Рэжым просіць падпісвацца за псэўдаапазыцыю

15 октября 2010 г.

Навіны

Вядома, што Лукашэнка часам выдае сваіх падзельнікаў, іхныя таямніцы і “шчакатлівыя моманты”. Бывала, возьме ды й ляпне на публіцы: “Спасіба ФСБ за помашч, аказаную мне на выбарах…” ці яшчэ што горш. Гэтымі днямі ён заклікаў людзей актыўней падпісвацца. Прычым, цікава, што дыктатар папрасіў падпісвацца не за сваю кандыдатуру (“У меня всё в парадке, сабралі ужэ 600 тысяч…”), а за “ўсіх кандыдатаў”. У прынцыпе так ня можа быць на нармальных, сапраўдных выбарах, дзе ідзе змаганьне паміж рознымі палітычнымі тэндэнцыямі. Гэта абсурд для электаральнай дэмакратыі. Кожны абараняе сваю пазыцыю, прапануе сваю праграму, прываблівае выбаршчыкаў на свой бок. Што ж здарылася? Чаму дыктатура пачала прасіць падпісвацца за “апазыцыю”?

А здарылася вось што. Дзьве папярэднія выбарчыя кампаніі рэжыму прайшлі ва ўмовах масавага байкоту выбарчага фарсу, у якім ужо не захацелі быць статыстамі да 75 адсоткаў выбаршчыкаў нашай краіны. Людзі не пайшлі на выбарчыя ўчасткі, пакінуўшы дыктатуру і яе псэўдаапазыцыю гуляцца ў падстаўныя “выбары”. Менавіта Народнага Байкоту панічна баяцца антыбеларускі рэжым і імпэрская Масква. Байкот азначае для іх правал іхных спробаў татальнага падману нашага народу і легалізацыі рэжыма. Яны не баяцца “апазыцыю”, усіх яе “кандыдатаў” і “прэтэндэнтаў”. Ім важна, каб як мага больш “кандыдатаў” удзельнічалі ў псэўдавыбарах і гукалі людзям ісьці на іх. Ім важна стварыць бачнасьць дэмакратыі і ілюзію магчымасьці выбіраць. Потым “кандыдаты” атрымаюць свае 0,12 – 3% галасоў і павіншуюць Лукашэнку з “элегантнай перамогай”. Вось такая гульня “у падкіднога”. Галоўнае сабраць як мага больш людзей на выбарчых участках электаральнага спэктаклю.

Пасьля гуканьняў дыктатара зварухнулася і рэжымная махіна. У шэрагу вышэйшых навуковых установаў нашай краіны кіраўніцтва зьвярнулася да студэнтаў і патлумачыла ім: “Таварышы, калі вы будзеце прагульваць лекцыі і ў гэты час зьбіраць подпісы за кандыдатаў, то мы ня супраць. Зьбірайце…” Вось, якая “лібэралізацыя”. Нават не сказалі, што трэба зьбіраць за начальніка рэжыму. Намякнулі, што можна зьбіраць за ўсіх.

Гэтыя манеўры сьведчаць аб тым, што ня клеіцца ўсенародны падман у рэжыма і грантаўскай псэўдаапазыцыйнай публікі, што падпісваецца мала людзей. На даляглядзе вырысоўваецца хмара Народнага Байкоту, якая пагражае навальніцай глухому лукашэнкаўска-“апазыцыйнаму” балоту. Зварухнулася, забулькацела дрыгва, баяцца балотныя істоты буры народнага гневу.

Янка Базыль