“Начхаць” на яго праблемы
25 ліпеня 2012 г. славацкая газэта “SME” пісала зь Беларусі. Пра тое, як “прэзыдэнт Лукашэнка” не паедзе на лёнданскую алімпіяду, бо не атрымаў з сваімі чыноўнікамі акрэдытацыі за перасьлед апазыцыі і разгром дэманстрацыі супраць сфальшаваных выбараў у сьнежні 2010 года. Цытуецца “ад апазыцыі” А. Лебедько з АГП, які сказаў, што “цяпер Лукашэнка на хвіліну задумаецца аб тым, што ён ня Бог, а звычайны чалавек і за ўсё трэба несьці адказнасьць”.
Наш камэнтар: Беларускае грамадзтва стомленае як лукашызмам, так і псэўдаапазыцыяй. Бальшыні нашых людзей абсалютна ўсяроўна, паедзе ці не паедзе на Алімпіяду Лукашэнка. “Начхаць” яны хацелі на гэтыя піярныя бразготкі. Пэрыяд містычнага захапленьня балбатлівай дыктатурай і яе галоўнай фігурай скончыўся даўно.
Алесь Хадасевіч
Кампрамэтцыя ўкраінскага пратэсту
26 ліпеня 2012 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла з Кіева пра прыбыцьцё ва Украіну патрыярха РПЦ Кірыла. На лётнішчы да яго кінулася маладзіца з групоўкі “Фэмэн”, агаліла цыцкі і плечы на якіх было напісана па-ангельску “Забі Кірыла”. Яна крычала: “Прэч!” Яе спынілі ахоўнік і манах з сьвіты Кірыла.
Наш камэнтар: Вядома, што гэтага Кірыла ФСБ ахоўвае ня горш за Пуціна. Абы хто проста ня мог бы апынуцца каля трапа самалёта на лётнішчы побач з гэтай асобай ды яшчэ й агаляцца. Тым больш, што гэтых “Фэмэн” усе ворганы ведаюць на пералік. У наяўнасьці чарговая гэбоўская акцыя прафанацыі ўкраінскага пратэсту супраць умяшальніцтва РПЦ у прыватнасьці і Масквы ў цэлым ва ўкраінскія справы. Разумным людзям бачна, што ўсё гэта шыта белымі ніткамі. А вось для заходняй прэсы радасьць – ёсьць аб чым напісаць.
*Алесь Хадасевіч *
Пішуць абы што
27 ліпеня 2012 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала з Прагі. На Вацлаўскай плошчы ў цэнтры Прагі зьявіліся надпісы на бруку вялікімі белымі літарамі. Адзін з надпісаў быў такі: “Палітычныя партыі служаць мафіі”. Газэта трактуе гэта як патрабаваньне распусьціць усе партыі.
Наш камэнтар: Такое рэгулярна здараецца ва ўсім сьвеце, у Беларусі таксама. “Усё падзяліць!”, “Усіх разагнаць!” і г.д. Часам гэтым займаюцца анархісты, часам тыя, хто ўдае з сябе анархістаў. Мы пра тое чуем з 1988 года, калі пачалося рушаньне Беларускага Народнага Фронту. Рэгулярна на мітынгах і сходах патрыётаў засьвечваліся істэрычныя асобы, якія гукалі: “Все одинаковые: что Лукашенко, что Позняк! Им дела нет до народа! Политика – грязное дело! Всех разогнать!” Разумныя людзі адмахваліся ад гэтых крыкуноў, як ад навязьлівых мух. Зразумела было, што іхная “філасофія” не была іхным індывідуальным прадуктам, а была і ёсьць прадуманай крэатурай гэбоўскай канторы. Сьмешна, што недзе гэта ўсмпрымаюць сур’ёзна. (Але калі няма пра што пісаць – дык чаму ж).
Юрка Марозаў
**Пагроза сама для сябе **
27 ліпеня 2012 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Пяць тысячаў аб’ектаў пагражаюць расейцам”. Распавядаецца аб тым, што расейскія спэцыялісты склалі сьпіс месцаў, пабудоваў, прыродных зьяваў і прадуктаў чалавечай дзейнасьці, якія ў бліжэйшым часе могуць выклікаць вялікую катастрофу ў Расеі. Землятрусы і паводкі ў сьпісе не самае галоўнае. На першым месцы – пакінутыя заводы і хімічныя склады, якія ўжо нікім не выкарыстоўваюцца і не ахоўваюцца. 6 тысячаў водных аб’ектаў патрабуюць генэральнага рамонту. 400 зь іх у такім аварыйным становішчы, што проста цуд, як яны яшчэ не разваліліся. Пасьля нядаўняй катастрофы ў Крымску ўрад РФ вырашыў праводзіць адмысловыя вучэньні службаў МНС.
Наш камэнтар: Дзікая і п’яная, занядбаная Расея зьяўляецца пагрозай для самога насельніцтва РФ і для ўсяго сьвету.
*Юрка Марозаў *
Будуць працягвацца
27 ліпеня 2012 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што на рашэньне пракуратуры пад Варшавай распачаліся раскопкі масавых пахаваньняў, мэта якіх знайсьці парэшткі ахвяраў камуністычнага тэрору 1948-1956 гг. Дагэтуль бальшыня сем’яў ахвяраў прамаскоўскага рэжыму ня ведае, дзе пахаваны іхныя блізкія.
Наш камэнтар: Пазнавата ўзяліся, суседзі. Беларусы (першыя ў сьвеце) зрабілі тое яшчэ ў 1988 годзе, адкрыўшы і раскапаўшы Курапаты. У вызваленай ад акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму Беларусі будуць працягвацца такія пошукі і раскопкі.
Алесь Хадасевіч
Частка антыбеларускай палітыкі
28 ліпеня 2012 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала артыкул, прысьвечаны сваёй нацыянальнай алімпійскай надзеі – велагоншчыку Эдвальду Боасану Хагэну. Распавядаецца пра ягонае жыцьцё і спартовыя дасягненьні. Артыкул адкрываецца сэнтымэнтальным фота – пяцігадовы Эдвальд на першых сваіх спаборніцтвах.
Наш камэнтар: Нацыянальныя спартовыя каманды і чэмпіёны ў кожнага народу – гэта арганічная частка нацыянальнай культуры і традыцыі, знак нацыянальнага гонару. Сваіх атлетаў народ вітае на роднай мове, з нацыянальнымі сьцягамі ў руках. Гэта так нармальна. Беларускі народ пазбаўлены акупанцкім рэжымам гэтай нармальнасьці. На акупанцкай мове вядуцца трансляцыі з спартовых спаборніцтваў. Не гучыць аніслова па-беларуску ў размовах з нашымі спартоўцамі. Над імі махаюць анучай БССР-РБ. Гэта ёсьць арганічная частка антыбеларускай палітыкі.
Юрка Марозаў
Знайшоўся Іванішвілі
28 ліпеня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі (2013 год). Супернікам Міхаіла Саакашвілі, якія кіруе краінай з 2004 г., выступае ўжо цяпер мільярдэр Іванішвілі. Людзі пытаюцца: “Калі Іванішвілі зарабіў свае мільярды ў Расеі, ці не зьяўляецца ён стаўленікам Масквы?” Іванішвілі з сваёй групоўкай “Грузінская Мара” абяцае вырашыць усе праблемы краіны і распачаць перамовы з Расеяй.
Наш камэнтар: Вось жа і назоў для гэтага маскоўскага мільярдэра прыдумалі рамантычны – “Грузінская Мара”. Але грузіны пытаюцца, адкуль грошы і чаму Масква? Імпэрыя не саромеецца і пасылае ў бой сваіх правераных кліентаў. Спадзяемся, што грузінскі народ не дазволіць сябе падмануць фальшывымі перадвыбарчымі абяцанкамі ў стылі Саннікава: “праз тры дні мы будзем жыць у сьветлай, дэмакратычнай Беларусі”.
Алесь Хадасевіч