Зянон Пазьняк: Вялікая падзея -- у нашай памяці

27 лістапада 2010 г.

Навіны

Дарагія землякі-беларусы, паважаныя сябры-фронтаўцы!

Сёньня вялікая гадавіна Слуцкага збройнага чыну. 90 гадоў таму нашыя слаўныя продкі случакі арганізавалі народнае апалчэньне, утварылі беларускія вайсковыя аддзелы і выступілі са зброяй супраць маскоўска-бальшавіцкай навалы, баронячы Беларускую Народную Рэспубліку. Тое, што невялікае дабраахвотнае войска цэлы месяц стрымлівала мільённую бальшавіцкую арду – гэта быў сапраўдны подзьвіг. Гэты подзьвіг ніколі нельга забыць, трэба каб пакаленьні беларусаў маглі раўняцца на яго прыклад.

Цяпер мы перажываем цёмны, цяжкі час прамаскоўскага рэжыму і ўнутранай акупацыі нашай краіны, час, калі вынішчаюць нашу культуру, мову і школу. На нашыя плечы, на нашу народную Партыю, на ацалелую палову Фронту (будзем так называць) лягла адказнасьць ня толькі за беларускую нацыянальную палітыку, але і за захаваньне беларускай нацыянальнай памяці. І сябры нашае народнае Партыі спраўляюцца з гэтай задачай. Створаны ўжо Народны Мэмарыял Курапаты, штогод ладзіцца крыжовае шэсьце і рэквіем на Дзяды, штогод мы арганізуем і праводзіі шэсьце “Ігуменскі шлях”, адзначаем мэмарыяльнае месца расстрэлу беларусаў у Лошыцы, гадавіны Чарнобыля і 25 Сакавіка, 27 ліпеня – гадавіны Дэклярацыі аб Незалежнасьці і 25 Жніўня – гадавіны Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, і таксама – гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

Усе адзначэньні і знакі памятных месцаў – у Курапатах і ў так званым парку імя савецкіх энкавэдзістаў-чалюскінцаў (а на справе ў Сьляпянскім лесе Ваньковіча), у Лошыцы і на Ігуменскім шляху, на магіле Скірмунта пад Пінскам, на Крапівенскім полі і на Случчыне і ў дзесятках іншых месцаў – усё гэта справа клопату, памяці, энэргіі і рук арганізацыйна-культурніцкай дзейнасьці сяброў нашае народнае Кансэрватыўна-Хрысьціянскае Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту.

Хвала нашым энтузіястам і працаўнікам! Незабывайма мінулае! Памятаем пра гераічны час і ўзвялічвайма яго ў народнай памяці!

Атрутай цемры, хамствам, страхам і нянавісьцю цяпер шмат атруцілі нашае грамадзтва і наш народ. Але супраціўляймася цемры, крушым яе, дзе толькі можам рознымі спосабамі, не палохаючыся цёмнае сілы, як гэта рабілі слуцкія змагары. Не заўсёды будзе дрэнь панаваць у Беларусі. Крок за крокам збліжаецца яе канец. Людзі ўсё больш і больш пачынаюць адчуваць гэты рух. Дык жа працуйма з дня ў дзень на нашу беларускую перамогу, байкатуйма фальшывыя выбары антыбеларускага рэжыму, не пакідайма яму шансаў ашукаць нашых людзей. Наперадзе павінны адбыцца новыя выбары без узурпатара і Ярмошынай (якую пасадзяць). Ужо цяперака набліжайма і рыхтуймася да новых падзей. Слава слуцкім героям! Слава Беларусі!

Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

28 лістапада 2010 г.