Набліжаецца да разьвязкі шалёны, аўтарытарны курс

12 октября 2010 г.

Навіны

(Кастрычніцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

10 кастрычніка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Фальшывыя выбары, фальшывыя паводзіны” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Эканоміка нашай краіны дэманструе ўсё больш глыбокі крызісны стан. Многія грамадзяне заўважылі гэта і пайшлі ў банкі здымаць свае ўклады. Нават вышэйшыя чыноўнікі рэжыму вымушаны супакойваць людзей і пераконваць, што у іх “усё пад кантролем”. Але беларусы ўжо ня вераць рэжымным абяцанкам і спрабуюць выратаваць тое з сваёй маёмасьці, што яшчэ можна выратаваць. Набліжаецца да разьвязкі шалёны, антыдзяржаўны курс рэжыма па арыентацыі на адсталую расейскую эканоміку і ізаляцыі Беларусі ад цывілізаваных краінаў. На жаль, расплочвацца за гэтую злачынную палітыку ў каторы раз будзе беларускі народ. У сувязі з гэтым актывізуюцца спробы заблытаць людзей, навязаць ім фальшывыя стэрэатыпы. Усё робіцца ў намаганьнях утрымаць пад катролем грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі. Таму рэжым пайшоў на прысьпешаныя “выбары”, бо правальшчыкі спадзяюцца пасьпець арганізаваць выбарчае шоў да поўнага правалу эканомікі.

Таму выявілася столькі “кандыдатаў” на незаконныя псэўдавыбары з удзелам узурпатара прэзыдэнцкай улады А. Лукашэнкі. Яны імкнуцца завабіць як мага больш беларусаў на выбарчыя ўчасткі, каб можна было лёгка маніпуляваць фальсіфікацыяй.

Але сапраўдны ўдар па антыбеларускай дыктатуры – гэта не ілюзіі перамогі кагосьці з “кандыдатаў” на “выбарах”, а рэальны Народны Байкот выбарчага фарсу. На жаль, шэраг разумных людзей паддаліся на пустыя абяцанкі псэўдаапазыцыі і зьбіраюцца ісьці на выбарчыя ўчасткі “аддаваць свой голас” за “нелукашэнку”, не разумеючы вельмі важнага: як толькі выбаршчык перакрочвае парог выбарчага ўчастка і галасуе, Лукашэнка адразу ж забірае яго голас сабе (незалежна ад таго, за каго выбаршчык “прагаласаваў). Аналіз паказвае, што і Лукашэнка, і іншыя “кандыдаты” дзейнічаюць як бы ў сістэме аднаго цэнтру. І гэта ёсьць антыбеларускі цэнтар.

Таму вельмі важна раскрываць падступныя пляны пракрамлёўскай дыктатуры, тлумачыць нашым людзям неабходнасьць салідарызіравацца ў абароне Беларусі, у агульным Байкоце псэўдавыбараў. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра жаданьне некаторых грамадзянаў пайсці галасаваць паводле прынцыпу “абы не Лукашэнка”. Гэтыя людзі забыліся, як Лукашэнка выплыў на электаральнай хвалі 1994 года пад навязаным грамадзтву лёзунгам “Абы ня Кебіч”. Ёсьць таксама жадаючыя прагаласаваць “супраць усіх”. Патрыёты-фронтаўцы тлумачаць такім наіўным людзям, што галасы пасьля фальшывага галасаваньня на свой манер будуць “падлічваць” прыслужнікі дыктатуры. Таму ўдзел у “галасаваньні” ёсьць, фактычна, актам няўсьведамленай падтрымкі рэжыму. Але шмат хто разумее круцельства ўлады на выбарах і далучаюцца да народнага байкатаваньня.

На Сойме былі разгледжаны канкрэтныя мерапрыемствы па арганізацыі байкоту.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 10 кастрычніка 2010 г.