Дарагія землякі, сябры, спадарыні і спадары! Сёньня мы пачынаем сьвяткаваць Дзень Памяці Продкаў. Нашае Крыжовае шэсьце пасьвечанае Дзядам. Ад нядаўняга часу Дзяды сталі найвялікшым беларускім сьвятам. Гэта добра, бо наша нацыя мае магутную, вялікую культурную гісторыю, якая ёсьць грунтам нашага існаваньня.
У цяжкія часы народнага жыцьця ўсе нішчыцелі Беларусі стараліся затаптаць, сфальшаваць і зьнішчыць нашу гісторыю і носьбітаў яе культуры. І сёньня, нажаль, у нашым грамадзтве, якое стаіць на вялікай культурнай мінуласьці, значна абніжана пачуцьцё гістарызму быцьця, гонару і веданьня пра сваю краіну.
Дык вось, вялікае сьвята Дзяды вяртае нас да памяці продкаў, прымушае нас думаць пра ранейшае існаваньне і яднае ў гістарычны народ. Невыпадкова Дзяды сталі сьвятам новага Беларускага Адраджэньня. Яны сымвалізавалі яго пачатак. 30 кастрычніка 1988 года ля Усходніх могілак у Менску адбылося першае сьвяткаваньне Дзядоў і першае масавае выступленьне Народнага Фронту, якое паўплывала на ўвесь далейшы ход барацьбы за волю супраць камунізму ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім Савецкім Саюзе. Гэта была перамога народнага духу і розуму над камуністычнымі плянамі крывавай правакацыі.
Духоўная і тактычная перамога над камунізмам у 1988 годзе на Дзяды ў Менску паспрыяла таму, што неўзабаве Народны Фронт стаў у Беларусі масавым народным рухам за свабоду ад камунізму і за незалежнасьць Айчыны.
Праз год ад гэтых падзей 29 кастрычніка 1989 года, на другія ўжо масавыя Дзяды, тысячы людзей прынесьлі сюды на руках гэты сямімэтровы Крыж пакуты ў памяць аб замучаных і расстраляных продках. Гэты Крыж, асьвечаны сьвятарамі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў Беларусі, стаіць і цяпер.
Ворагі чалавецтва і непрыяцелі Беларушчыны, спадкаемцы тых, хто тварыў генацыд і каго пакрывае сучасны рэжым, ня раз спрабавалі абылгаць падзеі і расстраляных людзей, разбурыць Курапаты. Але не ўдалося і ня ўдасца. Божая далонь распасьцерта над гэтым пакутным месцам.
Сёньня тут народны мэмарыял “Курапаты – лес крыжоў”. Кожны чалавек у любы час можа прысьці сюды і паставіць крыж у памяць забітых продкаў. Тут стаяць памятныя крыжы, што прынесьлі людзі з усёй Беларусі і беларусы з-за яе межаў. Тут ёсьць таксама знакі пашаны ад грамадзянаў іншых краін, ад палякаў, габрэяў, прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Гэта трагічнае месца, дзе ў 1937-1941 гадах расейска-камуністычны НКВД расстраляў каля чвэрці мільёна людзей. Тут ляжаць тысячы беларускіх сялян-працаўнікоў, нашчадкі беларускай шляхты, цьвет беларускай інтэлігенцыі, сотні беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Іх расстралялі толькі за тое, што яны былі беларусамі.
Вельмі сымвалічна, што дух новага беларускага Адраджэньня ўзьняўся якраз з Курапатаў, пасьля адкрыцьця праўды пра гэтае месца. Гэта абазначала, што наш народ жывы і будучыня яго будзе свабоднай.
Тое, што здарылася з нашым грамадзтвам цяпер – гэта нейкая анамалія, якая запатрабуе некалі асаблівага тлумачэньня. Гэтая анамалія сьведчыць пра тое, як лёгка можна трапіць пад уладу цемры і як няпроста ад яе пазбавіцца.
Галоўнае цяпер для нашых людзей – ня ўдзельнічаць у сцэнарах цёмнай улады, не ісьці на цёмнае галасаваньне, ня даць сябе скарыстаць як матэрыял для фальсіфікацыі выбараў, ня даць рэжыму схавацца за плечы людзей. Трэба пакінуць рэжым фальсіфікаваць на пустым месцы, каб быў відавочны факт ашуканства, і каб быў відавочны аргумант патрабаваць выбары бяз удзелу ў іх узурпатара прэзыдэнцкай пасады.
Надыходзіць час пераменаў. Ён адчуваецца ў паветры. Мы ня ведаем, колькі ён працягнецца, але галоўнае – не змарнуйма яго.
Тут, у Курапатах, пад крыжамі, на сьвятыя Дзяды самы раз задумацца над нашымі дзеяньнямі і нашай будучыняй, якая мусіць, якая павінна стацца лепшай, чым ёсьць, каб не дарма былі тыя нявінныя ахвяры, якімі плаціў наш народ за сваё існаваньне.
Вітаю ўсіх Вас на сьветлых Дзядах! Слава Айчыне! Слава Бацькаўшчыне Беларусі!
Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
31 кастрычніка 2010 года