У расейскім войску “усе ненавідзяць усіх”

29 октября 2010 г.

Навіны

Расейскі публіцыст Уладзімір Ярмолін пачынае свой артыкул у маскоўскім інтэрнэт-выданьні “Грані.Ру” з канстатацыі крымінальнай сутнасьці расейскай арміі. Але вельмі хутка робіць выснову аб тым, што і ў расейскім грамадтве “усе ненавідзяць усіх”. Больш таго, улада і масы сярэднестатыстычных расейцаў падтрымліваюць крымінальнікаў і сімпатызуць ім. Сапраўды, фэнамэнальнае грамадзтва, непаўторная краіна на прасторах Эўразіі. Гвалт, непавага да напісанага Закона, цынізм і чалавеканенавісьніцтва – даўно ўжо банальныя рысы “русского міра”. Тых з нямногіх расейцаў, якія здольныя зірнуць на гэты стан цьвярозымі вачыма, апаноўвае трывога за будучыню і панічны страх перад сёньняшняй рэчаіснасьцю. Цьвярозыя спрабуюць расштурхаць грамадзтва, але ачмураны натоўп ня слухае іх. Імпэрскі дэлірыюм працягваецца…

Для нас адзіным аптымістычным момантам гэтага тэксту ёсьць тое, што “на захарканым крывёю пляцы” расейскай арміі не пакутуюць і не гінуць нашы беларускія юнакі і мужчыны.


Зло з кулакамі

На гэтым тыдні ўказам прэзыдэнта быў звольнены з узброеных сілаў палкоўнік Дзімітры Яшын. Ён камандаваў сумна знакамітай 138-й гвардзейскай асобнай мотастралковай брыгадай Ленінградскай ваеннай акругі ў Каменцы. Гэтая вайсковая частка знакамітая высокай сьмяротнасьцю, казарменым бандытызмам, нападамі на цывільных жыхароў. Да Яшына брыгадай камандаваў іншы палкоўнік – Алібэк Аслаханаў. Ён таксама звольнены, на яго заведзена крымінальная справа.

У брыгадзе ўсе ненавідзяць усіх. На захарканым крывёю пляцы штодня топчуцца афіцэры і жаўнеры, срочнікі і кантрактнікі, расейцы і дагестанцы. Усе павязаныя ўзаемнай агрэсіяй. Менавіта ў гэтай частцы сёлетней вясною сяржант разбурыў снарадам назіральную вежу і забіў двух лейтэнантаў. Усё сьпісалі на выпадковасьць, але ў атмасфэры, што пануе ў Каменцы, у выпадковасьць ужо неяк слаба верыцца.

Частка патрапіла ў поле зроку СМІ, таму яе рэгулярна наведваюць правяральшчыкі і вайсковыя пракуроры. Але да судовага працэсу пакуль справа не дайшла. Наадварот, звольненыя афіцэры вяртаюцца на свае старыя пасады. З васьмёх ужо чацьвёра камандуюць, як і раней. Іхны аргумант: мы дамагаліся парадку, па-іншаму з гэтым народам нельга. Распаўсюджаная і ня новая для ваеннага асяроддзя ўстаноўка. Як казаў падчас маёй службы матросам мічман Саяпін, “дурата выбіваецца толькі кулаком”.

Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў у арміі і на флоце “дурата выбіваецца” кулаком. Давыбіваліся да 138-й гвардзейскай брыгады. Балазе, побач зь ёю можна паставіць дзесяткі такіх вайсковых частак сучаснай расейскай арміі.

Бессэнсоўна рытарычна пытацца “доколе?” – асабліва ў нашыя дні. Мэтады палкоўніка Яшына сустракаюць у немалой часткі расейцаў такое ж разуменьне, як і прыёмы мясцовага нарколага Ягора Бычкова і духоўніка Сьвята-Багалюбскага кляштара архімандрыта Пятра (грамадзяніна Кучара). Як першы кіраваўся добрымі намерамі, падтрымліваючы кулачнае права ў казарме, так і Бычкоў з Кучарам, кожны па-свойму, узьнялі садызм у ранг добрай рысы. (У апошнія тыдні ў адным з дзіцячых прытулкаў РПЦ ва Уладзімірскай вобласьці былі раскрыта практыка “праваслаўнага выхаваньня” спосабамі зьбіцьця і катаваньня непаўнагадовых выхаванцаў – заўвага рэдактара).

Бычкова сёньня падтрымлівае грамадзкасьць за тое, што ён спрабаваў хаця б неяк, пры дзяржаве, якая самаадхілілася, змагацца з наркаманіяй. Зьбіцьцё, прыніжэньне, зьдзек – цалкам дапушчальнае і нават неабходнае лячэньне ў вачах многіх нашых суайчыньнікаў. І тое, што для перамогі над наркагандлем прыцягнуты крымінальныя колы, паводле нашых нораваў натуральна. Як натуральна пакідаць казарму не на камандзёраў, а на волю самых крутых – таксама, дарэчы, нярэдка з крымінальным мінулым. Звычайная крымінальшчына ў вачах абывацеля ўжо не адрозьніваецца ад неабходных захадаў прымусу ў рамках закону. На якую сфэру нашага жыцьця ні паглядзі, адразу ж сутыкнесься з жорсткасьцю, садызмам, “беспределом”, якія сустракаюцца насельніцтвам з разуменьнем. Да гэтага часу для цемры расейцаў лёс Хадаркоўскага – звычайны крымінальны выпадак. Няхай ён нават не вінаваты, але на ягоным прыкладзе хутка перавыхавалі сквапных алігархаў у сацыяльна адказных бізнэсмэнаў. А парушанае правасуддзе – гэта драбніца ў параўнаньні з прыдушаным бізнэсам.

Рэгулярнае зьбіцьцё мірных мітынгаў і дэманстрацый, судовы перасьлед па палітычных матывах… Ну, а як без гэтага – улада павінна паказваць сваю моц, без гэтага з намі нельга – на галаву сядзем. “Дурата выбіваецца толькі кулаком”.

Так, часам за злачынствам настае пакараньне. Але для ўлады і палкоўнік Яшын, і “нарколаг” Бычкоў, і архімандрыт Кучар – свае, сацыяльна блізкія людзі. Яна іх нібыта карае, але праз не хачу, праз сілу. І сацыяльна блізкія доўга не сядзяць. Хутка выходзяць на волю нацыянальнымі героямі такія “пакутнікі”, як танкіст Буданаў (палкоўнік Буданаў катаваў, згвалціў і забіў 18-гадовую чачэнскую дзяўчыну – заўвага рэдактара) або забойцы педафілаў (рэальных або прыдуманых). Яны сагрэтыя разуменьнем і спачуваньнем грамадзтва, бо цярпелі за “правое дело”. Закон тут нікому не цікавы. Якога жыцьця мы сабе жадаем, калі ў “сябры народа” выбіраем Быковых, Кучараў, Буданавых, “жамчужных прапаршчыкаў” і інш.? І якіх камандзёраў дастойныя нашы дзеці, што ўваходзяць сёньня на тэрыторыю расейскіх брыгадаў?

Уладзімір Ярмолін

Крыніца: http://grani.ru/opinion/m.183050.html

Пераклад з расейскай.