Адкрыты ліст Віктару Януковічу

24 сентября 2010 г.

Навіны

Экс-Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка зьвярнуўся з лістом да сёньняшняга прэзыдэнта Януковіча. Гэта – не ўльтыматум, не абвінавачваньне. Палітык зьвяртаецца да першага чыноўніка краіны са зваротам, вытрыманым у дыпламатычным тоне. На наш погляд, гэта ёсьць, аднак, народная дыпламатыя, таму што старшыня Партыі “Наша Украіна” папярэджвае Януковіча ад імя ўсяго ўкраінскага народу, носьбіта найвышэйшага права ва ўкраінскай Дзяржаве. У звароце канстатуецца драматычны стан рэчаў у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцьці краіны, што выклікана дзеяньнямі новых дзяржаўных уладаў. Кожнаму зразумела, што “зьнешнія сілы” – гэта Масква і расейская імпэрыя, якія прывялі да ўлады групоўку Януковіча і кіруюць ягонай антыўкраінскай палітыкай. Віктар Юшчанка нагадвае пра незайздросны лёс паслугачоў акупантаў, якія выконвалі загады акупацыйных сілаў, зьнішчалі Украіну, а потым акупанты зьнішчалі гэтых паслугачоў.

Чытаеш гэты ліст і паўстае ўражаньне, што напісана пра Беларусь, беларускую гісторыю, нашу мінуўшчыну і цяпершчыну. Агульнасьць лёсаў народаў, якія былі акупаваныя Масквой і ў 1991 годзе вырваліся з-пад акупацыі, безумоўная. Аднолькавую мадэль аслабленьня і ліквідацыі нашых культур, моваў, элітаў, эканомікі і дзяржаўнасьці выкарыстоўвае падступная ўсходняя імпэрыя. І шлях вызваленьня ў нас адзін – кансалідацыя грамадзтва на сваіх нацыянальных каштоўнасьцях, на нацыянальнай гісторыі і змаганьне супраць акупантаў да канчатковага вызваленьня.

Адкрыты ліст, напісаны Віктарам Юшчанкам, ня ёсьць выразьнікам толькі асабістай пазыцыі экс-прэзыдэнта. Украінскае грамадзтва, уся ўкраінская нацыя кансалідуюцца на непрыняцьці антынацыянальнай палітыкі групоўкі Януковіча. Напрыклад, украінская дыяпара ў ЗША адмовілася сустракацца з Януковічам падчас ягонага візыту ў гэтую краіну. Украінскія дзеячы ў ЗША заявілі, што ня будуць сустракацца з асобай, якая адмаўляе Галадамор і фальсіфікуе іншыя славутыя і драматычныя старонкі нацыянальнай гісторыі. Наперадзе і ўкраінцаў і ў беларусаў наступны этап змаганьня за незалежнасьць і свабоду. Тэкст адкрытага ліста быў апублікаваны на старонцы Партыі “Наша Украіна”.


Адкрыты ліст Прэзыдэнта Украіны (2005-2010 гг.) Віктара Юшчанкі да Прэзыдэнта Украіны Віктара Януковіча.

Шаноўны Віктар Фёдаравіч!

Зьвяртаюся да Вас з думкай пра будучыню нашай краіны. Пра тое, якую краіну стварае нашае пакаленьне – і якую краіну перадасьць нашым дзецям. Прыгадваецца бессьмяротнае Шаўчэнкава:

У чужым краі Не шукайце, не пытайце Того, чаго няма І на небе, а ня толькі На чужым полі. У сваёй хаце свая й праўда, І сіла і воля.

Бурная гісторыя Украіны дэманструе: толькі маючы ўласную дзяржаву, толькі ўласнаручна ўпарадкаваючы ва ўласнай хаце, украінскі народ можа жыць, разьвівацца, мець годнае месца між іншымі народамі. Страта сваёй дзяржавы заўжды азначала пакуты і сьмерць, як патрыётаў, так і тых, хто нішчыць украінскую Дзяржаву.

Украінскіх людзей выкарыстоўвалі як гарматнае мяса ў імя чужых інтарэсаў. Украінскія землі і багацьці жывілі чужыя амбіцыі. А “рабы, прыслужнікі, гразь Масквы, Варшаўскае сьмецьце” – рулявыя, што спрыялі страце Украінай волі – ці ня першымі ішлі пад нож новых гаспадароў.

Толькі ў мінулым стагоддзі Украіны да дна выпіла чашу страты незалежнасьці. Калі Вызвольныя змаганьні пацярпелі паразу, украінскі народ заплаціў страшную цану. У канцлягярох ад Данецка да Кіева нішчылі тых, хто мог паўстаць за свабоду. Ад Харкава да Адэсы хлебаробскія землі пакрытыя магіламі ахвяраў Галадамору. Ад Быкоўні пад Кіевам да Бэрэжан пад Цярнопалем сотні мясцовасьцяў сталіся месцамі масавага расстрэлу ўвязьненых НКВД. Вольная думка, украінскае слова зазнавалі рэпрэсіяў; мысьляры, уладальнікі думак, якія ў іншых краінах тварылі веліч нацыі, ва Украіне сталі дысыдэнтамі.

Гісторыя Украіны вучыць: здабыўшы незалежнасьць, жыццьцёва неабходна яе ўтрымаць і ўмацаваць.

Для гэтага ў сёньняшнім сьвеце ёсьць тры важныя перадумовы: грамадзтва будзе вольным, дзяржава дэмакратычнай, а людзі – сьведамыя гісторыі сваёй краіны.

Вольны чалавек не дазволіць вярнуць сябе ў рабства. Таму свабода слова, свабода выбару, вольнае разьвіцьцё прадпрыймальніцтва – гэта галоўныя гарантыі вольнага разьвіцьця Украіны.

У сваю чаргу, толькі дэмакратычная Украіна можа быць вольнай і незалежнай, бо яна абапіраецца на падтрымку ўсяго грамадзтва. Дэмакратычнай уладзе ня трэба будзе абапірацца на чыюсьці зьнешнюю падтрымку. Нават прайграўшы выбары, палітыкі ў дэмакратычнай Украіне разумеюць, што могуць перамагчы наступным разам – і працуюць на краіну.

Зрэшты, веданьне сваёй гісторыі, разуменьне сваіх каранёў, шчырая дыскусія над падзеямі мінулага, якія ўплываюць на цяпершчыну і будучыню, фармуюць адзінства нацыі – гэта найлепшая прышчэпка ад “самапрыніжэньня”, “маларасейства”. Як зазначыла Лэся Украінка, маларасейства – гэта заўсёды капітуляцыя.

Толькі ўлада, сьведамая нацыянальных інтарэсаў, упэўнена іх абараняе – карыстаецца павагай на міжнароднай арэне. У іншым выпадку за словамі дружбы хаваецца выкарыстаньне ў сваіх мэтах тых, хто ня здольны адстойваць свой інтэрас. Здрадай нацыянальных інтарэсаў яшчэ ніхто не дамогся аніякіх значных саступак.

Спробы выкарыстаць падобныя рэцэпты – асуджаны на правал. Украінскае грамадзтва здаўна жыло каштоўнасьцямі свабоды. За вольнасьці ўздымаліся паўстаньні супраць акупантаў. У першай у сьвеце пісанай канстытуцыі – Канстытуцыі Піліпа Орліка – менавіта вольнасьці сталіся асновай грамадзкага ладу.

Менавіта таму грамадзтва не прымае ўціску свабоды – слова, выбару, прадпрыймальніцтва.

Менавіта таму чым больш “кансалідуецца” улада, чым больш паўнаважаньняў цэнтралізуецца, чым больш словаў пра “парадак” ці “стабільнасьць” гучыць – тым меншая падтрымка такой улады ў грамадзтве.

Ня варта пацяшаць сябе ілюзіямі: гэта не “купка апазыцыянэраў” і не “зьнешнія галасы” незадаволеныя тым, у якім накірунку ідзе краіна. Сваё незадавальненьне дэманструе ўкраінскі народ.

Непрыняцьце і супраціў выклікаюць няўклюдныя спробы прыпыніць альбо ўзяць пад кантроль адраджэньне нацыянальнай памяці.

Ворганам, якія адказваюць за бясьпеку краіны, трэба задумацца: чые інтарэсы яны абараняюць. Украіны, якая павінна ведаць праўду пра сваю гісторыю – ці суседняй дзяржавы, дзе прадстаўнікі ўлады намагаюцца апраўдаць злачынствы сталінізма – або зарэтушыраваць іх у гісторыі? Гэта пры тым, што 1 ліпеня 2009 г. Парляманцкая асамблея АБСЭ ў сваёй рэзалюцыі прыраўняла сталінізм да нацызма і заклікала асудзіць таталітарныя рэжымы на міжнародным узроўні.

У гэтым кантэксьце выглядае блюзьнерствам, калі прадстаўнікі партыі, якая лічыць сябе правапераемніцай КПСС, якая не пакаялася за свае злачынствы – камуністаў – кіруюць установамі, у руках якіх знаходзіцца нацыянальная памяць. Гэта – Дзяржаўны камітэт архіваў і Інстытут нацыянальнай памяці. Спадзяюся, што ва ўладнай камандзе ёсьць дастаткова кваліфікаваных спэцыялістаў, каб не пакідаць памяць народу ў руках тых, хто наўпрасткі зацікаўлены ў яе вычварэньні.

Больш таго, апошнім часам улада перайшла да рэпрэсій супраць канкрэтных навукоўцаў і ўстановаў.

Сітуацыя з затрыманьнем і ўзбуджэньнем крымінальнай справы супраць дырэктара Нацыянальнага музэя-мэмарыяла ахвяраў акупацыйных рэжымаў “Турма на Лонцькага” Р. Забілага, а потым – ператрус і выдаленьне гістарычных матэр’ялаў з музэя выклікае абурэньне ва ўсіх украінскіх патрыётаў.

Такімі дзеяньнямі ўлада хоча зацьвердзіць думку, што ўкраінская гісторыя – сакрэт, і нацкоўвае грамадзтва супраць сябе, а таксама аб’ектыўна іграе на руку тым, хто хоча спыніць дэмакратычнае разьвіцьцё Украіны, хто супраць кансалідацыі грамадзтва – зьнешнім, непрыязным сілам.

На сёньня відавочна, што без асабістага ўмяшаньня Прэзыдэнта Украіны гэтая справа і надалей будзе ганьбіць дзяржаву ў вачах сваіх грамадзян і сусьветнай грамадзкасьці.

Шаноўны Віктар Фёдаравіч! Прэзыдэнт Украіны паводле Канстытуцыі ёсьць гарантам яе сувэрэнітэту, правоў і свабодаў яе грамадзян. Гэта ёсьць высокае званьня і выключная адказнасьць.

Я перакананы, што Вы не жадаеце, каб Украіна саступіла сувэрэнітэт, каб роля Прэзыдэнта зводзілася да выкананьня распараджэньняў звонку.

Украіна мае шанец зьберагчы незалежнасьць і стацца адной з вядучых краін Эўропы, толькі калі зьберажэ свабоду, дэмакратычны лад і нацыянальнае адзінства.

Я, мая палітычная сіла, грамадзкія арганізацыі, украінскія грамадзяне ёсьць і застануцца цьвёрдымі і непахіснымі прыхільнікамі гэтага курсу краіны.

З павагай Віктар Юшчанка

20 верасьня 2010 г.

Крыніца: http://www.razom.org.ua/news/9369.html

Пераклад з украінскай.