Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ зьвярнулася была ў Менскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне 26 красавіка мэмарыяльных мерапрыемстваў у Менску з нагоды 26-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. Партыя зрабіла заяўку на Кіеўскі сквер. Заяўка была пададзена сваечасова, 10 красавіка. Мінулыя разы гарадзкая адміністрацыя дазволу на мерапрыемствы не давала і знаходзіла “абгрунтаваньні” для свайго рашэньня. Менгарвыканкам пісаў арганізатарам-заяўнікам, што “у Кіеўскім скверы робіцца рамонт фантану”. Гэта было летась, і арганізатары падумалі, што фантан ужо адрамантавалі. Аказалася, што гісторыя вакол фантану набывае рысы “эпапеі”, бясконцых будаўнічых прыгодаў, добра вядомых у савецкай і постсавецкай практыцы як “доўгабуд”. Пра “рамонт фантану” Менгарвыканкам напісаў у сваім адказе арганізатарам і сёлета. Мяркуем, аднак, што справа тут не ў “доўгабудзе” і не ў “эпапеі”. Лукашэнкаўская бюракратыя без асаблівай фантазіі, але пасьлядоўна і настойліва імкнецца заглушыць голас народу. Такім чынам, мерапрыемства, заяўленае КХП-БНФ, афіцыйна не дазволена.
Трэба прызнаць, што бюракратычныя фармулёўкі менскіх структураў рэжыму зьяўляюцца ўзорам чыноўніцкай адпіскі: нібыта, і не нагрубілі, і сябе “не падставілі”. Усё так цьмяна і расплывіста, што нат вопытны кручкатвор не разьбярэцца ў чым праблема. А праблема ў тым, што лукашыстоўскія чыноўнікі баяцца адказнасьці за свае словы і за свае дзеяньні. Яны баяцца таксама беларускіх людзей, якія зьбіраюцца разам і абмяркоўваюць свае праблемы.
Боязь рэжымных чыноўнікаў абгрунтаваная. Набліжаецца дзень, калі беларускі народ запатрабуе ад іх справаздачы аб іхных антынародных і антыдэмакратычных дзеяньнях. І тады ім ня ўдасца прыкрыцца сваімі адпіскамі, як фігавымі лісткамі.
Публікуем тэкст адказу Менгарвыканкаму
minhar04-1.jpg
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 25 красавіка 2012 г.