Людзі каля іх не спыняюцца

2 кастрычніка 2010 г.

Навіны

1 кастрычніка “галоўны кандыдат” выбарчага фарсу пачаў выкананьне рытуалу: вывеў на вуліцы сталіцы свае агітфармаваньні. За імі цікава назіраць. Вось, напрыклад, пляцоўка перад унівэрсамам “Паўночным” у мікрараёне Зялёны Луг – 7. Месца гэтае папулярнае. Тут ставяць галоўную навагоднюю яліну мікрараёну, Дзед Мароз і сьнягуркі арганізоўваюць тут свае карагоды і віктарыны, на ганку ўнівэрсама з раніцы заўсёды стаіць група прафэсійных алкаголікаў. Ідуць з пакупкамі грамадзяне, бываюць нават “гадзіны пік”, калі мінакоў шмат. Пад кожную “выбарчую кампанію” тут таксама адбываюцца электаральныя шоў мікрараённага маштаба. І гэтым разам на пляцоўку каля 16.00 прыйшлі чалавек дванаццаць: дзьве жанчыны сярэдняга веку і дзесяць дзяўчынак па 17-18 гадоў. Кожная з дзьвюх мінігруповак мела свой сьцяг. Старэйшыя ўтыркнулі на пляцоўцы белае палотнішча з сымволікай “обшчественного об’едіненія Белая Русь” (“партія презідента”), малодшыя – сьцяг РБ-БССР з дадатковым надпісам “БРСМ”. На раскладным зэдліку яны паклалі стосік папераў. Выставілі трыногу з выявай Лукашэнкі. І пачалі стаяць. Было бачна, што яны пачуваюцца няёмка, разгублена глядзяць на мінакоў. Роўна праз гадзіну бэрэсэмы згарнулі свой сьцяг і пайшлі прэч. Дзьве старэйшыя дамы засталіся яшчэ на некаторы час. Яны маўчалі. Працягваўся стан ненатуральнасьці. На працягу некалькіх гадзін да іх падыйшло некалькі пэнсіянэрак, пару чалавек паставілі свае подпісы ў падпісны аркуш за кандыдата Лукашэнку. І ўсё, людзі ішлі каля гэтай “прапаганды-агітацыі” не спыняючыся, многія нават не паварочвалі да іх галавы.

Міжволі ўспамінаюцца выбарчыя кампаніі 80-х – 90-х гадоў. Каля зборшчыкаў подпісаў адразу ж зьбіралася шмат людзей, усе разьбіваліся на палітычныя тэндэнцыі, ушчыналіся гарачыя дыскусіі, часам з крыкамі і штурханінай. Такое назіралася яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. Але гэтага даўно ўжо няма. Абсалютная бальшыня грамадзянаў ўжо не зьвяртаюць увагі на партрэты, праграмы і агітацыйныя групы. Людзям усё гэта абрыдла, яны ўрэшце разабраліся, што дыктатура і яе псэўдаапазыцыя падманваюць іх і спрабуюць маніпуляваць імі.

Няма імпэту і ў выканаўцаў агітацыі. Іх паслалі агітаваць за “галоўнага кандыдата” паводле савецкай разнарадкі. Статыстам сапраўды няёмка стаяць перад людзямі і прапанаваць свой тавар. Спэктакль атрымліваецца вымушаны, нудны, без “ленінского огонька”. Цікава, ці прыдумае што-небудзь больш дынамічнае “галоўны кандыдат”, каб крыху разьвесяліць грамадзянаў? З другога боку, а навошта яму гэта? Ён учора на сустрэчы з журналістамі-гастралёрамі з расейскіх правінцыйных выданьняў ужо агучыў “вынікі выбараў”, паабяцаў, што дзьве траціны прагаласуюць за яго. Усё вырашана ўжо цяпер. Усе гэта разумеюць. Таму людзі не спыняюцца каля электаральных статыстаў. Ідзе падрыхтоўка да Народнага Байкоту.

Янка Базыль