоў намесьнік Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ студзень 2013 г.