Славацкая газэта “SME”. 23 верасьня 2010 г. Славацкая газэта “SME” напісала пра выступ амбасадара Расеі ў Празе Фядотава. Ён абвяргаў шпіёнскія скандалы, якія апошнім часам прагрымелі ў Чэхіі. Спэцслужбы Чэхіі паведамляюць пра ліквідацыю цэлых шпіёнскіх сетак расейскай агентуры, якія існавалі нават у камандных структурах чэшскай арміі. Расейскія спэцслужбы цікавіліся перш за ўсё разьвіцьцём НАТО і сучасным узбраеньнем. Наш камэнтар: Эўрапейскі народ душыць крамлёўскую гадзіну.
Юрка Марозаў
Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”. 23 верасьня 2010 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала, што пракуратура ў Белградзе забараніла вяртацца з расейскай эміграцыі ўдаве Мілошавіча 68-гадовай Мір’яне Маркавіч. Яна ўцякла ў Маскву разам з сынам у 2003 г. Супраць іх былі высунуты крымінальныя абвінавачваньні. Наш камэнтар: А так красавалася пры ўладзе ў няшчаснай краіне ўся дыктатарская сямейка. Але потым народ абваліў прагнілы прамаскоўскі рэжым і ня хоча больш бачыць гэтую сямейку.
Юрка Марозаў
Аўстрыйская газэта “Der Standard”. 24 верасьня 2010 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Путчыст Янаеў памёр”. Газэта напісала, што “Янаеў узначаліў путч супраць Гарбачова”, а “Ельцын узначаліў супраціў путчу, выступаў з танка”. Наш камэнтар: Газэта паўтарае даўно абвергнутыя камбінацыі падзеяў. Цяпер вядома, што Гарбачоў быў сапраўдным кіраўніком путча, але ў апошні момант здаў сваіх калег па ГКЧП. Што да камсамольскага важака Янаева, то вельмі трапна выказаўся па тэлебачаньню адзін зь ягоных калегаў па камсамольскай працы, які добра ведаў пачаткі ягонай крамлёўскай кар’еры: “Калі я даведаўся, што ГКЧП узначаліў Янаеў, то зразумеў – нічога ў іх ня выйдзе. Хто кіруе – Гена Янаеў?!” З аднаго і з другога боку савецкай барыкады стаялі нікчэмныя асобы, якія напоўніцу ўвасобілі прагнілы стан савецкай імпэрыі.
Алесь Хадасевіч
Нарвэжская газэта “Dagbladet”. 24 верасьня 2010 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” пісала пра Вячаслава Дацыка, вядомага расейскага экстрэміста па мянушцы “Чырвоны Тарзан”. Дацык узначальваў нацыстоўскую арганізацыю “Славянскі саюз”, зьдзейсьніў шэраг крымінальных злачынстваў. Яго трымалі ў звычайнай псіхбольніцы пад Пецярбургам. Днямі ён уцёк адтуль, потым узьнік у Нарвэгіі і прышоў прасіць палітычнага прытулку ў мясцовай паліцыі. Ён здаўся палісманам, маючы пры сабе пісталет. Наш камэнтар: Цікавая гісторыя. Ведаючы расейскія межы і іхную ахову, нешта ня верыцца ў самастойныя ўцёкі фашыста-шызіка ды яшчэ са зброяй. Чаму ўлады трымалі небясьпечнага злачынцу не ў спэцтурме з псіхіятрычным ухілам, а ў звычайнай клініцы? Адкуль у яго ўзялася зброя, зь якой ён дабег да самай Нарвэгіі? Што ўсё гэта значыць? Мяркуем, што Лубянка крутанула сваю чарговую піяр-акцыю. Сама яна і стварыла і вяла гэтага “Тарзана” і ягоны “Славянскі Саюз”. На фоне ненармальных нацыстаў крамлёўскі рэжым выглядае не так страшна. Шызіка правялі з піцерскай псіхушкі да нарвэжскага паліцэйскага ўчастку. Ён зрабіўся суб’ектам міжнароднай палітыкі. Газэты паведамляюць, што пры Пуціне і Медведеве расейскіх нацыстаў трымаюць на псіхлячэньні і г.д. Спэцапэрацыя дробная, але атрымалася шумнай.
Алесь Хадасевіч
Бэльгійская газэта “De Standaard”. 26 верасьня 2010 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла пра інцыдэнт у аэрапорце Стакгольма. Там зрабіў вымушаную пасадку канадскі самалёт, які ляцеў з Канады ў пакістанскі Карачы. З Канады паступіла інфармацыя, што на борце можа знаходзіцца бомба. Усіх пасажыраў вывелі, аднаго пакістанца дапытвалі. Потым яго адпусьцілі, не знайшоўшы ўлік злачынства. Наш камэнтар: Праз шырака расчыненыя брамы дзяржаваў эўрапейскай, хрысьціянскай цывілізацыі на працягу дзесяцігоддзяў у гэтыя дзяржавы бесперапынна ішлі на жыхарства мільёны людзей чужой цывілізацыі і традыцыі. Многія зь іх ненавідзяць усё тое, што яны ўбачылі ў гэтых дзяржавах. Цяпер людзі эўрапейскай, хрысьціянскай цывілізацыі іх баяцца. Асабліва баяцца лётаць разам зь імі ў самалётах. Панікуюць і трымцяць. Дык навошта было гарод гарадзіць? Можа няхай кожны жыве ў сваёй цывілізацыі і традыцыі?
АлесьХадасевіч
Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung”. 26 верасьня 2010 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” пісала пра публікацыю ў мэксіканскай газэце “Diario de Juarez”. Пасьля сэрыі забойстваў журналістаў рэдакцыя газэты надрукавала зварот. Журналісты пытаюцца: “Панове злачынцы, скажыце, што і як нам трэба пісаць, каб не забівалі журналістаў?” Наш камэнтар: Зразумела, што гэты зварот рытарычны і іранічны. Журналісты такім чынам зьвярнулі ўвагу грамадзтва на сваю небясьпечную працу. Мы ня памятаем падобных нерытарычных зваротаў ад фэномэну пад назовам “белорусская журналістіка”. Гэтыя служаць злачыннаму рэжыму і Маскве без сораму і іроніі. Яны на ляту схапілі, што патрабавалася і патрабуецца ад іх. Галоўным цяперашнім заданьнем гэтай публікі ёсьць завабліваньне беларусаў на выбарчы фарс дыктатуры. Яны вылузваюцца са скуры, каб выканаць бандыцкае заданьне. У вызваленай ад дыктатуры Беларусі ім ня будзе месца ў журналістыцы.
Алесь Хадасевіч
Дацкая газэта “Politiken”. 26 верасьня 2010 г. Дацкая газэта “Politiken” напісала пра выставу адной карціны ў знакамітым мадрыдскім музэі Прада. Выстаўлена нядаўна знойдзенае, раней невядомае палатно вялікага фламандскага мастака 16-га стагоддзя Пітэра Брэйгеля. У сьвеце існуе ўсяго 40 вядомых палотнаў гэтага майстра. Наш камэнтар: Эўрапейскія музэі жывуць нармальным музэйным жыцьцём. Разбурэньне нацыянальнай культуры, якое наладзіў у Беларусі акупацыйны прамаскоўскі рэжым адбілася і на музэях нашай краіны. Напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ў Менску ў апошнія гады выдалілі з працы шэраг выдатных прафэсіяналаў. Тым, якія яшчэ засталіся, адміністрацыя заяўляе ў адкрытую: “нікто вас тут не задержівает…” Больш таго, з мінкультуры рэжыму прышлі новыя “уводныя”. Было заяўлена, што “былыя формы працы (экскурсіі, лекцыі, сэмінары і г.д.) ужо састарэлі, трэба рабіць шоў, “современно і весело”. Разбураюцца даўнія музэйныя традыцыі, ненармальна ўзьнятыя кошты на наведваньне экспазыцый (як бы адмыслова, каб людзі не хадзілі ў музэй). Пануе атмасфэра не скарбонкі мастацкіх каштоўнасьцяў, а нейкага далёкага ад класічнай культуры “заведенія”. Хамства лукашызма – вельмі разбуральная зьява. У будучыне трэба будзе аднаўляць нармальнае існаваньне музэяў краіны.
Алесь Хадасевіч
Летувіская газэта “Lietuvos Rytas”. 26 верасьня 2010 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” пісала пра летувісаў у Брытаніі. Апошнімі днямі вядучыя брытанскія газэты апублікавалі артыкулы пра летувіскіх злачынцаў, які асабліва ва Усходнім Лёндане нападаюць на людзей і абрабоўваюць іх, рабуюць кватэры і маёнткі. У Лёндане сабраліся людзі з мясцовай летувіскай арганізацыі, якія спрабуюць даказаць, што бальшыня летувісаў “не такія”.
Наш камэнтар: Беларусы ня раз бачылі падобныя сцэны на эўрапейскіх межах, асабліва да ўвядзеньня беспашпартнага шангенскага рэжыму. Нашых людзей правяралі і часам вельмі недалікатна. А каля чэргаў з беларусамі свабодна і без праблем у поўны рост ішлі праз мяжу крымінальныя фізіяноміі з дзікімі вачыма, усе сколатыя сінюшнымі наколкамі і з вельмі непрывабнымі “баевымі падругамі”. З летувіскім пашпартам яны як хацелі швэндаліся і швэндаюцца па Эўропе. І вось узьнікла праблема. Чарговая праблема брусэльскага балагану.
Алесь Хадасевіч