Яшчэ зусім нядаўна, месяцы два-тры таму ў Беларусі зусім не гучала галасоў пра любоў да Расеі і ўсяго расейскага. І рэжым і ягоная псэўдаапазыцыя паведамлялі грамадзтву пра сваю адданасьць справе “умацаваньня сувэрэнітэту Беларусі”, “нашай незалежнасьці” і “нам нікто не нужен”. Па рэжымным тэлеканале БТ нават распавядалі пра жахі, якія з беларусамі адбываюцца ў Маскве і ў Расеі. Прагучала шмат эмацыйных ацэнак у адрас крамлёўскага кіраўніцтва, Лукашэнка нават кулаком махаў. Псэўдаапазыцыя езьдзіла ў Маскву, але паведамляла адтуль, што нібыта клапоціцца “пра сувэрэнітэт” і тлумачыць яго неабходнасьць “расейскім дэмакратам”.
І вось набірае абароты “перадвыбарчы марафон”. Раптоўна ў некаторых з ключавых актораў выбарчага фарсу зьмяніўся тон і адкрыліся “сантымэнтальныя” адносіны да расейскай імпэрыі. Можа Масква зьмяніла сваю разбуральную антыбеларускую палітыку? Можа дасягнула нябачаных посьпехаў у эканоміцы і высокіх сацыяльных паказчыкаў? Настолькі нябачаных, што цяпер яе варта браць за прыклад дзяржаўнага ладу? Дык жа не. Як быў эканамічны правал у Расеі, так і застаўся, паглыбляецца з кожным месяцам. Як выміраў там народ, так і вымірае. Што ж адбылося? Мы мяркуем, што прычынай усяму менавіта выбарчы фарс, наладжаны рэжымам у Беларусі. У сувязі з фарсам з Масквы прыплылі новыя ”думкі” для мясцовай псэўдаапазыцыі РБ. Сэнс маскоўскага падыходу цяпер у тым, каб у чарговы раз прымусіць беларусаў палюбіць Расею і завабіць іх на выбарчыя ўчасткі дыктатуры – нібыта “праваліць” Лукашэнку, якога Расея ўжо нібыта не падтрымлівае.
Паэт Някляеў так і заявіў у сваім відэа-роліку: “Я люблю Расею, люблю!..” Днямі па Менску былі раскіданы ў паштовыя скрыні грамадзянаў ягоныя газэткі і ўлёткі. Цікавая чытанка! Напісана хватка, рэзка, на расейскай мове. Аднак, элемэнтарны стылістычны аналіз паказвае, што літаратар і былы рэдактар літаратурнага часопіса Ул. Някляеў не пісаў гэтыя тэксты і лёзунгі. Мяркуючы па ягоных вершах і выступах, ён проста ня можа пісаць такім стылем (нават на расейскай мове, якую ён выдатна ведае). Нельга паверыць, што наступны пасаж напісаны паэтам-рэдактарам:
“Закончили с лирикой, теперь о деле. Страна у нас хорошая, люди умные, сильные. Хозяева. Только хозяйствовать не дают: то нельзя, это нельзя. Экономика уже почти в никуда, но потенциал ещё есть…”
Так не напіша ня тое што выпускнік філфака, але нават чалавек сярэдне адукаваны. Найбольш нам спадабаўся наступны фрагмэнт – “Экономика уже почти в никуда”. Гэта ёсьць манера і лексіка прапаршчыкаў з савецкіх анэкдотаў. Памятаеце? – “Здесь вам не тут, я вам покажу увертюру!..”
Сумняваемся, што ўсё гэта пісаў паэт. Пішуць іншыя. Хаця ў выходных дадзеных улётак пазначана друкарня “Букініст” расейскага горада Ліпецка, але ва ўсім бачны інтэлект і стылістычныя павадкі выпускнікоў “русскоязычной школы в БССР”. Так думаюць і пішуць асобы, для якіх беларуская мова ня была роднай, а расейская роднай ня стане. Дзякуючы лукашызму, гэтыя адукаванцы зрабіліся “інтэлектуальнай верхавінай” рэжыму. Кур’ёзныя вынікі іхнай творчасьці мы назіраем ва ўсіх кутках нашай краіны.
Прыкладна ў тым жа стылі выкананы нядаўні “праграмны артыкул” маладзёна з псэўдаапазыцыі Д. Дашкевіча — “Ня трэба баяцца рускіх!” Сімптаматычны дэвіз для моладзі пры сёньняшняй сытуацыі.
Чаму такія супадзеньні? Таму што такі ёсьць закон жанру. Калі дзейнічае чужы праект, у яго уцягваюцца ня толькі выканаўцы, але і пабочныя асобы зь нямоцным розумам, якія ня ў стане зразумець, што робіцца. Зьмест гэтай кампаніі можа стацца небясьпечным ва ўмовах поўнага эканамічнага правалу рэжыму, інфляцыі, масавага беспрацоўя (што і прагназуецца). Вось тады будзе самы час выбегчы наперад тым, хто пачаў “любіць Расею”. Яны ўжо цяпер распачалі рэклямную кампанію расейскага рабства.
У многіх людзей іхная мітусьня выклікае іронію. Але да такой публікі трэба ставіцца ня менш сур’ёзна, чым да прамаскоўскага рэжыму. Рэакцыя на ўсё гэта павінна быць сур’ёзнай і салідарнай – фальшывым вабарам Народны Байкот!
Юрка Марозаў