На хвалях расейскай рэдакцыі Радыё Свабода 25 лістапада прагучалі цьвярозыя галасы з Расеі. Трэба прызнаць, што аглядальнікамі і аналітыкамі ў расейскай рэдакцыі выступаюць не носьбіты правінцыйнага інтэлекту, кшталту Карбалевіча або Падгола, а сапраўды выдатныя мысьляры, здольныя на адэкватную і сьмелую ацэнку рэчаіснасьці. Палітолаг Георгі Сатараў і грамадзкі дзеяч, гісторык Юры Афанасьеў адказалі журналістам наконт нядаўняга выступу прэзыдэнта РФ Медведева на прэзыдэнцкім блогу.
Журналіст пытаецца ў Георгія Сатарава: “Вы згодныя з бязьлітасным аналізам палітычнай сытуацыі ў Расеі, якую так нечакана даў раптам Дзімітры Медведев?”
Георгі Сатараў: “Не такі ўжо гэты аналіз бязьлітасны. У відэаблогу гаворыцца аб прыкметах застою, а не аб застоі. Гаворыцца аб тым, што з канкурэнцыяй якраз усё наладжваецца. Ды й з вызначэньнем застою прэзыдэнт спазьніўся гадоў на шэсьць. Ня кажучы ўжо пра тое, што ён сам зьяўляецца істотнай часткай гэтага застою.
Дакладна таксама, як спазьніўся дыягназ застою, спазьняецца і дыягназ поўнага раскладу гэтага рэжыму. Галоўная прыкмета – абсалютная некіруемасьць так званай вэртыкалі ўлады. Апошнім часам гэта найбольш ярка праяўляецца ў дзейнасьці МУС. Ярка – таму што тут усё бачна ўсім і ўсе пра гэта чуюць. І адносіны гэтага воргана ўлады найбольш адмоўна адбіваецца на грамадзянах. Але гэта таксама тычыцца і іншых ворганаў улады. Гэтаму трэба шукаць тлумачэньні, прычыны. Але тлумачэньні прэзыдэнта ня тычацца палітычнай канструкцыі гэтай вэртыкалі. А прычыны і фактары застою сёньня такія ж, як гэта было ў Савецкім Саюзе: аднабокая эканоміка, пасоджаная на вуглевадародную іголку”.
Журналіст пытаецца: “Прэзыдэнт бачыць пагрозу ў ператварэньні стабільнасьці ў фактар стагнацыі. Стабільнасьць заўсёды нясе небясьпеку стагнацыі?”
Георгі Сатараў: “Стабільнасьць ніколі не зьяўляецца фактарам, які спрыяе якім-кольвечы дасягненьням кіраваньня. Ні стабільнасьць ня мае адносінаў да Расеі, ні стагнацыя. Усё ўжо значна горш”.
Крыніца: http://www.svobodanews.ru/content/article/2229483.html Юры Афанасьеў: “За апошнія два гады кіраўнікамі Расеі – Пуціным і Медведевым – былі дадзены некалькі вызначэньняў той кропкі на крывой гістарычнага разьвіцьця, на якой знаходзіцца Рсаея. У гэтых вызначэньнях спачатку гаварылася аб тым, як Расея выходзіла з эканамічнага крызісу, потым – аб эканамічным уздыме, потым – Расея ўставала з каленяў, а ўжо потым – аб палітычнай і эканамічнай стабілізацыі. І вось цяпер чарговае вызначэньне: аказваецца, не стабілізацыя, а хутчэй стагнацыя, з пункту гледжаньня Медведева. Увесь гэты беспарадачны і хаатычны набор вызначэньняў штораз не суправаджаецца нейкай сур’ёзнай, паглыбленай аргумэнтацыяй. Гэта проста свайго роду гуканьне. І гэтае гуканьне сьведчыць аб няздольнасьці і Пуціна, і Медведева вызначыць сапраўднае становішча, у якім знаходзіцца Рсаея.
Разам з тым, калі без эмоцый паглядзець на сукупныя паказчыкі ў розных сфэрах – эканомікі, сацыяльнай і духоўнай сфэры, — то такі погляд з усёй відавочнасьцю паказаў бы, што Расея знаходзіцца па ўсіх гэтых сфэрах у стане ня проста дэградацыі, а прысьпешанага раскладу.
Трэба сказаць, што ні Пуцін, ні Медведев, ні гэты рэжым – не яны прычына гэтага стану. Прычыны гэтай нарастаючай энтрапіі значна глыбей. Яны нават не ў савецкім ладзе, а яшчэ і ў дасавецкім рэжыме. Гэта ёсьць дэградацыя таго, што прынята часам называць “рускай сістэмай”: сістэма эканомікі, сацыяльная сістэма, духоўная сістэма грамадзтва. Самая вялікая віна Пуціна і Медведева заключаецца ў тым, што яны замест спробы нейкім чынам выйсьці з гэтай сістэмы, робяць усё для таго, каб гэтую сістэму зрабіць яшчэ больш жорсткай. Амярцьвіць тое, што ў ёй і без таго ўжо было мёртвым. І гэта ёсьць каласальнае злачынства перад паміраючай Расеяй”.
Крыніца: http://www.svobodanews.ru/content/article/2230121.html
Пераклад з расейскай.