Мы добра памятаем крыкі нейкіх падстаўных маладзёнаў на патрыятычных мерапрыемствах: «Джынса! Джынса-а-а!» Яны спрабавалі ўзьняць над галовамі беларусаў «новы сымваль змаганьня» — джынсовую анучу. У сытуацыі, калі антыбеларускі рэжым жорстка карае за Бе-Чырвона-Белы Сьцяг, гэтая «джынса» выглядала кур’ёзна, дзіка і беспэрспэктыўна. Паступова ўсім стала зразумела, што гэта ёсьць гэбоўская распрацоўка дзеля дэзарыентацыі пратэстнай моладзі.
Спроба навязаць нам «новую сымволіку» правалілася, пра яе паступова забыліся. Значна даўжэй мельцяшылі перад вачыма налепкі з выявай джынсовай анучкі і з жоўтай лічбай у жоўтым кружку — «16». Людзі не маглі зразумець, да чаго ўся гэтая джынсовая жоўць і што гэта за шаснаццатка? Можа гэта з рэпэртуару «дзецям да шаснаццаці»? Аказалася, што не. Прыдумалі ўсё гэта дарослыя асобы, нават з адукацыяй. Пра гэта днямі нагадала Радыё Свабода: «Сем гадоў таму, 16 кастрычніка 2005 году, у Беларусі запачаткавалася традыцыя: у 16-ты дзень кожнага месяца ладзіць акцыі салідарнасьці са зьніклымі і палітвязьнямі». Радыё патлумачыла, што «адным з арганізатараў акцыяў салідарнасьці выступіла журналістка Ірына Халіп, якая і дагэтуль лічыць гэтую ініцыятыву вельмі патрэбнай».
Вось што расказала І. Халіп: «Акцыя стала абсалютна незалежнай ад тых, хто яе некалі абвяшчаў. А гэта, акрамя мяне, Ірына Красоўская і актывіст «Зубра» Мікіта Сасім, які ўзьняў сваю джынсовую кашулю, калі яго зьбівалі на Кастрычніцкай плошчы і адабралі ў яго сьцяг. Адтуль пайшоў сымваль «рэвалюцыі джынсовага супраціву». (Крыніца: www.svaboda.org/content/article/2474557.html).
Цікавае цытаваньне. Трэба толькі нагадаць, што «геройскія» «Зубры» (арганізаваныя канторай) даўно ўжо рассыпаліся і зьніклі, М. Сасім даўно ідэнтыфікаваны як канторскі правакатар (кантора часова перавяла гэтага «джынсовага» у рэзэрвы). Пра прафанацыйны «джынсовы супраціў», як мы зазначылі, ніхто ўжо не ўспамінае. Цікава таксама, што ніхто з арганізатараў гэтай «акцыі» ня можа патлумачыць, чаму яны спыніліся менавіта на лічбе «16». У маскоўскай псэўдаапазыцыі такое называецца мудрагеліста — «наитие».
Хаця той жа матэр’ял на Радыё Свабода дае нам магчымасьць успомніць, што адзін раз «шаснаццатка» усё ж мела практычны сэнс. На фота – на фоне гістарычнага будынка Менскай ратушы ўзьнятыя сьцягі, зіма, вечар і штучнае асьвятленьне. Подпіс пад фота — «Дзень салідарнасьці. Сьнежань 2010».
Беларусам запомніўся той 16 сьнежня 2010 года. Набліжаўся галоўны дзень фальшывага галасаваньня фальшывых прэзыдэнцкіх псэўдавыбараў – 19 сьнежня. Патрыёты-фронтаўцы пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка падымалі грамадзтва на Народны Байкот выбарчага фарсу. А структуркі і асобкі падстаўной псэўдаапазцыі актыўна ратавалі рэжым, клікалі людзей «на выбарчыя ўчасткі, галасаваць за новага прэзыдэнта, супраць Лукашэнкі». На дазволеным мітынгу каля ратушы ў цэнтры сталіцы 16 сьнежня сабралося чалавек 300 моладзі. Перад публікай узбуджана на на мове акупантаў, па-расейску выступаў сп. Саннікаў. Сярод іншага ён гукнуў: «Все на выборы! Мы им покажем! Через три дня мы будем жить в демократической Беларуси!»
Гэты эпізод павінен быць зафіксаваны ў сучаснай гісторыі нашай краіны як прыклад бессаромнага жульніцтва і сьведамай палітычнай правакацыі ў стылі папа Гапона. Але гучала гэта прыгожа. Моладзь паверыла жулікаватаму аратару і праз тры дні пайшла за ім і іншымі правакатарамі да будынка ЦВК. Усё скончылася паліцэйска-гэбоўскай пасткай і крывавымі рэпрэсіямі. Такая вось іхняя «салідарнасьць» і такая «шаснаццатка». Дарэчы, цытаваны матэр’ял Радыё Свабода мае назоў «Чаму няма салідарных у Дзень салідарнасьці?» Іх няма, бо людзі зразумелі, што падстаўныя падманваюць іх, і перасталі адзначаць «шаснаццатку». Людзі зрабілі слушна. Трэба трымацца як мага далей ад гэтай публікі.
Юрка Марозаў