Расейская імпэрыя. Факты і падзеі №17

7 декабря 2010 г.

Навіны

Выканаўца абавязкаў кіраўніка футбольнай асацыяцыі Англіі Роджэр Бэрдэн адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах сталага кіраўніка арганізацыі ў знак пратэсту супраць рашэньня ФІФА аддаць чэмпіянат сьвета 2018 года Расеі. Бэрдэн абвінаваціў ФІФА ў неаб’ектыўнасьці пры разглядзе заявак краін, якія прэтэндавалі на правядзеньне турніра. Бэрдэн сказаў: “Я не жадаю мець справу з людзьмі, якім я не давяраю”. Бэрдэн зазначыў, што перад галасаваньнем ФІФА прызнавала ангельскую і расейскую заяўкі аднолькава моцнымі, але незалежныя экспэрты аддавалі перавагу Англіі і прэзэнтацыя ангельскай заяўкі атрымала самыя высокія адзнакі. Але ўжо ў першым туры галасаваньня Англія выбыла з конкурса, атрымаўшы ўсяго 2 голаса з 22. “Я не магу зразумець, як атрымалася, што нам дасталіся толькі два голаса”. – сказаў Бэрдэн. Бедны салідны англічанін! Масква заплаціла галасоўшчыкам такі шалёны хабар, што ў іх самы рукі пачалі галасаваць “за” – за чэмпіянат у мафійнай і разьдзертай канфліктамі і нянавісьцю Расеі.

Эканоміка Расеі вяртаецца ў савецкія часы. Інвэстыцыйны клімат у Расеі пагаршаецца і ў эканамічным сэнсе краіна вяртаецца ў савецкія часы. Аб гэтым у інтэрвію брытанскай газэце “Financial Times” сказаў прэзыдэнт “Альфа-Банка” Пётр Авін. Па ягоных словах, зьвязаныя з дзяржавай групоўкі абмяжоўваюць канкурэнцыю, а сур’ёзнае павелічэньне дзяржаўных выдаткаў стварае небясьпеку для бюджэта. Цяперашні бюджэт Расеі ўсё больш нагадвае гады перад распадам Савецкага Саюза. Калі да ўлады прыйшоў Гарбачоў, Расея таксама мела вялікія рэзэрвы, нізкі ўзровень запазычанасьці і высокія цэны на нафту. “Аднак, праз тры-чатыры гады (1988-89 гг.) грошай не засталося, а накапілася вялізная зьнешняя запазычанасьць”. – сказаў Авен. На прыканцы лістапада Банк Расеі паведаміў, што за дзесяць месяцаў 2010 года чысты адток капітала з краіны склаў 21 мільярд даляраў. Раней чыноўнікі разлічвалі, што па выніках года адток капітала не перавысіць 10 мільярдаў даляраў. За апошнія два гады (адразу пасьля кароткай, але “эфэктыўнай” вайны Расеі супраць Грузіі) інвэстары пачалі актыўна выводзіць сродкі з расейскай эканомікі: у у 2008 годзе адток капітала склаў 130 мільярдаў даляраў, а ў 2009 годзе – 56,9 мільярдаў даляраў.

6 сьнежня ў Пушкіне (прыгарад Пецярбурга) быў узарваны помнік Леніну. Ад выбуха Ленін моцна нахіліўся і завіс на пастамэнце. У суседніх дамах вылецелі шыбы, у краме насупраць выбуховай хваляй былі разьбіты вітрыны. Ленін абрыднуў нават у “Ленінградзе”.

Аб’ём падазроных (крымінальных) банкаўскіх апэрацый у Расеі ўтрая перавысіў ВВП РФ. Аб’ём падазроных банкаўскіх апэрацый за дзесяць месяцаў гэтага года склаў каля 120 трыльёнаў рублёў. Гэта каля 60% аб’ёма ўсіх банкаўскіх апэрацый, зьвязаных з эканомікай, і ўтрая больш ВВП краіны, паведамляе “Коммерсант” са спасылкай на Росфінмоніторінг, які адказвае за барацьбу з адмываньнем сродкаў. Усяго гэты Росфінмоніторінг атрымаў ад удзельнікаў фінансавага рынку больш за 5,6 мільёна паведамленьняў пра сумніўныя апэрацыі. Больш за 90% такой інфармацыі прыходзіць з банкаў, а астатняя з страхавых кампаній, прафэсійных удзельнікаў рынку каштоўных папераў, ламбардаў і г.д. Гэта значна больш, чым за мінулы год. Чыноўнікі патлумачылі леташні спад падазроных (крымінальных) банкаўскіх апэрацый спадам эканамічнай актыўнасьці ў выніку крызісу. А нехта мабыць падумаў, што бізнэс у Расеі “паздаравеў”. З новай статыстыкай фінансавай злачыннасьці ён так думаць ня будзе.

Сярод рассакрэчаных сайтам WikiLeaks дакумэнтаў ёсьць паведамленьні амэрыканскіх дыпляматаў, якія абмяркоўвалі асабістае багацьце Уладзіміра Пуціна і ягоныя сувязі з кампаніяй Генадзя Цімчанкі Gunvor. Ці зашкодзіць гэтае разаблачэньне іміджу Расеі? – так пытаецца расейская рэдакцыя Радыё Свабода. Над гэтым разважае ў перадачы 3 сьнежня фінансавы аналітык Андрэй Сотнік. Паўстае карціна супрацоўніцтва заходняга капіталу, краінаў Эўразьвязу і швайцарскіх банкаў з гэбоўскай дзяржмафіяй. Вось фрагмэнты выступу А. Сотніка: “Мяне зьдзіўляюць камэнтатары, якія лічаць, што публікацыі сайта WikiLeaks пра Пуціна і Цімчанку зь ягонай Gunvor кідаюць цень на Расею. Я лічу, што яны кідаюць цень на краіны Эўразьвязу. І вось чаму. Суўладальнік Gunvor Генадзь Цімчанка, мяркуючы па ягоным пашпарце, зьяўляецца грамадзянінам Фінляндыі, які пражывае ў Швайцарыі. Гэта значыць, што чалавек, які меў адносіны да савецкіх спэцслужбаў, лёгка атрымаў грамадзянства краіны, што ўваходзіць у Эўразьвяз. Чаму? За якія заслугі? І чаму ў той жа Нямеччыне зусім інакш ставяцца да былых агентаў “Штазі”? Ёсьць над чым паразважаць. Далей, што такое Gunvor? Гэта складаная сістэма міжнародных кампаній (Gunvor International Ltd, Gunvor International BV, Gunvor International Service SA, Gunvor Cyprus Holding Ltd і дзесяткі іншых). Яна не ізалявана, а інтэгравана ў іншыя міжнародныя сістэмы, галоўнай зь якіх зьяўляецца швайцарская Glencor Майкла Дэвіда Рыча. Гэтая швайцарская кампанія (і дзесяткі афільяваных да яе) зьяўляецца галоўным перакупшчыкам сыравінных тавараў, што пастаўляюцца Gunvor. Скажу больш, дакладна такім жа чынам, прыкладна па той жа схеме і з удзелам таго ж Рыча СССР гандляваў праз сваіх чэкістаў. Дык што зьмянілася? І зноў падкрэсьлю: уся гэтая дзейнасьць разгортваецца зусім не ў Расеі, а ў Эўропе, у апошнія гады – у аб’яднанай Эўропе. І зусім не таямніча, а цалкам адкрыта. І што? Ды нічога. Але і гэта ня ўсё. Усе грашовыя і іншыя высокаліквідныя актывы сістэмы Gunvor разьмешваны ў двух-трох буйнейшых швайцарскіх банках. Зазначу, што без удзелу швайцарскіх банкаў уся дзейнасьць самога Gunvor зусім была б немагчымай”.

МУС Грузіі раскрыла справу аб выбухах на тэрыторыі краіны, якія адбыліся ў верасьні-лістападзе 2010 г. Грузіны абвінавачваюць у арганізацыі выбухаў афіцэра расейскай арміі Яўгена Барысава. Намкіраўніка МУС Кацярына Згуладзэ заявіла, што непасрэдна рыхтаваў выбухі Гагіта Арканія, якому “Барысаў, пагражаючы членам ягонай сям’і, перадаў у Абхазіі сродкі на выбуховыя прыстасаваньні”. Згуладзэ сказала: “Сьледства высьветліла, што перад кожным выбухам і пасьля выбухаў Барысаву па тэлефоне дакладалі аб падрыхтоўцы апэрацыі і яе выкананьні. Тэлефонны нумар, які Барысаў выкарыстоўваў для сувязі з падазраванымі, зарэгістраваны на міністэрства абароны Расеі”. Былі таксама арыштаваны некалькі грамадзянаў Грузіі, якіх падазраюць у выкананьні злачынных заданьняў расейскага ворага. Некалькі іншых знаходзяцца ў росшуку.

Пра злачынны характар дзейнасьці афіцыйнага дзяржаўнага кіраўніцтва на правінцыі Расеі час ад часу паказвае сюжэты нават расейскае тэлебачаньне. 6 сьнежня СМІ абнародвалі адзін з рэдкіх фактаў ліквідацыі злачыннай групоўкі на ўзроўні дзяржаўнай бюракратыі. Кіраўніку Энгельскага раёна Саратаўскай вобласьці Міхаілу Лысенку было прад’яўлена абвінавачваньне ў арганізацыі забойства. Лысенку арыштавалі разам з іншымі 9 ўдзельнікамі арганізаванай злачыннай групоўкі. Сьледчыя Галоўнага сьледчага ўпраўленьня ўжо сабралі доказы таго, што Лысенка ўдзельнічаў у арганізацыі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, зьдзейсьненых у Энгельсе ў 1998-2004 гг. Высьветлена таксама, што на працягу гэтых гадоў супрацоўнікі праваахоўных ворганаў прыкрывалі злачынную групоўку Лысенкі. Цяпер сьледства высьвятляе, хто з мясцовых ворганаў дзяржкіраваньня далучны да злачыннай групоўкі.

(Паводле матэр’ялаў з расейскіх СМІ)

Янка Базыль