Масква нарвецца
13 кастрычніка 2012 г. румынская газэта «Adevarul” паведаміла пра выступ расейскага дыплямата С. Губарава на прэс-канфэрэнцыі ў Ціраспалі, цэнтры Трансністрыі (Прыднястоўя). Губараў сказаў, што калі ня ўдасца знайсьці кампраміс з Малдовай, то Расея будзе аналізаваць план «Б», а менавіта прызнаньне незалежнасьці Трансністрыі.
Наш камэнтар: Расея акупавала гэтую правінцыю Малдовы яшчэ ў 1991 г. і утварыла тут квазі-дзяржаўку з расейскай мовай. Чаму раптам так агрэсіўна і напорыста стала выказвацца маскоўская дыпляматыя? Мяркуем, што Масква ўзбудзілася пасьля свайго нядаўняга посьпеху ў Грузіі, дзе перамогу на парляманцкіх выбарах атрымалі кіруемыя Крамлём падстаўныя дзеячы. Можна не сумнявацца, што план «Б» існуе і для Беларусі. Дакуражыцца Масква з сваімі праектамі, нарвецца на салідарны народны супраціў.
Юрка Марозаў
«Адкарміць і закалоць кабанчыка»
13 кастрычніка 2012 г. польская газэта «Gazeta Wyborcza” напісала пра інтэрв’ю з алігархам Хадаркоўскім, якое было перададзена зь няволі. У ім Хадаркоўскі прызнаецца: «Я надта ідэалізаваў Пуціна. Я моцна памыліўся».
Наш камэнтар: Цікава пачытаць такія прызнаньні тых асобаў, якія вялі да ўлады ў імпэрыі лубянскую хеўру, забясьпечвалі яе грашыма і (самае галоўнае) думалі, што хеўра будзе ахоўваць іх і іхныя нарабаваныя капіталы. Аказваецца, яны «ідэалізавалі» монстра. А на Лубянцы дзейнічае класічны прынцып — «адкарміць і закалоць кабанчыка». І вось, прывялі да ўлады, аплацілі, а потым селі ў турму.
Юрка Марозаў
Утапілі людэей
15 кастрычніка 2012 г. швэдская газэта «Dagens Nyheter” прыгадала падзеі 50-гадовай даўніны – так званы Карыбскі крызіс, калі ў кастрычніку 1962 г. СССР паслаў свае войскі і ядзерную зброю на Кубу. Магла распачацца ядзерная вайна з ЗША. Пасьля гэтага крызісу ў Швэцыі адбылася дыскусія аб ядзернай зброі. У выніку краіна адмовілася ад гэтай зброі.
Наш камэнтар: У сувязі з 50-годдзям падзеяў у СМІ ўсяго сьвету зьяўляюцца публікацыі на тэму савецка-амэрыканскай канфрантацыі, у якіх усьведамляецца гістарычны досьвед народаў. Трэба і беларусам задумацца над тымі падлзеямі, аб якіх не паведамлена яшчэ ўся праўда. Напрыклад, колькі беларускіх вайскоўцаў загінула тады на Кубе і ў акіяне па дарозе на «остров свободы»? Удзельнікі падзеяў распавялі, як савецкае камандваньне дало загад на затапленьне некалькіх савецкіх караблёў, калі стала вядома, што яны перавозяць у трумах зброю і вайскоўцаў. Загінулі сотні, а можа тысячы людзей. Наперадзе высьвятленьне праўды пра гэтую трагічную старонку маскоўскага панаваньня над нашым народам.
Юрка Марозаў
Яны яшчэ і «абурыліся»
15 кастрычніка 2012 г. славацкая газэта «Hospodarske Noviny” напісала, што «выбары ўзмацнілі ўладу Пуціна». 14 кастрычніка ў большасьці рэгіёнаў Расеі адбыліся рэгіянальныя выбары. «Едіная Россія» ўзяла бальшыню месцаў у рэгіянальных ворганах улады. Апазыцыя пратэстуе, даказваючы, што ўлада ўжыла фальшаваньні і несумленныя мэтады.
Наш камэнтар: Славацкай газэце трэба было б напісаць, што «апазыцыя сваім удзелам у выбарчым фарсе ўзмацніла Пуціна». Гэта было б больш дакладна. Цяпер гэтыя падстаўныя, якіх пракаціла фальшывая электаральная сістэма ўдаюць «пратэст і абурэньне». А трэба было арганізаваць байкот выбарчага шоў. Тым больш, што людзі не хацелі ісьці на выбары. Хаця б гонар захавалі. Але псэўдаў да такога «не дапускаюць».
Алесь Хадасевіч
Дэмантавалі помнік Леніну
15 кастрычніка 2012 г. славацкая газэта «SME” паведаміла, што ў Улан-Батары дэмантавалі апошні ў Манголіі помнік Леніну. Статую паклалі ў грузавік і адвезьлі на аўкцыён. Пастаўлена першая цана – 230 эўраў.
Наш камэнтар: Нават манголы выбаўляюцца ад апошняга Леніна. У акупаванай Беларусі шмат яшчэ засталося гэтай манумэнтальнай дзікасьці. Помнікі сатане ўпадуць разам з прамаскоўскім рэжымам.
Алесь Хадасевіч
Фламандцы – гэта рэальнасьць
15 кастрычніка 2012 г. летувіская газэта «Lietuvos Rytas” паведаміла пра перамогу фламандзкіх нацыяналістаў на мясцовых выбарах у Бэльгіі. Пераможцы зьвярнуліся да прэм’ера краіны з прапановай перафармаваць урад Бэльгіі.
Наш камэнтар: Фламандцы падтрымліваюць патрыётаў-народнікаў, бо дбаюць пра сваю адметную мову і культуру, ня хочуць растварацца ў чужынскай культурнай стыхіі. У іх ёсьць нацыянальная салідарнасьць.
Алесь Хадасевіч
Рэфэрэндум супраць АЭС
15 кастрычніка 2012 г. латвійская газэта «Diena” напісала пра парляманцкія выбары і рэфэрэндум у Летуве. Рэфэрэндум тычыўся праекту пабудовы новай АЭС у Летуве. Бальшыня насельніцтва выступіла супраць гэтага будаўніцтва.
Наш камэнтар: Атрымліваецца кур’ёзна, насельніцтва і асноўныя палітычныя сілы краіны выступаюць супраць «мірнага атама». І ў той жа час яны нібыта «не заўважаюць», што ў беларускім Астраўцы маскоўская імпэрыя рукамі свайго сатрапа будуе АЭС на мяжы з Летувой. Можа яны і заўважаюць гэта, але вядуць палітычныя гульні з псэўдаапазыцыяй РБ, якая зьяўляецца арганічным элемэнтам прамаскоўскага рэжыму – а гэты рэжым падсоўвае пад бок Летуве новую АЭС. Яны можа думаюць, што Мілінкявічус, Лябедзькас і іншыя будуць ратаваць іх ад атамнай пагрозы?
Юрка Марозаў