Правал “штандартэнфюрэра Шцірліца”

12 лістапада 2010 г.

Навіны

Успомнім нядаўнюю гісторыю з правалам сеткі расейскіх шпіёнаў у ЗША. Найбольш цікавым відовішчам тады была “апэрацыя прыкрыцьця”, якую разгарнулі лубянскія “славные органы”. Некалькі дзён яны маўчалі разам з расейскімі СМІ, рабілі выгляд, што нічога не адбылося. Калі з расейскага канфуза сьмяяўся ўжо ўвесь сьвет, яны раптам зьмянілі тактыку. Пачалі трубіць, што амэрыканцы арыштавалі нейкіх аматараў, драбязу, і нікай шкоды ад гэтага на Лубянцы няма. Пачалі распаўсюджваць у сеціве эратычныя здымкі адной з арыштаваных Ганны Чапман – маўляў, гэта проста легкадумная путана. Адрэагавалі і СМІ, дзе зьявіліся загалоўкі тыпу “Як гэта мы мяняем каронных амэрыканскіх агентаў на прастытутак!?” І вось раскрылася, што ўсіх здаў лубянскі палкоўнік. А сярод здадзеных ім ёсьць нават генэрал і Герой СС Міша Васянкоў. Гісторыя атрымала свой працяг. А тут яшчэ грузіны злавілі і арыштавалі цэлую расейскую агентурную сетку, якая дзейнічала ў іхнай краіне. “Горят на работе” жалезныя фэліксы… Мы публікуем матэр’ял з расейскага інтэрнэт-выданьня “Лента. РУ”.

===

“Коммерсант” назваў імя разьведчыка, які здаў “рускіх шпіёнаў”

Раскрыцьцё і высылка дзесяцёх супрацоўнікаў расейскай Службы зьнешняй выведкі (СВР) з ЗША сталі вынікам здрады ў ведамстве, піша “Коммерсант”. Газэце ўдалося даведацца прозьвішча супрацоўніка спэцслужбаў, які перадаў Злучаным Штатам інфармацыю пра расейскіх разьведчыкаў, якія былі задзейнічаны ў праграме “Нелегалы” – ім аказаўся нейкі палкоўнік Шчарбакоў, які курыраваў у СВР амэрыканскае ўпраўленьне. Журналісты “Коммерсанта” высьветлілі, што дачка Шчарбакова доўгі час жыве ў ЗША, а ягоны сын, які працаваў у Дзяржнаркакантролі, пакінуў Расею напярэдадні раскрыцьця разьведчыкаў. Сам Шчарбакоў зьехаў у Амэрыку за тры дні да візыту ў ЗША прэзыдэнта Расеі Дзімітрыя Медведева, пасьля якога пачаліся арышты разьведчыкаў. Таксама газэта адзначае, што Шчарбакоў каля года таму адмовіўся ад павышэньня – па ўсяму бачна, як мяркуюць журналісты, з-за нежаданьня праходзіць тэставаньне на дэтэктары хлусьні. У ЗША Шчарбакоў актыўна працаваў са сьледствам і сустракаўся з некаторымі з затрыманых агентаў СВР. У прыватнасьці, ён дапамог раскрыць Хуана Лазару. Шчарбакоў прыйшоў да яго ў камэру і на расейскай мове назваў сапраўднае імя агента – Міхаіл Васянкоў. Мужчына адказаў, што не разумее мовы і лічыць абвінавачваньні ў свой адрас дурным жартам. Аднак ён вымушаны быў прызнацца, што ён ня той, за каго сябе выдае, пасьля таго, як перад ім паклалі прывезенае Шчарбаковым з Масквы дасье СВР. Ніякай іншай інфармацыі ён сьледству не раскрыў. Хуан Лазара, як высьветлілі журналісты “Коммерсанта”, быў адным з найбольш вопытных разьведчыкаў, якія ўдзельнічалі ў праграме “Нелегалы”. Ён пачаў працу на разьведслужбы яшчэ ў 1960-х гадах, калі быў накіраваны ў Іспанію. Пазьней ён ажаніўся на пэруанцы Вікі Пэлаэс, якую таксама затрымалі разам з іншымі “рускімі шпіёнамі”, і пераехаў у ЗША. Васянкоў зьяўляецца генэралам СВР, у 1980-х гадах яму таксама было прысвоена званьне Героя Савецкага Саюзу. “Рускіх шпіёнаў” затрымалі ў ЗША 27 чэрвеня 2010 года. У розных гарадах на Усходнім узьбярэжжы краіны арыштавала за адзін дзень 10 чалавек, у тым ліку Лазару, Пэлаэс, Ганну Чапман, Міхаіла Сяменка і іншых. Усім ім было прад’яўлена абвінавачваньне ў незаконных кантактах з замежнай дзяржавай, а 9 ліпеня адбыўся іх абмен. Расея выдала за супрацоўнікаў СВР чатырох чалавек, асуджаных за шпіянаж – Ігара Суцягіна, Сяргея Скрыпаля, Аляксандра Запарожскага і Генадзя Васіленку. Усім раскрытым агентам СВР у Расеі была запрапанавана пэнсія. Пасьля дэпартацыі з ЗША Хуан Лазара-Васянкоў заявіў, што не зьяўляецца грамадзянінам Расеі, ня ведае расейскай мовы і хацеў бы вярнуцца ў Пэру. Раней аб тым жа заявіла і ягоная жонка Вікі Пэлаэс. Яшчэ адзін падазраваны ў датычнасьці да праграмы “Нелегалы” апынуўся на волі. Мужчына, які выдаў сябе за канадца Крыстафэра Мэстаса, быў затрыманы на Кіпры на прыканцы ліпеня сёлета, але ў хуткім часе схаваўся ў невядомым накірунку. Яго месцазнаходжаньне невядомае.

Крыніца: http://lenta.ru/2010/11/11/informant/

Пераклад з расейскай.