Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

3 кастрычніка 2010 г.

Навіны

Мілана і Фаціма

У батальёне Султана Пацаева ваявала пад Ярыш-Марды прыгожая дзяўчына, Мілана Наібава. Яна была чачэнкай-акінкай з вёскі Бамат-Юрт у Дагестане. Апасаючыся за сям’ю, што жыла па-за межамі Чачэніі, яна ўзяла прозьвішча Яўлоева. Яна была студэнткай трэцяга курса Грозьненскага ўнівэрсітэту. Мела 23 гады. Калі ўдому яна нясьмела сказала, што хацела б пайсьці дабраахвотніцай на вайну ў Чачэнію, маці нават не схацела яе слухаць. “А я не магла спаць па начах, думала аб усіх сьмелых ваярах, якія біліся за Грозны. Мне здавалася, што я паводжу сябе як здайца, калі сяджу ў хаце. Адчувала, што мой абавязак прыйсьці ім на дапамогу”. Мілана патаемна сабрала рэчы, пакінула бацькам ліст і паехала ў Чачэнію.

“Мама! Выбачай мне, што я зьехала. Я больш так не магу. Ня трэба хвалявацца за мяне. Там жа ёсьць іншыя, у іх таксама ёсьць маці. Чым яны горш за мяне альбо чым я лепшая за іх? Вам ня будзе сорамна за мяне. Не турбуйцеся, я ня буду лезьці пад кулі, пайду ў шпіталь, там будуць такія ж, як я. Ня думайце, што я раблю нешта легкадумнае. Перш чым рашыцца на гэта, я доўга раздумвала, пакутвала штодня. Мне здаецца, што ўпершыню ў жыцьці я прыняла слушнае рашэньне”. Дзяўчына патрапіла ў прэзыдэнцкі палац, удзельнічала ў бітве за Грозны. Яна выконвала абавязкі санітаркі, але і змагалася са зброяй у руках. Ваяры называлі яе па-сяброўску “Хлапчуком”. 18 студзеня 1995 г., калі чачэнцы эвакуіраваліся з палаца, Мілана пераходзіла з адным з аддзелаў Сунжу. На другі бераг трэба было перапраўляцца пад моцным кулямётным агнём. Кулі патрапілі ў аднаго з хлопцаў, які застаўся на адкрытай прасторы. Ягоныя таварышы, мокрыя, азяблыя, чакалі адпаведнага моманту, каб адцягнуць параненага ў бясьпечнае месца. Мілана не чакала – ні ў каго не пытаючыся, яна падбегла да параненага і адцягнула яго сама. Менавіта на гэтую хвіліну варожы кулямёт змоўк. Пасьля выйсьця з Грознага Мілана ваявала ў 1-м батальёне спэцназа Султана Пацаева. Разам зь ёю ў гелаеўскі спэцназ патрапіла Фаціма Шаіпава, 24-гадовая дзяўчына з Грознага. Некалі, калі Хамзат Гелаеў зьбіраў дабраахвотнікаў, каб ісьці ў атаку, заявілі пра сябе дзьве дзяўчыны. “Гэта не вашае месца, дарагія мае сёстры! – запратэставаў генэрал. Султан Пацаеў двойчы адсылаў Мілану ў тыл, дзе было хаця б крыху бясьпечней. Яна не хацела слухаць, рвалася ў бой. Яна зьнішчыла пяць бранетранспарцёраў. Урэшце каля іх выбухнуў снарад і ўдарная хваля кантузіла абедзьвюх сябровак. Мілане пашкодзіла пазваночнік і яна разам з Фацімай апынулася ў шпіталі ў Шатоі. Абедзьве ўцяклі адтуль на перадавую.

27 траўня дзяўчын забраў на свае пазыцыі Муса Бакаеў. “Пакуль мы дайшлі да штаба, то тры разы мусілі класьціся на зямлю, такі моцны быў агонь. Потым у штабе мы абмяркоўвалі над картай плян апэрацыі, а яна сядзела са знаёмымі на лаве перад уваходам у штаб. Я ім крыкнуў, каб яны адышлі ад дзьвярэй. І раптам на двор упала граната. Дзьве дзяўчыны загінулі, яе параніла шмат аскелкаў і яна памерла на месцы”.

Фаціма была паранена. У шпіталь прыехаў ейны бацька, Салаўдзі Шаіпаў, які доўга нічога ня ведаў пра яе. Радасная сустрэча ня доўжылася шмат. У іхную размову ўварваўся гул самалёта, які набліжаўся. Бомбы пахавалі іх абодвух жыўцом. Ваяры, якія адкапалі трупы, убачылі дачку ў абдымках бацькі.

Чачэнская артылерыя

Ваяры знайшлі аднойчы ў вёсцы Давыдзенка 106 снарадаў для 122-мілімэтровай гаўбіцы Д-30, кінутых расейскімі жаўнерамі. Іх прывезьлі ў Грозны. Снарады патрапілі да расейскага афіцэра-артылерыста, які з пачатку вайны дабраахвотна ваяваў на баку чачэнцаў. Артылерыст ўжо раней укамплектаваў усё неабходнае для кіраўніцтва агнём, бусоль, прылады для працы на карце. Яму не хапала толькі гаўбіцы. Гаўбіцу меў Басаеў. Ён таксама меў 18 снарадаў для яе. Артылерыст з групай таварышаў доўга пераконваў Басаева, каб ён аддаў гаўбіцу, але той не пагаджаўся. Справа дайшла да Масхадава.

“Масхадаў спачатку мне не давяраў. – успамінае артылерыст. – Мы забралі гаўбіцу. Увесь дзень я камплектаваў разьлік. Камандзёрам стаў Муслім Пагалаў. Камандзёр прэзыдэнцкай гвардыі Алу Такаеў накрэсьліў мне шкіц з месцазнаходжаньнем расейцаў. Я перанёс мэты на карту. Зрабіў калькуляцыю. Каб прасьвятліць у галаве, я выпрасіў у санітарак пляшку сьпірту. Раніцай мы паставілі гаўбіцу ў закрытым боксе на тэрыторыі трампарка. Калі стрэлілі першы раз, я павялічыў прыцэл на 200 м, каб барані Божа у сваіх не патрапіць. Першы стрэл мы зрабілі на адлегласьць 5200 м. Карэктар дакладае – пералёт на дзьве рыскі. Гляджу на карту – гэта пералёт на 170 м. Карацей кажучы, сьпірт быў добры, я памыліўся на 30 м. На палігоне пры такой адлегласьці да мэты дапушчальнае адхіленьне на адзнаку “выдатна” складае 50 м.

Чатырнаццацьцю снарадамі мы тады зьнішчылі два БТР, “Шылку” і танк. Была падслухана размова паміж фэдэраламі. — Па нас б’е артылерыя. – дакладае падуладны свайму начальніку. Чутно, што абодва нападпітку. – Даведайцеся, чаму вядзецца агонь па нашым квадраце? — Зараз высьветлю… Што ты сееш паніку?! Сёньня артылерыя зусім не працуе ў гэтым квадраце! — Як гэта? У мяне забітыя і параненыя, выбухаюць снарады… — Слухай, ты, што ты нясеш, ё…т…м… Паўтараю, артылерыя зусім не страляе сёньня… Дык што ж гэта?! Чачэнцы па нас б’юць??? З закрытых пазыцый?! — Але ў мяне столькі забітых і параненых, што няма чым іх вывозіць!”

Наступны памятны бой артылерысты далі 3 траўня 1995 г. пад Дуба-юртам. Фэдэральныя войскі, рыхтуючыся да штурму мясцовасьцяў ў перадгор’і каля Шатоя, занялі вялікую раўніну на беразе Аргуна. Было прынята рашэньне атакаваць “фэдэралаў “ з дапамогай артылерыі. Падцягнулі ў гэты раён адзіную ракетную ўстаноўку РСЗО БМ “Град”. У чачэнцаў было 38 ракет для “Града”, уключна з 8 тэрмітнымі. Гэтыя апошнія цанілі найбольш. Такая ракета выпальвала даслоўна ўсё да голай зямлі. Пяць ракет вырышылі пакінуць як недатыкальны запас.

Артылерыстаў, зразумела, зацікавіла расейская артылерыя. На вялікай тэрыторыі вялі агонь 152-мілімэтровыя самаходныя гарматы “Гіацынт” з дальнасьцю агня ў 32 км. “Гіацынты моцна даліся ў знакі безабаронным горным вёскам. А 9.00 у кірунку расейскай батарэі паляцела першая пробная ракета. Яна праляцела далёка па-за мэту, выбухнула ажно на ўскраіне Дуба-юрту.

Наступная ракета ўпала надта блізка, не даляцеўшы да мэты. Трэцяя зноў ударыла надта далёка. Толькі чацьвертая выбухнула ў раёне непрыяцельскай батарэі. Праз дзесяць хвілін прыстрэлка была скончана. Залп з 29 ракет дакладна накрыў пазыцыі батарэі “Гіацынтаў” і навакольле. Гарматы змоўклі. На тэрыторыі, занятай расейцамі, спыніўся ўвесь рух. Два грузавікі Кразы, якія ў момант абстрэлу ехалі па мосьце праз Аргун, упалі ў раку. Праз хвіліну пасьля залпа наш “Град” ад’ехаў. Калі прыляцелі расейскія самалёты, пускавую ўжо схавалі ў пячоры.

Тым часам у акцыю ўступіла “артылерыйская група паўднёва-заходняга фронту”. 82-мілімэтровы мінамёт усталявалі высока над мэтай, чым павялічылі дальнасьць стральбы да 4600 м. Простыя ўдары мінаў зьнішчылі два БМП, два БТР і “Шылку”. Выбух сарваў таксама гусеніцу танка. На поле засталося 27 спаленых бранемашын. “Праз два дні прыехаў да нас Гелаеў. – успамінае артылерыст. – Суровы выраз твару. Маўчыць. — Ну, што, хлопцы, што вы нарабілі? – пытаецца. Я напалохаўся. Першая граната ўпала на вёску. А Гелаеў заўсьміхаўся. Паляпаў мяне па плячы. — Усё добра! Малайцы!

Аказалася, што ў прысадах, якія мы абстралялі, знаходзіўся штаб дывізіі, камэнданцкая рота і батальён сувязі. Загінуў камандуючы дывізіі з усім штабам. Пасьля гэтага камандуючы 58-й арміі Трошаў надрываўся па тэлебачаньню – Чачэнцы гэта не бандыты, гэта крымінальнікі… Палеглі лепшыя сыны айчыны!” Страляючы з гарматы Зіс-3 з Бамута, артылерысты зьнішчылі ў траўні 1995 г. тры верталёта, якія стаялі на базе фэдэральных войскаў у Асінаўцы, а гэта на адлегласьці 9 км.

Часьцей за ўсё артылерысты паўднёва-заходняга фронту абстрэльвалі пазыцыі 245-га мэханізаванага палка, які знаходзіўся пад Шатоем. Агонь вялі з масіва Розэнкорт, які ўзвышаўся над расейскімі пазыцыямі. Расейцы, якія ад гэтага агню, што вёўся з хірургічнай дакладнасьцю, увесь час несьлі страты, імкнуліся дэзарыентаваць чачэнскага карэктара агню. “Мы стралялі першы раз, а потым чакалі, пакуль адкажуць іхныя мінамёты. Артылерыя зазвычай была лепш укапаная і замаскаваная, чым пяхота. А нас найбольш цікавілі, зразумела, іхныя мінамёты. Хто лепшы… Калі яны здраджвалі свае пазыцыі, мы стралялі ў гэтым накірунку і карэктар даваў па радыё каардынаты. Але ў расейцаў таксама былі прафэсіяналы. Яны сарыентаваліся ў сістэме нашай карэкцыі агню, і калі мы распачыналі ўстрэльвацца ў мэту, яны ў адпаведны момант стралялі пэтардамі. Немагчыма было вызначыць, дзе ўпала наша граната. Каб перахітрыць іх, мы выкарыстоўвалі радыё. Размовы абодвух бакоў можна было праслухоўваць. Я казаў карэктару – “ёсьць стрэл”. Расейцы яшчэ не маглі пачуць стрэл з сваіх пазыцый, але ўжо ведалі, што праз імгненьне трэба страляць пэтардамі. Яны стралялі пэтардамі і наш карэктар дакладаў – “ёсьць выбух”.

Толькі тады наш мінамёт даваў кантрольны стрэл, а праз імгненьне адбываўся трапны ўдар па батарэі расейскіх мінамётаў. Аднойчы пасьля такога трэцяга стрэлу мой карэктар сьвіснуў са зьдзіўленьнем – “ну, ты даёш!” З акопа вылецелі каскі жаўнераў! Пазьней падчас мірных перамоваў у Шатоі афіцэр 245-га палка прызнаўся, што наша міна ўпала тады проста ў акоп, у якім быў схаваны іхны мінамёт. Загінуў увесь разьлік, чацьвёра чалавек”.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал