20 год незалежнасьці Беларусі: Юры Беленькі і яго сям'я

4 красавіка 2011 г.

Навіны

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода. Зь сям’ёй Юрыя Беленькага я пазнаёмілася ў 2006 годзе, калі нашыя дзеці рыхтаваліся паступаць у першую клясу. Дачка Юрыя Яня і мой сын Якуб вучацца ў адным клясе беларускамоўнай гімназіі ў Менску. Цяпер ім па 10 гадоў. *Якуб Дынько і Яня Беленькая. 1 верасьня 2007 году. *

Юры Беленькі, ягоная жонка Кацярына і дачка Яня — героі нашай сёньняшняй праграмы.

Юры Беленькі — адзін зь лідэраў Беларускай кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — прыклад чалавека, якому гістарычны пералом адкрываў неверагодныя кар’ерныя магчымасьці. Маючы выдатную эканамічную адукацыю, ён ужо ў сярэдзіне 80-х у 26-гадовым узросьце стаў кіраўніком фінансавага аддзелу менскага заводу «Ўдарнік». Перад ім быў просты і гладкі шлях — асьпірантура, кар’ера, прадказальнае і імклівае падвышэньне пасадаў і заробкаў. Той час сапраўды выштурхоўваў на паверхню маладых і актыўных.

Але Юры Беленькі ўзначаліў на «Ўдарніку», дзе тады працавала 2000 чалавек, суполку БНФ, у якую ўвайшло 10 чалавек, і захацеў пайсьці ў дэпутаты.

*Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі *

Юры Беленькі: «На заводзе трэціраваньне было, гэта ж усё ішло разам з КДБ. Яны выходзілі на кіраўніцтва, выходзілі наўпрост на мяне, пагражалі. Памятаю, выклікае мяне дырэктар і кажа: „Дык ты ж будзеш толькі вуліцу падмятаць“. І я вось, памятаю, дні два хадзіў, думаў — падмятаць мне вуліцу ці здацца. І калі я для сябе вырашыў, што я лепш буду вуліцу падмятаць, мне настолькі стала лёгка. І самае цікавае, што пасьля гэтага ўсе ад мяне адчапіліся».

У 1990 годзе 29-гадовы Юры Беленькі быў абраны дэпутатам у Вярхоўны і ў Менскі гарадзкі саветы. Уваходзіў у апазыцыю БНФ, дзе адказваў за пытаньні банкаўскай і фінансавай сфэры, удзельнічаў у падрыхтоўцы ўсіх эканамічных праграмаў. У яе ценевым кабінэце ўзначальваў міністэрства фінансаў.

*Дэпутаты Апазыцыі БНФ на вясельлі Лявонція Зданевіча. Зьлева направа: Сяргей Антончык, Ірына Голубева, Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі, маладажоны Зданевічы, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі, Лявон Баршчэўскі. 1992. З архіву С.Навумчыка. *

*Юры Беленькі выступае на сустрэчы ў Магілёве. 1990. *

Радыё Свабода: «Як вашыя бацькі паставіліся да таго, што вы такі шлях абралі?»

Юры: «Яны з разуменьнем паставіліся. Іншая справа, што быў такі эпізод. У той час выйшла інструкцыя КПБ, як узьдзейнічаць на нефармалаў. І там быў адзін з мэханізмаў узьдзеяньня — праз бацькоў. Быў такі эпізод: выклікае мяне дырэктар, так нешта мнецца, пасьля кажа: „Тваю асабовую справу паглядзеў, у цябе вось бацькі такія харошыя. Хачу з тваім бацькам паразмаўляць“. Я ўсьмешку схаваў, кажу: „Ён на дачы“. Тады ён: „Ну, як прыедзе, няхай зойдзе“.

Я прыходжу дадому, кажу: „Бацька, цябе тут „у школу“ выклікаюць. Калі будуць званіць, скажы, што цябе дома няма“. Бацька з разуменьнем паставіўся да гэтага.

Праходзіць два дні , ізноў дырэктар выклікае: „Дзе твой бацька?“ Я кажу: „На дачы“. Тады кажа дырэктар: „Я даю сваю машыну, яжджайце, прывозьце бацьку“.

Я бачу такую сытуацыю, іду ў свой аддзел, а ў мяне адны жанчыны працавалі. Кажу — так і так, „бацькоў у школу выклікаюць“. Толькі сказаў, гляджу — адна за дзьверы, другая, трэцяя. Праз пару гадзін увесь завод ужо ведаў пра сытуацыю. Пасьля гэтага пытаньне было вырашана, больш да гэтага дырэктар не вяртаўся».

*Пакет дакумэнтаў, падрыхтаваных Апазыцыяй БНФ для аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. 23 жніўня 1991 г. Подпіс Ю.Беленькага — № 20. З архіву С. Навумчыка. *

Радыё Свабода: «А на працы ў бацькоў былі нейкія размовы?»

Юры: «Не. Мой бацька быў кавалём, і ён ужо ў 50 гадоў зарабіў сабе пэнсію. У яго вельмі цяжкая праца было. Я быў у яго на працы: уявіце сабе — печ у 1000 градусаў, там стаяць немагчыма было, а яшчэ ж і працаваць трэба. Ён быў вельмі добрым майстрам. І сам па сабе па характары такі чалавек, што наўрад ці на яго маглі аказаць нейкі ціск».

Радыё Свабода: «А як выхоўвалася беларускасьць у сям’і?»

Юры: «Я ўжо, напэўна, сфармаваўся як беларус гадоў у 12. Я потым задумаўся, стаў аналізаваць. Беларускія кніжкі. Адчуваньне сваіх каранёў, калі я прыяжджаў на радзіму да маці, у Старобін. У вёску бацькі — у Гомельскую вобласьць. Стаў узгадваць, то для таго ўзросту, што мяне цікавілі, гэта Янкі Маўра кніжкі былі і Быкаў. Побач бібліятэка Пушкіна і школа. І калі не было трэніровак — я футболам займаўся — я адразу са школы ішоў у бібліятэку і чытаў кніжкі, ня толькі дзіцячыя, але і дарослыя».

Радыё Свабода: «Яня, а ты якія кніжкі чытаеш?»

*Юрась Беленькі. 1967 *

**Яня Беленькая: **«Зараз я чытаю пра вундэркінда ці «Как я соскучился по дождику».

Радыё Свабода: «А зь беларускай літаратуры нешта чытаеш?»

Яня: «Я чытаю па-руску, каб лепш навучыцца пісаць».

Юры: «Праблемы з рускай мовай — сямёрка. А зь беларускай няма праблемаў».

Яня: «А па матэматыцы дзявятка».

Кацярына Беленькая: «Проста ўсе кніжкі добрыя — „Мах і Шэбестава“, „Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі“ і іншыя мы перачыталі, як яна, напэўна, яшчэ чытаць ня ўмела».

*Яня Беленькая ў канцэртным строі. *

**Радыё Свабода: **«Яня, а чым ты яшчэ займаесься?»

Яня: «Я хаджу на танцы. Я люблю танчыць. Яшчэ я дома люблю памаляваць. Я люблю маляваць розныя прыкметныя рэчы — Эйфэлеву вежу, піраміды…»

Радыё Свабода: «Юры, а як вашая кар’ера разьвівалася пасьля таго, як скончыліся паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 12 скліканьня? Як яна ўплывала на сямейнае жыцьцё?»

Юры: «Ну, а потым мяне паклікаў мой шэф і сказаў, што прыходзілі людзі зь пісталетамі, чакалі там. Правакацыі былі на тым месцы. Нават у газэтах пісалі, што быццам бы званілі з тэлефона, што замініраваны вакзал. Гэта з нашага тэлефона званілі, толькі мы былі ў гэтым офісе, а потым пераехалі ў іншы. Можа, тыдзень які разьбежка, яны ўварваліся ў той офіс, а там ужо нікога не было.

Ну, мае гавораць — гэта з-за цябе. Я кажу — не, не з-за мяне.

Ну, а потым, калі ўжо адкрыта сказалі — ці ён, ці ўвогуле структура. Я ў „Амкадор-траст“ працаваў замдырэктара. Прыйшлося сысьці цалкам і прадаць усю сваю маёмасьць, якую можна было прадаць, каб жыць. Кватэру, акцыі, будматэрыялы, усё, што за час кар’еры „бліскучай“ было нажытае…

*Юры Беленькі на трыбуне Вярхоўнага Савету. *

Апошняе месца, дзе я працаваў, — гэта нам. галоўнага ўрача па эканамічных пытаньнях УП „Цэнтар па дэзынфэкцыі“ з 2008 па 2010 год. А цяпер вось ізноў праблема, як знайсьці працу, бо ня так усё проста. Сытуацыя такая зараз нялёгкая. Гаворка не ідзе пра кар’еру, гаворка ідзе пра любую працу, якая б прыносіла даход. Цяпер так пытаньне стаіць. Ужо даўно для мяне такое паняцьце, як кар’ера, ня мае значэньня. Я ўжо спакойна стаўлюся, жонка, канечне, нэрвуецца».

Калёна КХП БНФ на Дзяды. 2009.

Радыё Свабода: «А чаму?»

**Юры: **«Як Райкін казаў — каб ты жыў на адну зарплату. Дык вось цяпер, калі мы жывем на адну зарплату, прычым зарплату жонкі, гэта вельмі цяжка».

Кацярына Беленькая: «Я лічу, што нашая Янка пацярпела ад гэтага рэжыму яшчэ ў жываце седзячы, калі я была цяжарная. Гэта быў 2000 год, калі Юру зьбілі, у яго была моцная чэрапна-мазгавая траўма. Гэта было на мітынгу 25 сакавіка. Яго забралі тады ў суботу, і ён сядзеў 3 дні без усякай мэдычнай дапамогі. У панядзелак, калі мы яго ўбачылі, у яго такія кругі чорныя пад вачыма, крывавыя.

Прывезьлі яго ў бальніцу, і там яны сталі запаўняць картку, пры якіх абставінах быў зьбіты, атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Мы сталі тлумачыць, што так і так, на мітынгу, быў міліцыяй зьбіты.

І лекар тады кажа: „Мне трэба параіцца з галоўным“. Хаця быў панядзелак, гэта ўжо было пасьля суду — непрацоўны яўна час».

Ён пайшоў раіцца, прыйшоў і кажа: «Вы ведаеце, мы адпусьцім вас дамоў». Хаця да таго ён сказаў — «вы што, што вы гаворыце такое, ён можа памерці, пакуль вы яго будзеце везьці». Ён, праўда, адвёў мяне ўбок і сказаў: «Вы не глядзіце, што ён ходзіць вось у вас так на нагах, бо ЧМТ — гэта справа такая, што ён тут ходзіць, а праз тры дні можа памерці… Так што ўначы ён пакладзецца спаць, а вы кожныя пару гадзін прачынайцеся, глядзіце, ці ён жывы».

І зараз, калі Някляева зьбілі, мы вельмі перажывалі, бо ведалі сапраўды, што такое гэтая чэрапна-мазгавая траўма.

А наступны раз, напэўна, было Янцы месяцаў восем, таксама яго пасадзілі на 15 сутак, і я памятаю, што Янка тая яшчэ стаяць добра ня ўмела, мы зь ёю езьдзілі ў РУУС на Арлоўскай. Тады пазванілі, сказалі, што яму можна нешта прывезьці. І мы зь Янкай стругалі цыбулю нейкую і сала і завозілі яму.

Юры Беленькі ў камэры на Акрэсьціна. Сакавік 2000 А потым быў выпадак сьмешны, калі яго пасадзілі ў 2006 годзе. Янцы было 6 год. Мы, праўда, ёй нічога не сказалі. Сказалі, што тата зьехаў у Польшчу. А калі прыехалі сустракаць яго, напэўна, 15 сутак ён адседзеў, яна яго не пазнала«.

Юры: «А я з барадой выйшаў, барада такая адрасла за гэты час».

*Вызваленьне з Акрэсьціна. Юры (другі справа) і Яня Беленькія. 2006 *

Радыё Свабода: «Каця, ты калі выходзіла замуж, разумела, за каго замуж ідзеш?».

Кацярына: «Разумела ж, напэўна. Але асабліва ў 19 год мазгоў, думаю, яшчэ няма».

Радыё Свабода: «Гэта ж быў 97 год, яшчэ гадоў за 5 да таго сп. Юры быў, напэўна, такі бліскучы кавалер зь неверагоднай кар’ерай, пэрспэктывамі і г.д., а вось у 97 годзе ўжо ўсё было па-іншаму».

*Юры Беленькі ў сэкцыі бальных танцаў Палаца прафсаюзаў. 1988. *

Юры: «Не, яна калі выходзіла, я яшчэ працаваў намесьнікам дырэктара фірмы».

Кацярына: «Ага, а адразу, як жаніўся, празь месяц ён звольніўся. А пра жаніцьбу, таксама… Мы ажаніліся, яшчэ мядовы месяц не прайшоў — і яго на 10 сутак пасадзілі з аўтаматамі таксама».

Юры: «Цікавая гісторыя была».

**Кацярына: **«Мы паехалі ў банк. Я засталася ў машыне, нешта прыдрамала, а ён пайшоў«.

**Юры: **«У свой банк, дзе завод абслугоўваўся, дзе мяне ўсе ведаюць, пачынаючы ад ахоўнікаў і сканчаючы ўпраўляючым».

**Кацярына: **«А справа была па 27 ліпеня, сыходзіла два месяцы па адміністрацыйнай адказнасьці».

**Юры: **«Яны разаслалі партрэты асабліва небясьпечных злачынцаў. І калі яны мяне бралі, яны думалі, што я — асабліва небясьпечны злачынец. Мне — наручнікі, з аўтаматамі выводзяць да маёй машыны. Я думаю — во, ёлкі-палкі, толькі пажаніліся, два тыдні прайшло, а мужыка ўжо з аўтаматамі ў наручніках выводзяць».

**Радыё Свабода: **«Як увогуле атрымалася, што вы пажаніліся?».

Юры: «Памочніца мая ў дэпутацкай кампаніі была».

Радыё Свабода: «А як атрымалася, што стала памочніцай?».

Кацярына: «Мы ж бегалі малыя ўва Фронт. Я тут у тэхнікуме на Чырвонай вучылася, дык мы бегалі кожную вольную хвіліну, вечарамі праседжвалі. На мітынгі хадзілі, улёткі расклейвалі. Ой, колькі мы інтэрнатаў абышлі, калі ў яго была перадвыбарчая кампанія!(рэд. — выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня ў 1995 годзе). Я помню, нейкі быў чэмпіянат сьвету ці Эўропы па фігурным коўзаньні. і мне так хацелася паглядзець гэтае фігурнае коўзаньне, а замест гэтага прыходзілася зь ім па інтэрнатах цягацца, агітацыю праводзіць».

*Кацярына Беленькая з дачкой Яняй, сястрой Веранікай Дзядок і яе дачушкай — Евай Харэўскай. Дзяды. 2010 *

Юры: «Але ж тады я выйграў, я 52% узяў. Яны што зрабілі, каб не пусьціць — штучна завысілі кворум. І афіцыйна ў газэтах пісалі, што 52%, але 60 чалавек не хапіла да кворуму. А як рабілі? Рабілі двайныя сьпісы. Прыходзіць чалавек, яму кажуць: „Вас няма ў сьпісах. Давайце дадатковы“. Мэханізмы ўжо тады адпрацоўваліся».

Радыё Свабода: «Яня пайшла ў беларускамоўную гімназію?».

Юры: «Але ж ясна, што дзіця мусіла вучыцца ў беларускай школе, тут пытаньняў не было. Цікавае было пытаньне з садком. Там нейкая рэзэрвацыя была створаная, нейкая групка недзе, і вазіць праз увесь горад было неяк… І мы вадзілі тут у бліжэйшы рускамоўны.

Кацярына: «Ну якая рэзэрвацыя, ніякая не рэзэрвацыя…»

Юры: «А як гэта назваць, калі на двухмільённы горад ствараецца адзін садок зь беларускай мовай і туды трэба вазіць? І быў выпадак. Мы з раніцы адпраўляем дзіця , я кажу: «Янечка, прыйдзеш у садок, не забудзь сказаць „добрай раніцы“ і нешта такое. А тут дзіця — і маўчыць нешта, а потым кажа: „А я ня буду“. Выхавацельніца, ня памятаю, як яе звалі, аказваецца, сказала: „Дома разговаривай на своем белорусском языке“.

Я ў гэты садок да загадчыцы. Сказаў: „Ведаеце, я былы дэпутат. Я за зьнявагу, за падрыў псыхічнага здароўя майго дзіцяці падам у суд. Вы будзеце несьці крымінальную адказнасьць!“

У яе там калаціліся рукі і ногі. Назаўтра яна сказала, што ня спала ноч з-за гэтай размовы. А выхавацельніца прапанавала мне быць беларускім Дзедам Марозам на ранішніку, а Янечцы — сьнягуркай. Далі сцэнар па-расейску, натуральна, я яго перапісаў, не паленаваўся».

*Дзед Мароз і Сьнягурка — Юры і Яня Беленькія. 2005. *

Радыё Свабода: «А як увогуле гадаваць цяпер дзіця ў беларускай сям’і?»

Кацярына: «Я вельмі падтрымліваю сем’і, дзе на хатняй адукацыі дзеці. Але гэта, канечне, трэба аптымальна, каб было трое-чацьвёра дзяцей, каб бацька зарабляў добрыя грошы, а ў школе гэтай рабіць няма чаго.

Юры: «Можа, прыйшла пара сапраўды структурызавацца беларускаму грамадзтву, каб навучаньне дзетак весьці — можа, па 5–10 чалавек у кватэрах, бо цяпер антыбеларуская адукацыя. Памятаю эпізод у Вярхоўным савеце: Крыжаноўскі Мікалай — наш сябра апазыцыі — прынёс падручнік, кшталту як цяпер „Мая радзіма Беларусь“. Там было такое заданьне: „Пакажы і раскажы па малюнках, як камуністычная партыя клапоціцца аб тваім жыцьці“. Ён зачытаў, там усе рагаталі. А калі ён выступаў, кажа: „Хіба ж дзіцяці трэба пра гэта распавядаць? Дзіцяці трэба пра коціка, пра сабачку…“ Дзіцяці трэба палітыку даводзіць у той ступені, у якой гэтыя веды адпавядаюць узросту. Але самы галоўны ўпор у нас у выхаваньні на тое, што ты беларуска, ты мусіш на сваёй мове гаварыць, а не на мове ворагаў, ты мусіш беларускія кніжкі чытаць, ты мусіш атрымліваць добрую адукацыю, разьвівацца».

*Юры і Яня Беленькія ў Курапатах. Красавік 2006. *

Радыё Свабода: «А калі вы адчулі, што вам патрэбная вера? Наколькі Яніна выхаваньне рэлігійнае?»

Юры: «Быў такі эпізод цікавы. Калі я служыў у войску, з паралельнага клясу хлопчык быў кадравы афіцэр. Ён папрасіў, каб я быў хросным бацькам. Я тады належаў намінальна да праваслаўнай царквы. Як ён зразумеў, што гэта мушу быць менавіта я?

*У войску Юры Беленькі быў начальнікам фінансавай службы. Калодзішчы. 1986 *

У Яні выхаваньне добра ідзе. Яна ходзіць у нядзельную школу».

Кацярына: «Мы калі хрысьціліся, таксама я цяжарная была. А эвангельскія хрысьціяне хрысьцяцца поўным пагружэньнем у ваду, таму мы зь Янкай як бы разам хрысьціліся».

Радыё Свабода: «Яня, ты часта ў царкву ходзіш?».

Яня: «Кожную нядзелю».

Радыё Свабода: «А што вы там робіце?».

Яня: «Праходзім розныя тэмы зь Бібліі, розныя падзелкі робім».

Радыё Свабода: «Цікава там?».

Яня: «Вельмі».

Радыё Свабода: «А многа там дзетак?».

Яня: «Маленькіх дзетак шмат — такім, каму па 2–3 годзікі. А такіх, як я, мала».

Юры: Мы ж ходзім у беларускую эвангельскую царкву. Казаньні па-беларуску, нядзельная школка па-беларуску. У Янькі ёсьць дзіцячая Біблія, там ёсьць праграма, якую яна выконвае. Як урокі яна робіць, так яна сядае, прачытвае пэўны разьдзел, адзначае«.

Кацярына: «Я, па шчырасьці, ня ведаю, як у сучасным сьвеце бязь веры можна выхоўваць дзіця. Для мяне што вера, што мова — аднолькава. Адно без аднаго ня можа існаваць».

*Крыніца: Радыё Свабода \\\ http://www.svaboda.org/content/transcript/2338211.html *