Народная бяда ў Пінску

29 октября 2010 г.

Навіны

Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і яго Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ выказваюць шчырыя спачуваньні пацярпелым і сем’ям ахвяраў трагедыі на фабрыцы “Пінскдрэў”, што здарылася 25 кастрычніка сёлета.

Рабочыя людзі загінулі і былі паранены ў выніку магутнага выбуху ў адным з цахоў. Распачата сьледства, але ўжо цяпер зразумелыя прычыны трагедыі. Па ўсёй нашай краіне людзі працуюць на зношанай тэхніцы, якая часта знаходзіцца ў аварыйным стане. Рэжым выдаткоўвае вялізныя сродкі на пабудову нікому не патрэбных “лядовых палацаў” і “велатрэкаў”, на разбудову рэпрэсійнага апарата дыктатуры, на фальшывыя псэўдавыбары замест мадэрнізацыі вытворчасьці і забесьпячэньня бясьпекі людзей на сучасным узроўні. Адміністрацыя прадпрыемстваў не выконвае элемэнтарныя патрабаваньні тэхнікі бясьпекі, са злачыннай нядбайнасьцю ставіцца да работнікаў. Падуладныя рэжыму афіцыйныя прафсаюзы не абараняюць інтарэсы працоўных. Дэмакратычны Свабодны Прафсаюз Беларусі, які на працягу доўгага часу дамагаўся ад уладаў паляпшэньня умоваў працы работнікаў, колькі гадоў таму быў узначалены агентурай рэжыму і стаў часткай афіцыйных прафсаюзных структураў.

Цэнтральныя і мясцовыя ўлады ў чарговы раз прадэманстравалі бяспрыкладны цынізм і раўнадушнасьць да лёсаў нашых людзей. Не была нават абвешчана афіцыйная жалоба па ахвярах, гібель якіх усхвалявала і глыбака засмуціла жыхароў Пінска і ўсю Беларусь. Улады хаваюць ад людзей інфармацыю пра катастрофу. Сем’і ахвяраў і работнікі, што страцілі працу, ужо сутыкнуліся з бессардэчнасьцю чынавенства. Грамадзтва яшчэ раз убачыла, якая прорва аддзяляе народ і акупацыйны прамаскоўскі рэжым. Адказам грамадзтва на бесчалавечнасьць рэжыму павінны быць не адчай, дэпрэсія або пакора. Беларусы павінны зразумець, што шляхам выратаваньня нашай кріаны і кожнага з нас, кожнай беларускай сям’і ёсьць народная Беларуская Салідарнасьць. Мы мусім адвярнуцца ад рэжыму і пакінуць яго сам-насам з “лядовымі палацамі” і іншымі забаўлялкамі дыктатуры. Беларусы павінны дапамагаць адзін адному спосабам чалавечай узаемападтрымкі. Няма даверу да рэжыму і ягоных бонзаў. Мы мусім самы наладжваць цывілізаваны парадак на нашай зямлі, у сваёй дзяржаве, не спадзяючыся на дыктатуру, няздольную на спагаду і чалавечнасьць.

Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Пратыі – БНФ 28 кастрычніка 2010 г.