Ізаляцыя Беларусі ад цывілізаванага сьвету

24 верасня 2010 г.

Навіны

У апошнія месяцы Беларуская чыгунка вымушана была адмяніць шэраг цягнікоў, якія курсіравалі паміж беларускімі і заходнеэўрапейскімі гарадамі. На гэтых цягніках няма каму езьдзіць. Людзі распавядаюць пра кур’ёзны выгляд прыбыцьця такіх “экспрэсаў” – з шэрагу вагонаў выходзяць калі пяць, а калі і тры пасажыры. Такога не было нават у савецкія часы, якія не адзначаліся актыўнасьцю замежных кантактаў савецкіх людзей. Саўдэпіі няма ўжо 19 гадоў, і з кожным годам становішча ўсё больш абсурднае. Нашыя суседзі – украінцы, прыбалты – сотнямі тысячаў выязджаюць у розныя краіны Эўропы на працу, вучобу, адпачынак, экскурсіі, на сустрэчу з сваякамі і сябрамі. Абсалютная бальшыня нашых людзей ня ўдзельнічае ў гэтых працэсах.

Тыповы маршрут беларусаў вядомы – бліжэй да Сібіры, лужкоўская Масква, нафта-газавая Поўнач. Пра страты забітымі і параненымі, прапаўшымі бязь вестак ведаюць усе і ўсяроўна едуць у расейскі крымінальны кашмар. Пасьля сканчэньня летняга працоўнага сэзону на радзіму вярнуліся некалькі брыгадаў з Берасьцейшчыны. На працягу амаль года яны мясілі і залівалі бэтон на будоўлях у Маскве. Ім пашэнціла, усе вярнуліся жывыя. Ім абяцалі заробак у 1000 даляраў за месяц (у прынцыпе мізэрны заробак за такую цяжкую і спэцыфічную працу). За пражываньне ў аднапакаёвай кватэры кожны з шасьці яе кватэраздымшчыкаў плаціў штомесяц па 200 даляраў (!). Адну траціну згаданых тысячаў беларусам выплацілі. Дзьве траціны паабяцалі выплаціць “пазьней”. Пра гэта вялася размова з маскоўскімі прадстаўнікамі на Беларускім вакзале. Беларусы ім паверылі і паехалі дахаты. Аднак, стала вядома, што згаданыя прадстаўнікі ўжо нічога не прадстаўлялі: як толькі бэтон быў заліты і будаўніцтва скончана, будаўнічая фірма “самараспусьцілася”. Гэта ёсьць тыповы мафійны прыём існаваньня капіталу ў Маскве. Цікава, што некаторыя з падманутых беларусаў яшчэ чакаюць, што ім выплацяць рэшткавыя дзьве траціны ад абяцаных тысячаў. Нават маскоўскія школьнікі малодшых класаў ведаюць, што такое называецца “кідалавам”. А беларусы чакаюць…

Нашым суседзям грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабода езьдзіць замяжу, рэалізоўваць там свае асабістыя праекты і вяртацца дадому, дасталіся не дарма. Мільёны людзей падтрымалі нацыянальна-вызвольныя рухі ў сваіх краінах і вытурылі з сваёй тэрыторыі маскоўскіх акупантаў. Многія з нашых людзей вырашылі пражыць камфортна пад антыбеларускім рэжымам, якім кіруе імпэрская Масква. Бараніць родную мову, культуру і цывілізацыю ад маскоўскіх акупантаў і мясцовых паслугачоў неяк не хацелася, былі “больш важныя справы”. Вось і вынік гэтай жыцьцёвай пазыцыі – ізаляцыя нашай краіны і мільёнаў беларусаў ад цывілізаванага сьвету. Рэжым прапануе адзін маршрут – “чахотку і Сібір”, як напісаў быў расейскі класік.

Але ніколі ня позна адумацца і пачаць бараніць сябе, будучыню сваіх дзяцей і свае чалавечыя і нацыянальныя правы. Дзеля гэтага наша грамадзтва павінна кансалідавацца ў супрацьстаяньні антынароднай палітыцы. Шлях кансалідацыі і барацьбы – Народны Байкот выбарчага фарсу, які шумна рыхтуюць нам хлусьлівы рэжым і ягоная псэўдаапазыцыя. Байкот будзе важным крокам у абароне сваіх правоў.

*Янка Базыль *