Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

АБЗЫВАЮЦЬ СВАЙГО КЛІЕНТА

Ёсьць такі “Інстытут краінаў СНД” у Маскве з пасадамі прафэсараў, дацэнтаў і іншым. Ён, як казалі пры саветах, “ведёт актівную работу”. Днямі гэты “інстытут” арганізаваў чарговую рэкламную акцыю імпэрскім намаганьням Расеі. Ва ўкраінскім Крыме, у горадзе Ялта быў сабраны пэўны “бомонд” на “курсы журналісцкага майстэрства”. Справа ў прынцыпе банальная. Толькі вось прыцягвае ўвагу асоба гран-маэстра, які вучыў на курсах менш вопытных калегаў з правінцыі. Гэта быў такі Міхаіл Леонтьев, які даволі даўно прымільгаўся на расейскіх тэлеканалах як зух рэпартажнай імправізацыі. Ягоны стыль ня тое што арыгінальны, але, калі раз пабачыш, то запамінаецца. Гэта стыль непаўналетняга пахана дробнай шпаны, якая паводзіць сябе расперазана і нахабна ў сваім квартале. Рэзкія жэсты (здаецца, зараз ён высуне з тэлевізара свае рукі і схопіць тэлегледача за горла), вылупленыя вочы штучнага нэўрастэніка, непрыемныя на гук інтанацыі голасу і, галоўнае, брудная лексіка – вось што адразу кідаецца ў вочы і вушы. Нармальныя людзі такога глядзець і слухаць доўга ня могуць. Але вось ужо больш за 10 гадоў гэтага кадра трымаюць на расейскім тэлебачаньні. Значыць, на яго ёсьць попыт у расейскім грамадзтве. Хутчэй за ўсё, у штодзённым жыцьці гэты “журналіст” зусім і не такі брыдкі. Такое амплуа прыдумала для яго лубянская кантора, сапраўдны гаспадар расейскага тэлебачаньня і ўсяго іншага ў РФ. Такіх дзівакаватых на выгляд “арыгіналаў”, як Жырыноўскі, Леонтьев і іншых, кантора выкарыстоўвае ў якасьці рупара сваіх “ідэалагем” (як сфармуляваў быў канторскае заданьне непараўнальны менскі “арыгінал” з псэўдаапазыцыі сп. Падгол). Людзі ўжо даўно заўважылі: пракрычыць нешта кур’ёзнае Жырыноўскі або які яшчэ “дзівак”, а праз пэўны час гэта пачынае агучвацца і рэалізоўвацца як крамлёўска-лубянская дактрына, прычым на поўным сур’ёзе.

М. Леонтьев запомніўся многім беларусам сваімі шчыраваньнямі ў драматычны дзень 11 верасьня 2001 года. Чамусьці менавіта яму было даручана рабіць закадравыя камэнтары ў жывым эфіры, калі з Амэрыкі перадавалі жудасныя кадры тэрактаў у вежах-блізьнятах і Пэнтагоне. Самалёты ўразаюцца ў будынкі, усё гарыць, гінуць тысячы людзей… А Леонтьев у сваёй звычайнай манеры надрываецца за кадрам: “Ну что, допрыгалась Америка! Доизгалялась! Будут знать теперь, как бомбить Югославию и Ирак! Как издеваться над президентом Лукашенко!..” Вось такі быў нечаканы акт “публічнага спачуваньня” ахвярам і амэрыканскаму народу з Масквы. Затое лубянскі кадр устаў на абарону так званага “прэзыдэнта РБ”.

І вось, як шырока паведамляюць у Сеціве, адбылася сэнсацыя. Той самы М. Леонтьев на занятках у Ялце камэнтаваў паводзіны “верных саюзьнікаў” Масквы і выдаў наступнае:

«Но, если вы в империи, приказы не обсуждаются. Это относится к Смирнову, который себя позиционировал как солдат империи. И Лукашенко все время нас шантажировал – типа я ваш, а если вы будете себя плохо вести – я вас предам. Представляете, что генерал в армии шантажирует предательством – вон, противник прислал листовку интересную – обещает кормить хорошо. Простите, это не генерал, а говно!»

Даўненька мы такога ня чулі ад маскоўскіх публічных людзей пра мясцовага галоўнага начальніка рэжыму. Бывала, пахваліць ён Гітлера і ягоную палітыку, а на наступны дзень з тэлеэкранаў маскоўскія спэцы-прапагандысты ўжо тлумачаць: “Не нужно так возбуждаться по этому поводу. Лукашенко – президент молодой, импульсивный…” І вось мы дажыліся да такіх спічаў “правераных таварышаў”, якія ў ацэнках дзейнасьці начальніка апусьціліся ў самыя нетры лексічнага сьметніка. Людзі пачулі-пачыталі пра гэта і падумалі: “А што б гэта значыла? Няўжо яны здаюць Лукашэнку, няўжо ён ім абрыднуў? Шантажыстам і здраднікам абазвалі, нават г…”

Але паўторым: нэўрастэнія ў М. Леонтьева штучная. Гэта, як кажуць маладыя, “у яго прыкідон такі”. Сур’ёзна гэта ўспрымаць нельга. І нікуды яны ў Маскве свайго кліента не здаюць, нічога ён ім не абрыднуў. А што абазвалі нядобрымі словамі, дык не з крамлёўскай жа трыбуны. Ён як быў генэралам іхнай імпэрыі, так і застанецца ім да самага свайго канца.

Толькі вось у галоўнага начальніка рэжыму і многіх ягоных паплечнікаў нэўрастэнія сапраўдная. Атрымалі яны гэты сігнал з Масквы-Ялты і затрэсьліся, забегалі, захваляваліся. Ім нагадалі лішні раз, чаго яны вартыя і як рэзка можа скончыцца іхны прамаскоўскі камфорт. У выніку лукашысты з перапуду будуць яшчэ больш актыўна рабаваць нашу Беларусь і здаваць усё самае каштоўнае ў нашай краіне і саму краіну ў маскоўскі палон. Абы толькі застацца пры ўзурпаванай уладзе і нарабаваных капіталах. Тым больш, што публічна агучаныя сігналы паступаюць апошнімі днямі ня толькі зь Ялты. Дастаткова ўспомніць камэнтаванае на нашай старонцы інтэрв’ю з паслом Расеі Сурыкавым ад 25 сакавіка. Сурыкаў Лукашэнку не абзываў, але паводле законаў дыпламатыі зрабіў яшчэ горш: аніразу не згадаў вернага кліента Масквы. Зрабіў і сказаў так, нібыта Лукашэнкі ўжо няма на Беларусі – вось гэта сапраўдны жах для ўважлівых да маскоўскіх камэнтароў лукашыстаў. А тут яшчэ на бангалорскім балоце псэўдаапазыцыйныя “лідары” 25 сакавіка з карыкатурамі на Лукашэнку ды з русскоязычнымі плакатамі пра “Лукашизм — это катастрофа” хадзілі (пра маскоўскіх арганізатараў гэтай катастрофы ў іх ня вырвалася ніводнага слова).

Няхай баяцца вечна напалоханыя прыслужнікі антыбеларускай дыктатуры і яе галоўны начальнік, ім гэта “па штату належыць”. Беларусам ня трэба зьвяртаць увагі на гэтыя высьвятленьні адносінаў “паміж сваімі”, паміж акупацыйнай маскоўскай канторай і асобамі, якія нанятыя ёю для зьнішчэньня Беларусі.

У беларускага народа – свая дарога: падалей ад Масквы, ад яе наймітаў, ад русіфікацыі і крымінала. Наша дарога – нармальнае існаваньне ў беларускай эўрапейскай цывілізацыі, у сваёй культуры, мове і дэмакратычнай дзяржаве.

Алесь Хадасевіч

8/4/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2012
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024