Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК: 1991, жнівень, путч. Супраціў. ч 1.

n1.JPG
Мітынг перад Домам ураду, выступае Зянон Пазьняк. Жнівень 1991 г.

Раніцай 19-га жніўня ў 91-ым большасьць беларусаў прачнуліся пад паведамленьне аб увядзеньні надзвычайнага становічша з 4 гадзінаў раніцы; Гарбачоў адхілены, на яго месцы фармальна віцэ-прэзыдэнт Янаеў, а рэальна краінай кіруе “ГКЧП” зь “сілавікоў”.

А я ехаў са свайго Ўручча, з вуліцы Гінтаўта, ў Дом ураду і нічога гэтага ня ведаў, бо тэлевізар раніцай не ўключыў, а хатняга тэлефона ў мяне тады не было. У мэтро ж па тварах людзей неяк не выглядала, што нешта здарылася.

Калі мяне не падводзіць памяць, у той дзень мы павінны былі сустрэцца з Пазьняком у Доме ўраду дзеля падрыхтоўкі заявы з нагоды заплянаванага на заўтра ў Маскве падпісаньня “саюзнай дамовы”. Дамовіліся на час пасьля абеду, але я паехаў раней, бо трэба было перадаць машыністкам на раздрукоўку нейкія законапраекты. Словам, звычайныя рутынныя палітычныя справы.

І толькі прыехаўшы ў Вярхоўны Савет (было недзе крыху болей за 9 гадзінаў раніцы), я даведаўся пра пераварот. Першым, як аказалася, прыехаў Лявон Баршчэўскі – ён жыў бліжэй за ўсіх да Дому ўраду (Пазьняк прыехаў каля 11-ай, ад ягонай Ангарскай транспарт ішоў дрэнна, ды яшчэ трэба было рабіць перасадкі). У памяшканьні Апазыцыі БНФ, 363-ім пакоі, паступова сабраліся ўсе, хто тады быў у Менску – Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтар, Ігар Гермянчук, Юрась Беленькі, Галіна Сямдзянава, Лявон Дзейка, Павал Холад, Алесь Шут…

“ЯГО-СЁНЬНЯ, ЦЯБЕ - ЗАЎТРА”

Чым пагражае ГКЧП – гэта мы зразумелі адразу.

Між іншым, пра саму абрэвіятуру.

У пачатку 90-ых гадоў, часы нядоўгай і непасьлядоўнай беларусізацыі, расейскія абрэвіятуры перакладаліся ў прэсе дакладна: “НКУС” (“народны камісарыят унутраных спраў”, “ДКНС” (дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы”). Лічу, што ўжываць гэтыя прыдуманыя ў Маскве словы варта так, як яны зафіксаваліся ў сьвядомасьці – па расейску. Бо, як і КГБ, гэтыя абрэвіятуры зрабіліся паняцьцямі, зьявамі – не перакладаем жа мы трансфармаванае з латыні слова “інквізыцыя”.

Таму тут і далей буду ўжываць, без перакладу, ГКЧП – “Государственный комитет по чрезвычайному положению”.

У склад ГКЧП увайшлі найвышэйшыя кіраўнікі СССР – акрамя Гарбачова – наўпрост зьвязаныя з ваенна-прамысловым комплексам. Яны заявілі, што Гарбачоў “паводле стану здароўя” ня можа выконваць прэзыдэнцкія абавязкі, і бралі ўладу ў свае рукі. Гарбачоў быў ізаляваны на летняй рэзыдэнцыі ў крымскім Фаросе, на вуліцы Масквы выйшлі танкі. Тыя маскоўскія падзеі дастаткова добра апісаныя, і я ня буду на іх спыняцца, патлумачу толькі, чаму ўтварэньне ГКЧП адразу успрынялося намі як вялізная небясьпека.

n2.JPG
Члены ГКЧП Барыс Пуга, Генадзь Янаеў і Алег Бакланаў на прэсавай канфэрэнцыі. Масква, 19 жніўня 1991 г.

Па-першае, у ягоны склад увайшлі тыя, хто найбольш зацята выступаў за захаваньне СССР – нагэтулькі зацята, што нават прапанаваная Гарбачовым “саюзная дамова” ім падавалася “разбуральнай”. Па сутнасьці, гэта былі прыхільнікі рэстаўрацыі імпэрыі ў яе самым жорсткім, “сталінскім” варыянце.

І ў выпадку ўмацаваньня іхняга рэжыму Незалежнасьць Беларусі магла заставацца недасягальнай марай яшчэ доўгія гады.

Па-другое, усталяваньне дыктатарскага рэжыму адбывалася б ня проста жорстка, а з крывёй, і крыві б пралілі шмат – старшыня КГБ Кручкоў, які ўвайшоў у склад ГКЧП (і, як потым выявілася, быў галоўным ініцыятарам яго стварэньня) выразна прадэманстраваў усяму сьвету свой стыль у студзені 91-га ў Вільні, калі КДБ справакаваў прымяненьне савецкімі вайскоўцамі сілы і загінулі 14 літоўцаў.

Нарэшце, утварэньне ГКЧП, абвяшчэньне надзвычайнага становішча і адхіленьне ад пасады Гарбачова было парушэньнем Канстытуцыі СССР. Мы дамагаліся выхаду з СССР і ня мелі ніякіх ілюзіяў адносна Гарбачова – але лічылі, што парушэньне Канстытуцыі СССР сілавымі міністрамі прывядзе да некантралюемых працэсаў.

Так, пасьля візыту Гарбачова ў Менск у лютым 1991-га і праграмнай заявы на сустрэчы ў Акадэміі навук, дзе ён адкінуў сваю ранейшую дэмакратычную рыторыку, заявіў пра вернасьць “камуністычнаму выбару” і лаяў “нацыяналістаў”, ілюзіі адносна яго страцілі нават тыя ў БНФ, хто іх яшчэ меў. У мяне нейкае непрыемнае ўражаньне пакінула асабістая кароткая сустрэча з Гарбачовым, калі я спрабаваў дамовіцца пра гутарку аб чарнобыльскіх падзеях 86-га, і Гарбачоў нібыта і паабяцаў прыняць беларускіх дэпутатаў, але – не прыняў. І галоўнае – Гарбачоў дамагаўся захаваньня імпэрыі, і тут ягоныя намеры супадалі з мэтамі камуністычнага кіраўніцтва Беларусі.

І пры ўсім гэтым – тое, што рабіла з Гарбачовым ГКЧП, было парушэньнем законнасьці дый проста справядлівасьці. Мы выступалі не ў абарону Гарбачова як палітыка – а ў абарону законна абранага прэзыдэнта, у абарону законнасьці і дэмакратыі.

n3.JPG
Зрэшты, лепш за ўсіх стаўленьне да Гарбачова перадаў невядомы мне хлапец, які ў тыя дні прыйшоў на наш мітынг перад Домам ураду з партрэтам Гарбачова, на якім напісаў: “Яго – сёньня, цябе – заўтра” (дарэчы, фотаздымак гэтага хлопца з плякатам я перадаў Гарбачову ў 1996 годзе ў Нью-Ёрку). Мы разумелі, што для нас гэтае “заўтра” можа мець самы прамы сэнс.

ДЗЕМЯНЦЕЙ: “Я Ж НЕ ПАЦАНЁНАК”

Мы вырашылі высьветліць сытуацыю зь першых рук – у старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея, які назаўтра павінен быў быць у Маскве і падпісваць з Гарбачовым “саюзную дамову”. Акрамя таго, Дземянцей як старшыня ВС меў права склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету.

Да Дземянцея нас пайшло шасьцёра – Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі і я. Мы зь Ігарам Герменчуком рабілі дыктафонны запіс (дыктафон я браў у кагосьці з дэпутатаў, хто застаўся ў пакоі апазыцыі, і адразу яго вярнуў, таму запіс у мяне не захаваўся). Праз колькі дзён тэкст быў зьмешчаны ў “Свабодзе” і “Знамени юности”. У “Свабодзе” тэкст быў скарочаны з-за эканоміі газэтнай плошчы, у “Знамени юности” словы адных дэпутатаў прыпісаныя іншым (гэта ня ў якасьці папроку – мы не прадстаўляліся, а журналісты маглі і не разабрацца, дзе чый голас). Тут падаю дыялёг максымальна набліжаным да рэальнага.

Гутарка адбылася у кабінэце Дземянцея.

“Заблоцкі: Аналіз сытуацыі сьведчыць, што з парушэньнем Канстытуцыі і законаў СССР уладу ў Крамлі спрабуе захапіць так званы камітэт па надзвычайным становішчы. Апазыцыя лічыць неабходным тэрмінова склікаць сэсію ВС БССР і абмеркаваць становішча. Мы думаем, што 7 чалавек, якія ўвайшлі ў склад гэтага камітэту, ня маюць права вырашаць за кожную рэспубліку.

Дземянцей: Нічога яны за нас не вырашаюць.

Заблоцкі: Яны за нас вырашаюць усё. Гэта – відавочна. Таму ВС БССР, як мы лічым, павінен тэрмінова сабрацца і заявіць, што гэты камітэт антыканстытуцыйны і не паўнамоцны ўводзіць надзвычайнае становішча.

n4.JPG
Мікалай Дземянцей, чэрвень 1991 г.

Голубеў: Мікалай Іванавіч, наш Вярхоўны Савет павінен вызначыць: падтрымліваем мы гэтых самазванцаў ці будзем усё ж кіравацца канстытуцыйнымі прынцыпамі. Мы ведаем, што Вы званілі Лук’янаву. Зразумела, яму нічога не заставалася сказаць Вам, як толькі тое, што “ўсё робіцца паводле закону”. Але Беларусь павінна вырашаць сама за сябе.

Дземянцей: Вы з Гарбачовым асабіста сустракаліся? Вы ведаеце, чаму нарадзілася ў яго гэтая заява?

Голубеў: Якая заява?

Дземянцей: Ну будзе яна, гэтая заява. Я ж не ад Гарбачова прыехаў. Вы, калі хочаце, паяжджайце да Гарбачова. Калі ласка, калі хочаце, пазваніце яму.

Навумчык: Давайце пазвонім ад Вас па ВЧ.

Дземянцей: Я ж не пацанёнак. Вы можаце сябе так толькі ў дзіцячым садку весьці. Але вы тут знаходзіцеся з дарослым чалавекам. Не размаўляйце вы так са мной. Не сьпяшайся, не спяшайся. Ты ўсё ведаеш, ты ўсё можаш, можаш быць нават прэзыдэнтам краіны.

Голубеў: Не.

Дземянцей: Не, чаму, мог бы быць прэзыдэнтам. Вось вы разумееце, калі ў мяне надыдзе момант, што я адмоўлюся ад сваёй пасады, вы што, мяне прымусіце?

Голубеў: У дзьве гадзіны ночы?

n5.JPG
Валянцін Голубеў на трыбуне ВС, 1991 г.

Дземянцей: Вы былі там? Якія вы маеце адносіны, што з Гарбачовым і якую ён заяву зрабіў? Вы ведаеце пра гэта альбо не?

Голубеў: Я грамадзянін гэтай дзяржавы, я дэпутат Вярхоўнага Савету, і мой абавязак – стаяць на абароне Канстытуцыі.

Дземянцей: І стойце, заўсёды стойце. Але стаяць трэба пасьлядоўна. Калі вы напішаце заяву аб складаньні сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў, дык хто б як бы ні разважаў, вы напісалі заяву.

Голубеў: Я не напішу.

Дземянцей: Ну, не напісалі, і добра. Дык вось. Калі Гарбачоў за шэсьць гадоў прыйшоў да такога цяжкага стану, у якім ён, як і заўсёды, быў і працягвае заставацца, прыйшоў ён да такога стану. Я кажу гэта не паводле маіх службовых абавязкаў, а па-чалавечы. Ён прыйшоў да такога стану. І кожны чалавек можа прыйсьці да такога стану. І ён прыйшоў да такога стану. (Гэта ня стужка ў магнітафоне заядае, гэта гаворыць Дземянцей – С.Н.). І гэтая група, дакладней сказаць, Янаеў, былі зь ім разам, знаходзіліся, і гэтая нарадзілася заява разам з Гарбачовым. Па стану ягонага здароўя, яшчэ раз паўтараю…

Навумчык: Дзе заключэньне дактароў?

Дземянцей: Калі вы мяне хочаце слухаць – так, калі ўсё ведаеце – прашу, тады не перашкаджайце…. Я вам кажу: у Гарбачова выцеклі, скажам, усе псыхалягічныя моманты, што яму далей казаць? І ён гаворыць: я далей ня рухаюся, давайце думаць разам. Вось і давялося па Канстытуцыі часова выконваць абавязкі Янаеву. Прэзыдэнт за суткі да гэтага пайшоў у адстаўку. На працягу тыдня будзе скліканая сэсія ВС СССР. Усё робіцца па Канстытуцыі. У нашыя рэспубліканскія справы ніхто ня ўмешваецца. Нам няма патрэбы зьбіраць сэсію. Гарбачоў сам за сябе вырашыў. Ён сышоў, а жыцьцё будзе працягвацца. Нам, беларусам, нішто не пагражае. І ня трэба падбухторваць людзей.

n6.JPG
Выступае дэпутат Ігар Гермянчук, 1991

Гермянчук: Выходзіць, што Вы прызнаяце законнасьць камітэту на чале зь Янаевым і будзеце выконваць яго распараджэньні?

Дземянцей: А што Вы хочаце, каб я выконваў?

Гермянчук: Канстытуцыю і законы, а ня ўказы незаконнага камітэту. У Маскве на вуліцах ужо бронетэхніка. Вашае бязьдзеяньне можа прывесьці да таго, што танкі зьявяцца на вуліцах Беларусі.

Дземянцей: Усё, я далей ня буду працягваць размову. Паўтараю: Гарбачоў падаў у адстаўку. Абавязкі прэзыдэнта выконвае віцэ-прэзыдэнт Янаеў.

n7.JPG
Дэпутат парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Уладзімер Заблоцкі. Жнівень 1991 г

Заблоцкі: Вы можаце казаць нам што заўгодна. Аднак усе разумеюць, што ў СССР адбываецца неабальшавіцкі пераварот. Таму мы настойваем на тэрміновым скліканьні сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. Калі Вы адмаўляецеся гэта зрабіць, мы будзем зьбіраць патрэбныя 115 подпісаў дэпутатаў”.

Стала зразумела, што Дземянцей падтрымлівае путчыстаў. Пазыцыя старшыні ВС Беларусі выглядала вельмі непрыгожай на фоне інфармацыі, якая пачала паступаць з Масквы – там прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын выступіў з асуджэньнем ГКЧП і заклікаў не выконваць загады хунты.

Тады ж Уладзімер Заблоцкі канкрэтызаваў журналістам нашыя патрабаваньні да сэсіі, якая мелася прыняць папраўку да арт. 72 Канстытуцыі “Аб вяршэнстве законаў БССР на яе тэрыторыі” і – што даўно было галоўнай мэтай БНФ – надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы.

“Многае павінны зразумець і людзі, якія дагэтуль не задумваліся пра сутнасьць “абноўленага Саюзу”, пра тое, чаму неабходны сувэрэнітэт кожнай рэспубліцы і чаму трэба яго дамагацца. Гэта будзе самая слушная выснова, якую зараз зробіць беларускі народ. Я спадзяюся на гэта!» – сказаў Уладзімер Заблоцкі ў інтэрвію газэце “Свабода”.
n8.JPG
Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ, раніца 19.08.1991 г. З архіву С. Навумчыка.

“МЫ МАЕМ ДАЧЫНЕНЬНЕ З ТАТАЛІТАРНЫМ ПРЫЁМАМ ЗАХОПУ ЎЛАДЫ”

У калідорах Вярхоўнага Савету пачалі зьяўляцца і нашыя палітычныя апанэнты дэпутаты-камуністы. Настрой у іх быў бадзёры, некаторыя паблажліва паляпвалі нас па плячы – маўляў, трымайцеся, хлопцы, раней было так, жартачкі, а вось зараз у вас пачнуцца цяжкія часы. Некаторыя зласьліва казалі: вы на свабодзе апошнія дні.

У тралейбусе па дарозе ў Вярхоўны Савет Пазьняк зрабіў накіды заявы, але паколькі мы (Баршчэўскі, Голубеў і я) дабраліся раней і мелі перад сабой тэксты Канстытуцыі і законаў, дык тэкст ужо быў складзены (тыя паперы ў мяне захаваліся, тэкст напісаны рукой Лявона Баршчэўскага). Пазьняк ухваліў наш тэкст – зводзіць два варыянты ў адзін проста не было часу – мы зрабілі нейкія дадаткі, падпісалі і перадалі журналістам.

n9.JPG
Чарнавік заявы дэпутатаў апазыцыі БНФ, раніца 19.08.1991. Напісана Л. Баршчэўскім. З архіву С. Навумчыка

Пазьняк адразу ўзяў справу ў свае рукі – ён заўсёды дзейнічаў у экстрэмальных сытуацыях рашуча, пачаў абзвоньваць людзей, аддаваць распараджэньні. Галоўным вызначыў – арганізаваць масавы супраціў хунце (гэта на плошчах) і дамагчыся скліканьня нечарговай сэсіі. Адначасна вырашылі правесьці мітынг перад Домам ураду.

Мы аддрукавалі заяву і перадалі яе журналістам.

“Заява народных дэпутатаў БССР ад апазыцыі Беларускага Народнага Фронту.
У ноч з 18 на 19 жніўня г.г. у Маскве шэрагам асоб, якія займаюць адказныя дзяржаўныя пасады Саюзу ССР, зроблена спроба дзяржаўнага перавароту. Гэтая спроба парушае арт. 127-3 п. 15 дзейнай Канстытуцыі СССР і арт.15 Закону Саюзу ССР “Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча”. Згодна з гэтымі заканадаўчымі актамі, Прэзыдэнт Саюзу СССР можа абвяшчаць надзвычайнае становішча ў асобных рэгіёнах СССР толькі са згоды адпаведных ворганаў дзяржаўнай улады рэспублік “у інтарэсах гарантаваньня бясьпекі грамадзян СССР пры стыхійных бедзтвах, буйных аварыях альбо катастрофах, эпізаотыях, а таксама пры масавых беспарадках. Такім чынам, законных падставаў для ўвядзеньня надзвычайнага становішча у Беларусі і ў СССР няма. Разам з тым, праз 10 гадзін пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча адсутнічае Заява Прэзыдэнта СССР М.С. Гарбачова аб добраахвотным намеры спыніць выкананьне сваіх паўнамоцтваў і мэдыцынскае заключэньне аб стане яго здароўя. У сувязі з гэтым, законным кіраўніком Саюзу ССР застаецца Прэзыдэнт СССР, які можа быць адхілены ад сваёй пасады ня менш як 2/3 галасоў ад агульнай колькасьці Зьезду народных дэпутатаў СССР.

Зьдзейсьненым 18-19 жніўня г.г. актам бальшавікі-камуністы яшчэ раз пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць да гвалтоўнага вырашэньня сацыяльных і іншых праблем. Мы маем дачыненьне з таталітарным прыёмам захопу ўлады.

Дэпутаты ад Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР заклікаюць усіх грамадзян Беларусі захоўваць арганізаванасьць, вытрымку й дысцыпліну, выконваць толькі рашэньні канстытуцыйных органаў улады. Заклікаем нашых выбаршчыкаў правесьці 20 жніўня, у нерабочы час, пасьля 18 гадзін, сустрэчы з народнымі дэпутатамі ўсіх узроўняў і запатрабаваць спыненьня дзейнасьці незаконнага “Дзяржаўнага Камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР”.

Мы зьвяртаемся да ваеннаслужачых Савецкіх Узброеных Сіл, супрацоўнікаў МУС і КДБ БССР з заклікам захоўваць вернасьць Канстытуцыі Беларускай ССР і Саюзу ССР, свайму службоваму абавязку, пазьбягаць ужываньня сілы і ўстрымацца ад падтрымкі неканстытуцыйных органаў.

Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР патрабуе тэрміновага скліканьня надзвычайнай Сэсіі ВС БССР для абмеркаваньня становішча і прыняцьця неабходных захадаў. Народныя дэпутаты БССР Л. Баршчэўскі, Ю. Беленькі, І. Гермянчук, В. Голубеў, Г. Грушавы, Б. Гюнтэр, Л. Дзейка, У. Заблоцкі, Л. Зданевіч, В. Какоўка, М. Крыжаноўскі, С. Навумчык, У. Новік, Я. Новікаў, З. Пазьняк, С. Папкоў, П. Садоўскі, С. Слабчанка, У. Станкевіч, Г. Сямдзянава, А. Трусаў, Я. Цумараў. 19 жніўня 1991 г.”.

Крыху пазьней Пазьняк напісаў лісты да старшыні Савету Міністраў Вячаслава Кебіча, старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага і міністра ўнутраных спраў Уладзімера Ягорава з заклікам “праявіць дзяржаўную мудрасьць, вытрымку, вернасьць Беларускай рэспубліцы, не прымаць ніякіх патрабаваньняў і загадаў так званага камітэту па надзвычайным становішчы, выконваць законы і Канстытуцыю БССР”. Кожны ліст падпісалі некалькі дэпутатаў БНФ, якія ў той момант былі ў пакоі апазыцыі.

Пётра Садоўскі, які ўзначальваў Камісію ВС па міжнародных сувязях, быў адзіным з дэпутатаў БНФ, які меў факс – і неўзабаве нам удалося усталяваць сувязь з атачэньнем Барыса Ельцына. З Масквы нам пераслалі тэксты указаў – пад усімі, акрамя подпісу, Ельцын пазначаў і дату.

n10.JPG
Фрагмэнт дасланага ў Менск звароту Барыса Ельцына. 19.08.1991. З архіву С. Навумчыка

n11.JPG
Станіслаў Шушкевіч

Разам з намі запатрабаваў склікаць сэсію Станіслаў Шушкевіч – ён зьвязаўся з кіраўніком Кіргізстану Акаевым, які не падтрымаў КГЧП. Званіў ён і некаторым іншым дэмакратычным палітыкам “пры пасадах” – у яго як у першага намесьніка старшыні ВС быў тэлефон ВЧ (перад гэтым, увесну таго самага 1991-га Яўген Будзінас выдаваў зборнік артыкулаў Андрэя Сахарава і папрасіў мяне дамовіцца з Анатолем Сабчаком, які лічыўся паплечнікам Сахарава па міжрэгіянальнай дэпутацкай групе і быў мэрам Ленінграду, наконт прадмовы да кнігі. Я з Сабчаком быў не знаёмы і пайшоў да Шушкевіча. Ён пасунуў да мяне ВЧ - “Званіце!”. Сабчака на месцы не аказалася, і я перадаў просьбу ягонаму вельмі ветліваму памочніку. Прозьвішча памочніка – Пуцін – нічога мне не казала).

Шушкевіч зьвярнуўся да Дземянцея з прапановай склікаць нечарговую сэсію, але станоўчага адказу не атрымаў. Канешне, пазыцыя Шушкевіча як першага намесьніка старшыні ВС ў дні путчу, асабліва тое, што ён выказаўся за скліканьне нечарговай сэсіі, была для нас падтрымкай.

МЕНЧУКІ ВЫЙШЛІ НА ПЛОШЧУ

Але мы разумелі, што наўрад ці здолеем нешта зрабіць без падтрымкі людзей.

А з гэтым было цяжка. У нас не было доступу да тэлебачаньня і радыё (кіраўнік дзяржтэлерадыё Аляксандар Сталяроў у той дзень памяняў праграмную сетку, каб трансьляваць распараджэньні ГКЧП), афіцыйныя газэты назаўтра зьмясьцілі загады ГКЧП на першых палосах. У нас заставаліся “Свабода”, “Навіны БНФ”, канешне, была сувязь і з карэспандэнтамі радыё “Свабода”. Асноўныя мітынгі мы разьлічвалі правесьці 20 жніўня (эфір “Свабоды” быў толькі увечары 19-га, а раніцай 20-га маглі ўжо выйсьці нашыя газэты, раней проста паведаміць не было як), але праз “каналы” БНФ мы заклікалі прыйсьці людзей да Дому ўраду ужо сёньня, увечары 19-га.

Некаторыя прыйшлі на гэты заклік, некаторыя – самі.

Людзей было мала.

n12.JPG
На мітынгу БНФ супраць путчу. Менск, плошча Леніна, жнівень 1991 г. Фота Ул. Кармілкіна

У параўнаньні з колькасьцю, якую сабрала падвышэньне цэнаў у красавіку (тады стаяла некалькі дзясяткаў тысяч) – прыйшла, можна сказаць, мізэрная колькасьць – добра калі дзьвесьце чалавек. А можа быць і менш.

Людзей было ў той, першы дзень путчу, няшмат, але галоўнае – яны прыйшлі.

І гэта былі людзі, якія прыйшлі бараніць свабоду і Беларусь, і ніякія падачкі не прымусілі б іх адмовіцца ад сваіх намераў.

n13.JPG
Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Заблоцкі на мітынгу БНФ супраць ГКЧП

Мы выступілі ўсе – маю на ўвазе тых дэпутатаў БНФ, якія былі ў Доме ўраду, – распавялі пра паход да Дземянцея, пра пазыцыю Ельцына, патлумачылі, чаму вымушаныя падтрымаць Гарбачова і чаму патрабуем склікаць нечарговую сэсію, і папрасілі людзей прыйсьці на плошчу заўтра і прывесьці знаёмых.

n14.JPG
Сяргей Навумчык на мітынгу БНФ супраць ГКЧП. Жнівень 1991.

Мы імкнуліся трымацца бадзёра – хаця ўсьведамлялі ўсю складанасьць сытуацыі. Магчыма, было б лягчэй, калі б на плошчу прыйшло ня дзьве сотні, а некалькі тысяч. Але для тых, хто спрабаваў узяць уладу ў Маскве, і гэтыя тысячы не былі б перашкодай для прымяненьня сілы. Дый калі яны лічылі людзскія жыцьці? І ўсё ж бачыць твары аднадумцаў тады, увечары 19 жніўня, было для нас важна.

n15.JPG
Здымак у газэце “Свабода”, N 12, верасень 1991 г

20/8/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2011
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024