Лібэралізм супраць Хрысьціянства альбо грубае парушэньне правоў чалавека на Захадзе

11 кастрычніка 2012 г.

Навіны

Жывучы пад камуністычным таталітарызмам, савецкія людзі былі схільныя ідэалізаваць заходні сьвет, які ўяўляўся ім царствам сапраўднай свабоды і духоўнасьці. Пры сустрэчы з гэтым «царствам» аказалася, што на Захадзе даўно ўжо разгортваецца духоўны крызіс, які выклікаў у грамадзтвах пачварныя працэсы дэзарыентацыі. Фальшывае памкненьне лявацкіх лібэральна-сацыялістычных кіруючых колаў да абсалютнай роўнасьці злачынцаў і ахвяраў, а таксама талерантнасьці да ўсяго чужога і проста да брыдоты прывяло да такой дзікай блытаніны, што многія людзі перасталі ўжо разьбірацца, што ёсьць нармальным, а чаго было б лепш пазьбегнуць у асабістым і грамадзкім жыцьці.

Хрысьціянства як традыцыя, вера, Касьцёл і духоўнасьць застаецца апошнім бастыёнам абароны эўрапейскай цывілізацыі і чалавечнасьці на нашым кантынэнце. Калі б, крый Божа, лібэральная навала абрынула гэтую перашкоду для сваёй неабмежаванай дзейнасьці, то Эўропа стала б на ўскрайку бездані. Не выпадкова, што збачэнцы і ідэолагі збачэнстваў так шалёна атакуюць Хрысьціянства і хрысьціянскіх вернікаў. Пра гэта ўсё часьцей гучаць галасы ў розных эўрапейскіх краінах. Менавіта хрысьціянскія каштоўнасьці зьяўляюцца апірышчам для разумных людзей, якія супраціўляюцца духоўнаму раскладу і сатанізацыі грамадзтва. На гэтых каштоўнасьцях гуртуюцца здаровыя грамадзкія і палітычныя сілы. Галасы трывогі гучаць у артыкуле з польскай газэты «Rzeczpospolita”, які мы прадстаўляем на нашай старонцы.

Хрысьціянаў у Эўропе дыскрымінуюць

Хрысьціяне на нашым кантынэнце ёсьць большасьцю. Але гэта не бароніць іх ад неталерантнасьці. Карэспандэнцыя з Брусэлю.

Колькасьць веруючых людзей у Эўропе за апошнія гады вырасла, павялічылася таксама група тых, якія штотыдзень бяруць удзел у рэлігійных абрадах. І большасьць зь іх гэта хрысьціяне. Але пра гэта мы не даведаемся з СМІ – мяркуе Рока Буцільёнэ, прафэсар, палітык італьянскай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён узяў удзел у канфэрэнцыі пра дыскрымінацыю хрысьціянаў, арганізаванай учора ў Эўрапейскім Парляманце ў Брусэлі польскімі эўрадэпутатамі і камісіяй эўрапейскіх біскупаў COMECE. Яе ўдзельнікі даводзілі, што хрысьціяне ў Эўропе ўсё часьцей спатыкаюцца з праявамі неталерантнасьці.

Назіральны Цэнтар па неталерантнасьці і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысьціянаў ў Эўропе ў сваім аналізе на працягу некалькіх апошніх гадоў налічыў каля 700 канкрэтных выпадкаў дыскрымінацыі хрысьціян. Гэта ёсьць акты рознага пляну.

Напрыклад, у Польшчы занатавана з 2009 года шэсьць такіх выпадкаў: адмова ў агульнапольскай ліцэнзіі для Тэлеканала «Трвам», зьбіцьцё 73-гадовага ксяндза Станіслава Высоцкага невядомымі асобамі ў Сувалках, дэпэша агенцыі Associated Press з закідамі ў гамафобіі ў адрас Касьцёла , забарона арганізаваць канфэрэнцыю ў Познаньскім мэдычным унівэрсітэце на тэму канвэрсійнай тэрапіі для гомасэксуалістаў (вяртаньня іх на гэтэрасэксуалізм), штраф галоўнаму рэдактару тэлепраграмы «Госьць Недзельны» за параўнаньне абортаў з мэдычнымі экспэрымэнтамі ў Асьвенцыме, урэшце канцэрт Мадоны 15 жніўня ў Польшчы на дзень Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. На думку Назіральнага Цэнтру, на канцэрце прагучалі словы, сэнс якіх зьяўляецца абразьлівым для хрысьціянаў, дыскрымінацыйнай была таксама рэкляма канцэрта: «У гэтай краіне няма месца для дзьвюх каралеваў».

Тое, што хвалюе абаронцаў, гэта нават не столькі акты нянавісьці або вандалізма ў адносінах да рэлігійных сымвалаў, колькі адсутнасьць рэакцыі грамадзкай думкі. — У Рыме групка лявацкіх дзеячаў выцягнула з касьцёла крыж і разьбіла яго на кавалкі. Публічнага абурэньня не было. Уявім сябе, якая была б рэакцыя, калі б такі акт датычыў сінагогі або мячэці – пацьвердзіў Фларыян Кольфхаўз з Ватыканскага Сакратарыяту.

Хрысьціянскія актывісты наракалі ня толькі на непасрэдныя акты гвалту або неталерантнасьці ў адносінах да веры, але таксама на абмежаваньні, што вынікаюць з усё большай талерантнасьці ў адносінах да меншасьцяў. На іхную думку, небясьпечным ёсьць лёзунг з заклікам да роўнасьці. — Чым больш прасоўваюць роўнасьць, тым большая можа быць дыскрымінацыя. Гэта два бакі аднаго мэдаля – сказаў адзін з арганізатараў канфэрээнцыі Ян Ольбрыхт, эўрадэпутат. Пра тое, як лібэральныя лёзунгі шкодзяць хрысьціянам, казаў Джон Дэйган з Канфэрэнцыі Шатляндзкіх Біскупаў. На ягоную думку, прапанова ўвядзеньня ў заканадаўства шлюбаў паміж асобамі аднаго пола мае парляманцкую большасьць, бо палітыкі баяцца, што іх публічна абвінавацяць у гамафобіі. Ён скардзіўся на гэйскую арганізацыю «Stonwall”, якая дыскрымінуе сваіх праціўнікаў, прызначаючы тытул Фанатыка Года. Ён скардзіўся таксама на выпадкі звальненьняў з працы мэдсёстраў, якія не хацелі асіставаць пры абортах.

Наступнай праблемай, перад якой стаіць хрысьціянства ў Эўропе, зьяўляюцца пастановы Міжнароднага Трыбуналу па правах чалавека ў Стразбурзе. — Мы маем дачыненьне з сытуацыяй, калі аб эвалюцыі каштоўнасьці ў вобласьці правоў чалавека прымаюць рашэньне не палітыкі, якія прайшлі праз выбары, а суддзі, — сказаў Конрад Шыманьскі, эўрадэпутат ад «Права і Справядлівасьці», адзін з арганізатараў канфэрэнцыі. Найбольш прашумеў у хрысьціянскім сьвеце прысуд, вынесены наконт крыжа ў школьнай залі ў Італіі, на які паскардзілася маці двух вучняў, што паходзіла з Фінляндыі. У судзе першай інстанцыі ў 2009 годзе быў вынесены прысуд, паводле якога гэтая асоба мела рацыю і пастанаўлялася выдаліць крыж. Пасьля апэляцыі італьянскага ўраду, які падтрымалі дзесяць іншых дзяржаваў, у 2011 годзе Вялікая Палата зрабіла іншую выснову. Суддзі вырашылі, што прысутнасьць крыжа ў школе не парушае правоў бацькоў на выхаваньне дзяцей паводле іх перакананьняў і права дзяцей на рэлігійную свабоду, а таксама не парушае Эўрапейскай Канвэнцыі Правоў Чалавека. Гэты вэрдыкт хрысьціянскі сьвет прыняў з аблягчэньнем, але гэта не мяняе крытычнай ацэнкі трыбунала.

— Праблемай міжнародных судоў ёсьць факт, што засядае там ўсё больш акадэмічных прафэсароў і ўсё менш суддзяў-практыкаў. Яны не разумеюць штодзённай працы суддзяў на месцах, у кантэксьце краіны. І маюць схільнасьць да пашырэньня ідэалогіі. — сьцьвярджае Франсіска Хаўер Барэга, іспанскі юрыст, былы суддзя трыбуналу ў Стразбурзе. На ягоную думку, адзіным спосабам на паратунак трыбунала быў бы адыход ад палітычнай карэкцыі.

Ганна Стаеўска

(Пераклаў з польскай Валеры Буйвал)

Крыніца: польская газэта «Rzeczpospolita”, 2 кастрычніка 2012 г.