14 лістапада сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Байкот – гэта мэханізм барацьбы” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Людзі Беларусі з большага не зьвяртаюць увагі на дзеяньні арганізатараў выбарчага фарсу, не цікавяцца імі – як рэжымнымі, так і псэўдаапазыцыйнымі арганізатарамі фальшывых выбараў. Рэжым і яго псэўдаапазыцыю вельмі трывожыць і нэрвуе пазыцыя нашых грамадзянаў, якія ня хочуць быць аб’ектам шулерскіх маніпуляцый і арганізаванага падману грамадзтва. Усе чакаюць не “выбараў”, а таго, што адбудзецца пасьля “выбараў”. Катастрафічны стан эканомікі і фінансаў краіны сьведчыць аб тым, што пасьля выбарчага фарсу адбудзецца рэзкае абвастрэньне крызіса, якое адаб’ецца на кожнай беларускай сям’і. Ёсьць таксама ўскосныя сьведчаньні панікі, якая перад канчатковым эканамічным правалам ахапіла прадстаўнікоў рэжыму і колы, блізкія да рэжыму. У заходніх краінах у апошнія месяцы зьявілася шмат асобаў з вялікімі грашыма, якія скупляюць на чужыне маёмасьць і падобна што рыхтуюць для сябе шляхі адыхода з Беларусі, даведзенай імі да катастрофы. Валюта зьнікла з абменных пунктаў па ўсёй краіне. Па логіцы можна зразумець, што валюту набываюць, выкрадаюць і вывозяць якраз згаданыя асобы з рэжымных і калярэжымных колаў.
Грошы, атрыманыя па замежных крэдытах на рэструктурызацыю эканомікі і рэформы, раскрадаюцца або выкарыстоўваюцца для запаўненьня эканамічна-фінансавых “дзірак”. У той жа час нядаўна была зацьверджана “дзяржаўная праграма па разьвіцьці зімовых відаў спорту”, галоўным пунктам якой зьяўляецца заплянаваная пабудова 26 новых “лядовых спартыўных палацаў” па ўсёй Беларусі, у вялікіх і малых гарадах. У Менску рэжым заплянаваў пабудову новага каласальнага стадыёна ў Шчамысьліцах і рэстаўрацыю стадыёна “Дынама”.
Такім чынам, вялікія грашовыя сумы рэжым выдаткоўвае і будзе выдаткоўваць не на разьвіцьцё эканомікі, грамадзкага транспарту, сістэмы аховы здароўя, не на адукацыю і культуру, а на нікому непатрэбныя “лядовыя гіганты”. Гэта пры тым, што сам Лукашэнка публічна скардзіўся на тое, што “лядовыя палацы пустуюць і не прыносяць прыбытку”. Разгадкай гэтых “дзіўных” дзеяньняў улады ёсьць меркаваньне аб тым, што пабудова такіх аб’ектаў адкрывае шырокую дарогу для карупцыі і раскраданьня бюджэтных грошаў.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра агульны стан нашага грамадзтва – беларусы зацята маўчаць і ня хочуць удзельнічаць у выбарчым фарсе. Пры чым, гэта не абыякавасьць нашых людзей. Гэта ёсьць сьведама абраная пазыцыя, пазыцыя абароны ўласнага гонару, нежаданьня забясьпечыць “элегантную перамогу” ненавіснаму дыктатару і антынароднаму рэжыму. Людзі адвярнуліся ад рэжыму і ад яго псэўдаапазыцыі, яны ня вераць электаральнай хлусьне. У сувязі з гэтым фронтаўскім структурам трэба інтэнсіфікаваць давядзеньне інфармацыі да грамадзянаў аб неабходнасьці салідарнага Народнага Байкоту выбарчага фарсу.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 14 лістапада 2010 г.