9 верасьня два дагестанскія мужчыны ехалі ў цягніку маскоўскага мэтро. Да іх пачалі чапляцца два п’яных маскоўцы. Абзываліся “чуркамі”, потым палезьлі біцца. Дагестанцы дасталі траўматычную зброю і абясшкодзілі мярзотнікаў.
13 верасьня на базе ВВС Інданэзіі ў горадзе Макасар трое расейскіх інжынэраў-рамонтнікаў выпілі сьпірту “на траіх” і памерлі на працоўных месцах. Сьпірт аказаўся тэхнічным (мецілавым). Нябожчыкі прыляцелі з Масквы, каб рамантаваць самалёты расейскай вытворчасьці, прададзеныя Інданэзіі. Вырваліся з руціны, захацелі адпачыць… Тыпова маскоўская гісторыя.
З раніцы 16 верасьня на расейскіх тэлеканалах паказваюць асобу з вельмі непрыемным тварам і хлусьлівымі вачыма. Гэта міністар спорту, турызму і справаў моладзі РФ тав. Мутко. Ён спрабуе запярэчыць відавочныя факты, пра якія ўжо паведамілі расейскія СМІ. А менавіта факт узбуджэньня крымінальных справаў у адносінах да чыноўнікаў расейскага спорту высокага рангу. Мутко круціцца, як вуж на патэльне, і можна зразумець ягоныя паводзіны. Такога правалу, які здарыўся на сёлетней зімовай Алімпіядзе ў Ванкувэры, у Расеі ніколі не было за ўсю алімпійскую гісторыю. Каманда РФ заняла ўсяго 11-е месца па мэдалях. Спэцы падлічылі, што кожны (з трох) узятых залатых мэдалёў абышоўся расейскаму бюджэту ў 388 мільёнаў рублёў. Але аказалася, што грошы выдаткоўваліся “не зусім” на спартоўцаў. Тэлеканалы паказалі сцэны вясёлых забаўлялак у раскошных канадскіх рэстаранах і на дыскатэках, дзе галоўнымі героямі выступаюць якраз чыноўнікі ад спорту (якіх разам з гэбоўскім суправаджэньнем традыцыйна столькі ж, а то і больш, чым самых спартоўцаў). Яны добра “гульнулі”, раскідваючы направа і налева пачакі грошай, балявалі з галівудскімі зоркамі, выкатывалі на ванкувэрскія вуліцы бочкі гарэлкі і г.д. Рэакцыя грамадзтва прымусіла Крэмль гэтым разам неяк дзейнічаць (ці паабяцаць дзейнічаць). Некалькі генэралаў ад спорту ўжо падалі ў адстаўку, вядуцца размовы пра крымінальныя справы. Мяркуем, што пашумяць крыху ды супакояцца. Усе “своі ребята”.
Азэрбайджан, Грузія і Румынія падпісалі дакуманты ў справе транспарціроўкі ў Эўропу газа з азэрбайджанскіх радовішчаў па Чорнаму мору ў абыход Расеі. Плянуецца пастаўляць да 8 мільярдаў кубамэтраў штогод. Кіраўнікі трох дзяржаваў падпісалі пагадненьне на саміце ў Баку. З каспійскага радовішча Шах-Дэніз газ будзе дастаўляцца па газаправодзе Баку-Тбілісі на ўсходняе пабярэжжа Чорнага мора, дзе ён будзе пераводзіцца ў вадкі стан і перапраўляцца танкерамі ў Румынію. “Газавыя войны” з боку Расеі сапраўды пераканалі Эўропу, што трэба выходзіць з абсалютнай энэргетычнай залежнасьці ад Масквы.
Расейскае тэлебачаньне паказала 16 верасьня “карцінкі з правінцыі”, гэтым разам з Пералюбаўскага раёну Саратаўскай вобласьці. Штодня там у адной з вёсак адбываюцца аблавы на мільянэраў. Мільянэры “падпольныя”, таму што судовыя прыставы ня могуць ня тое што знайсьці іхных грошай, але ня могуць нават канфіскаваць нічога ў гаспадарцы – паўсюль суцэльная галеча і развал. Але на кожным з калгасьнікаў вісяць сотні тысячаў рублёў, якія кожны зь іх нібыта ўзяў у крэдыт. Людзі тлумачаць, што на працягу некалькіх гадоў іхны старшыня тав. Міронаў прымушаў іх падпісвацца паручальнікам па крэдытах і браць крэдыты. Для гэтага ён на сваёй машыне вазіў калгасьнікаў групамі ў горад. Старшыня пагражаў людзям звальненьнем з працы і нават фізычнай расправай. Потым старшыня сабраў атрыманыя на рэструктурызацыю калгаса грошы і зьехаў у горад. Ён не хаваецца. Тав. Міронаў зрабіў бліскучую кар’еру, стаў старшынём адміністрацыі Пералюбаўскага раёну. Калгасьнікі з новым старшынём падалі на яго ў пракуратуру. Але там усе “своі ребята” і сказалі, што “складу злачынства няма”. Такая сітуацыя па ўсёй Расеі, дзе дзяржмафія прыніжае і абрабоўвае людзей.
У Львове 20 верасьня сотні статыстаў ў нямецкіх і савецкіх уніформах зрабілі інсцэніроўку падзеяў верасьня 1939 года, калі горад на Заходняй Украіне спачатку захапілі ў палякаў немцы, а потым яго “освободілі” савецкія. Спэктакль быў арганізаваны ў самым гістарычным цэнтры Львова – на плошчы Рынак. Маршыравалі і браталіся нямецкія і маскоўскія “освободітелі”, разам пілі і закусвалі. Па ходніках дэфілявалі жонкі савецкіх афіцэраў у ажурных начных кашулях і камбінацыях (афіцэршы сапраўды падумалі ў 1939-м, што гэта ёсьць начныя сукні). У тыя дні 39-га года ўзьнікла ўкраінскае прыслоўе – “Хто б вызваліў нас ад такога вызваленьня!” Пасярод статыстаў выдзяляліся асобы ў картузах з блакітным верхам і з наганамі – афіцэры НКВД. Адна акупацыя зьмяніла тады другую. І пра гэта не забываецца ўкраінскі народ.
У горадзе Пермі на Урале “арыгінальнічалі”. Па ініцыятыве гарадзкога камітэту па культуры ў грамадзкім транспарце пачалі расклеіваць тысячы налепак з цытатамі розных мудрацоў. Сярод іншых была і падпісаная цытата з Адольфа Гітлера: “Мы тогда победим Россию, когда украинцы и белорусы поверят, что они не русские”. Нелепкі былі выпушчаны з дапамогай гарадзкіх уладаў. Каардынатар праекта з цытатамі мудрацоў Юрый Гарадзілаў сьцьвярджае, што ўсе цытаты праходзілі ўзгадненьне ў адміністраці Пярмі. Ён сказаў таксама, што хацеў “просветіть пермяков”. Паводле Гарадзілава, “сэнс цытаты не ў нацыянальнай розьні, а ў тым, каб згуртаваць рускі народ. Трэба ведаць ворага ў твар. Трэба ведаць, праз што нас могуць прапусьціць. Трэба гаварыць пра гэта і памятаць”. Вось такое цяпер у расейцаў натхненьне. Паводле Гітлера.
Янка Базыль