Расейскія тэлеканалы і БТ рэгулярна паведамляюць, што ў Расею прывезьлі з Афона “цудатворны пас Багародзіцы”. Паведамляюць таксама, што да “паса” гадзінамі стаяць у чарзе дзясяткі тысячаў людзей у Маскве. Праваслаўны сьвятар Якаў Кротаў, вядомы сваімі бескампраміснымі ацэнкамі дзеяньняў РПЦ, напісаў у расейскай інтэрнэт-газэце Грані.Ру наступнае: “Фальшывая сьвятыня – сапраўдны грэх, таму што адмова ад крытычнага мысьленьня не ўмацоўвае веру, а падрывае яе, адкрывае бязьмежную прастору для фальсіфікацый і містыфікацый. І ў гэтай прасторы расейскія праваслаўныя жывуць ужо трэці дзесятак гадоў. Пры бальшавіках нейкія рамкі былі, а цяпер бальшавікі ў праваслаўных скурах фальсіфікуюць Праваслаўе, як фальсіфікуюць выбары – для ўласнай карысьці”. Напісаў у Гранях.Ру пра гэты “цуд” і вядомы ўкраінскі аналітык Віталі Портнікаў. Як заўсёды, напісаў з вострай іроніяй. Шматтысячныя чэргі ў Маскве зьдзіўляюць на фоне даўняга ўжо падзеньня моды на РПЦ. Пасьля гарбачоўскіх дазволаў на рэлігійную практыку і прапаганду за апошнія 25 гадоў гэтая РПЦ так і ня стала хрысьціянскай Царквой, Храмам. Мільёны людзей даўно зразумелі гэта і адвярнуліся ад крывадушных бацюшак з афіцэрскай выпраўкай і гэбоўскай лексікай. Многія пачалі шукаць Бога самастойна, без гэтых “пасярэднікаў”.
Тое, што павінна было б быць выключна расейскай праблемай, працягвае заставацца праблемай і беларускіх вернікаў. Бо праваслаўныя вернікі ў нашай краіне маюць толькі сурагат РПЦ, акупацыйны прамаскоўскі рэжым ліквідаваў у краіне парасткі аўтакефальнай Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўсё больш упэўнена абапіраецца на РПЦ – адзін з сталпоў крамлёўска-лубянскай імпэрыі і яе палітыкі русіфікацыі.
Ня ўсе ў Расеі здольныя сфармуляваць крызіс псэўдаправаслаўя ў такіх бязьлітасна ясных канстатацыях, як гэта зрабілі а. Кротаў і сп. Портнікаў. Але людзі і без інтэлектуальных фармулёвак даўно адышлі ад казённых будынкаў, над якімі фальшыва ўзьнятыя сымвалы хрысьціянства. Душы многіх вернікаў не прыцягваюць месцы, дзе валадараць няшчырыя і цынічныя людзі ў сутанах. Але гэта ўсё расейская карціна, з іхнай выставы. Нас хвалюе карціна нашага, беларускага духоўнага жыцьця. Прыкра, што бальшыня нашых людзей, якія належаць да ўсходняй традыцыі хрысьціянства і ня ходзяць штодня ў РПЦ, становяцца ў чаргу раз-два разы на год. А менавіта тады, калі казённыя русскоязычныя бацюшкі “сьвеньцяць ваду і іншыя прадукты харчаваньня”. Тады ў многіх месцах паўстаюць вельмі доўгія чэргі, ад якіх патыхае паганскім фэцішызмам, жаданьнем фармальнага “багаслаўленьня” з дапамогай “прадуктаў харчаваньня”. Абсурднасьць гэтага відовішча ўражвае. Многія і сапраўды лічаць гэта сапраўднай хрысьціянскай верай. Верай у што – у “прадукты харчаваньня” раз – два разы на год? Сапраўднай сьвятыняй для беларусаў усіх канфэсіяў зьяўляюцца Курапаты і іншыя месцы пакутніцтва нашага народу. Там патрыёты ўзьнялі сьвятыя Крыжы над сьвятымі магіламі. Туды, а не ў казённыя будынкі, вядзе сапраўдная дарога да Бога. Вось куды павінны былі б прысьці нашыя вернікі маліцца, каяцца і пакланяцца Крыжу.
Але мабыць лягчэй і камфортней адстаяць чаргу з кошыкам, у якім дбайна складзены бутэлька з вадзічкай і “прадукты харчаваньня”. Гэта неяк намацальна-матэрыяльна і на некалькі дзён хапае. І на душы спакайней: рытуал выканаў, на небе ўлічыцца…
Валеры Буйвал
Мігалкі і чарга ў храм
Было проста цікава, ці пасаромеюцца гэтыя людзі праязджаць без чаргі паглядзець на пас Багародзіцы, ці будуць яны абыходзіць шматтысячную чаргу, ці дадумаецца хто-небудзь зь іх ну хаця б для выгляду пастаяць некалькі гадзін разам з усімі. Ну, у рэшце рэшт, чым такім асаблівым яны занятыя? Большай частцы гэтых богабойных бацькоў і мацерак нацыі можна проста не ўдаваць дзейнасьць на працягу пары гадзін. Або ўдаць яе ў чарзе.
Дзе там! Яны ня тое каб не дадумаліся, яны й ня думалі нават. Ну і на самой справе, які шчасьлівы носьбіт дзяржаўных нумарных знакаў дазволіць сабе стаяць разам з суграмадзянамі ў Храм Хрыста Збаўцы – гэта ўсяроўна што ў Крэмль па квітку праходзіць! А раптам сярод тых, хто моліцца, будзе нехта ў брудным адзеньні або хворы той, што не аздараўліваўся мінулым летам у Манака, і не зьбіраецца на хадж у Куршавэль? Хто іх там прасьвятляў, вернікаў гэтых, якім рэнтгенам? А да паса падысьці трэба – мала што? Як савецкія мясьнікі лічылі неабходным у залатыя 80-я мець у сябе ў хаце збор твораў Друона – ну вось навошта ім быў Друон? – так і выклятыя каралі нашага часу ня пройдуць каля мошчаў і рэліквій. Бо яны чыстыя сэрцам.
У гэтай сумнай чарзе – народ, які ўжо перастаў спадзявацца і на ўладу, і на сябе. Правадыры тыя, што аб’язджаюць натоўп у крыкліва раскошных аўтамабілях. Сьвятар, упэўнены, што так і павінна быць, бо людзі, што ўдзень і ўначы думаюць пра дабрабыт краіны, нават перад Богам павінны быць раўней за сваіх суграмадзянаў. Вось мадэль сучаснай Расеі і яе царквы.
Краіна – шматкілёмэтровая чарга да храму. Шчасьце, што дарога ўсё яшчэ ёсьць. Трагічна, што тыя, хто адбірае ў гэтай краіны будучыню, аб’язджаюць і гэтую дарогу, і ўсе астатнія дарогі ў жыцьці – і, здаецца, нават у рай гатовыя патрапіць з мігалкай і за грошы.
Царква – дзяржаўная інстытуцыя, што зраслася з уладай таксама шчыльна, як напярэдадні папярэдняга краху. Яна пакрыху губляе веру ў працэсе таго, як Патрыярх уздымаецца на горнія вышыні. І можна ўжо нават паверыць, што інтэлігентны і адукаваны Патрыярх станецца новым нацыянальным лідэрам – у працэсе таго, як самапрызначаны нацыянальны лідэр будзе хадзіць ад сьвісту да сьвісту. Ды толькі што мы пачуем ад новага лідэра? Усё той жа сум з нагоды краху чалавеканенавісьніцкай атэістычнай імпэрыі? Толькі тое, што стары лідэр называе буйнейшай геапалітычнай катастрофай стагоддзя, новы назаве крахам гістарычнай Расеі – і абодва заплачуць і перажагнаюцца?
Віталі Портнікаў
Крыніца: grani.ru/opinion/portnikov/m.193397.html
Пераклад з расейскай.