Іспанская газэта “El Pais”. 16 верасьня 2010 г. Іспанская газэта “El Pais” пісала пра адкрыты канфлікт паміж Эўразьвязам і Францыяй на тэму выдаленьня з Францыі румынскіх і баўгарскіх цыганоў. Гэтая тэма пагражае зрабіцца галоўнай на саміце кіраўнікоў урадаў краінаў-сяброў ЭЗ. Наш камэнтар: Саміт ужо распачаўся. Эўракамісарка з Люксэмбурга ў сваім выступе параўнала высылку цыганоў з Францыі з гітлерскай практыкай часоў вайны. На гэта прэзыдэнт Францыі Сарказі адказаў ёй, што як яны хочуць, то няхай забяруць цыганоў у сваю краіну. Але ж прыдумаў нехта кемлівы. Цяпер, аказваецца, у Заходняй Эўропе няма больш важных пытаньняў, чым выдаленьне з нацыянальнай тэрыторыі адной дзяржавы некалькіх чужынскіх табараў.
Алесь Хадасевіч
Французкая газэта “Le Figaro”. 16 верасьня 2010 г. Французкая газэта “Le Figaro” пісала пра адкрыцьцё музэя твораў скульптара Поля Бэльмандо (1898-1982) у французкім горадзе Булонь-Бэланкур. Ініц’яваў і адкрываў экспазыцыю сын мастака, знакаміты французкі акцёр Жан-Поль Бэльмандо.
Наш камэнтар: У цывілізаваных краінах паўстаюць новыя музэі, працягваюцца творчыя дынастыі. У Беларусі – спрэс “лядовыя палацы”, якімі чужынская дыктатура вырашыла замяніць нам культуру. Напрыклад, ужо шэраг гадоў “праводзіцца рамонт” у мэмарыяльнай майстэрне скульптара Андрэя Бэмбеля, дзе мінкультуры даўно абяцала ўтварыць Музэй сучаснай беларускай скульптуры. Панаваньне цемры…
Алесь Хадасевіч
Італьянская газэта “Repubblica”. 16 верасьня 2010 г. Італьянская газэта “Repubblica” напісала пра папулярны турыстычны маршрут, які ўжо некалькі гадоў функцыянуе ў Тайландзе. Ён узьнік пасьля паказу папулярнага фільма Дэвіда Ліма “Мост на рацэ Квай” (Прэмія Оскар), прысьвечанага лёсу брытанскіх і амэрыканскіх ваеннапалонных, якіх японцы прымушалі будаваць масты і чыгунку з Тайланду ў Бірму. Тысячы людзей прыязджаюць цяпер на месцы гэтай драмы.
Наш камэнтар: Мяркуем, што прычына гэтых паездак – ня простая цікаўнасьць альбо лішнія грошы заходнікаў. Многія людзі на Захадзе памятаюць сваіх дзядоў, едуць часам у далёкія краіны, каб наведаць іхныя магілы, убачыць месцы даўняй драмы.
На жаль, такога ня скажаш пра сёньняшняе пакаленьне нашых людзей. Многія з беларусаў занятыя выключна сабой, не цікавяцца нават жывымі старымі. Вельмі рэдка яны выпраўляюцца на магілы сваіх дзядоў, што загінулі ў войнах ХХ стагоддзя (а многія з гэтых магіл яшчэ захаваліся ў розных краінах). Гэта ёсьць разбуральны вынік антыбеларускай, антыкультурнай палітыкі, якая адбілася ў душах многіх нашых людзей. Разам з беларушчынай аказалася растаптанай чалавечнасьць.
Алесь Хадасевіч
Польская газэта “Gazeta Wyborcza”. 16 верасьня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла пра падрыхтоўку да сусьветнага кангрэсу чачэнскага народу, які мае адбыцца ў польскім Пултуску 16-18 верасьня. На кангрэс запрошаны таксама прэм’ер-міністар ураду Чачэніі на эміграцыі Ахмэд Закаеў. Генпракуратура РФ выступіла з патрабаваньнем выдаць Закаева Расеі “за ўдзел у тэрарызьме”. Чачэнскія арганізатары заявілі, што Закаеў будзе ўдзельнічаць у форуме.
Наш камэнтар: Чачэнскі народ працягвае змаганьне супраць маскоўскіх акупантаў. Сапраўдная палітычная дзейнасьць нацыі адбываецца на выгнаньні.
Юрка Марозаў
Ангельская газэта “Telegraphe”. 18 верасьня 2010 г. Ангельская газэта “Telegraphe” напісала пра адкрыцьце, якое зрабілі гісторыкі ў архівах. Высветлены ваенны лёс капрала Рэджынальда Білінгхэма, які ваяваў падчас І Сусьветнай вайны. Ён памёр толькі ў 1965 г. Ніколі не распавядаў жонцы і сямейнікам пра перажытае на вайне. А яны надта і не распытвалі яго, сьціплага банкаўскага мэнэджэра. Як кажа цяпер ягоная 73-гадовая пляменьніца, тады не прынята было гаварыць на гэтую тэму. Летась сямейнікі прадалі ўзнагароды дзеда. Капрал, якога жаўнеры называлі Рэджам, у траўні 1917 г. ўдзельнічаў у наступе на нямецкія пазыцыі. Атака захлынулася. Рэдж і некалькі іншых жаўнераў чатыры начы і тры дні хаваліся ў варонках пад абстрэлам на нічыйнай тэрыторыі, пакуль капрал ня вывеў людзей да сваіх. За гэта ён быў узнагароджаны мэдалём. Потым ваяваў у Італіі.
Наш камэнтар: У саўдэпіі таксама людзі ў 1950-60-я гады ня надта цікавіліся ваеннай тэмай. Афіцыёз намаляваў сваю ідэалагічна слушную (ушчэнт фальшывую) карцінку вайны, за рамкі якой выходзіць не рэкамэндавалася. Па школах вадзілі афіцыёзных вэтэранаў, спрэс адстаўных камісараў ды палкоўнікаў, якія нудзілі нас – дзяцей — бальшавіцкай балбатнёй. Ніхто не парупіўся распавесьці нам пра сапраўдных герояў вайны, мужчын і жанчын, што жылі літаральна побач з намі. Ніхто не запісаў успаміны гэтых беларусаў. Гэта вялікая страта для нашай культуры і духоўнасьці.
Валеры Буйвал
Нямецкая газэта “Die Zeit”. 18 верасьня 2010 г. Нямецкая газэта “Die Zeit” апублікавала артыкул, прысьвечаны 60-й гадавіне захопу Тыбэта кітайскай камуністычнай арміяй (верасень-кастрычнік 1950 г.). Тыбэтцы ведалі, што Кітай рыхтуе нашэсьце. Эліта апэлявала да міжнароднай супольнасьці. Асабліва спадзяваліся на магутную Індыю. Але на іхныя звароты прэзыдэнт Індыі Джавахарлал Нэру адказваў настойлівымі парадамі “дамаўляцца з кітайцамі” і “ні ў якім разе не патрабаваць незалежнасьці”. Калі кітайцы пачалі наступ, губэрнатар памежнай правінцыі зьвярнуўся да сталічных уладаў па дапамогу. Яму адказалі, што кіраўніцтва краіны знаходзіцца на пікніку. Слабая тыбэцкая армія не змагла аказаць арганізавангага супраціву акупантам. Пачалася камуністычная індактрынацыя тыбэцкага народу.
Наш камэнтар: Нічога ў прынцыпе новага ня вынайшлі партайгэносэ Рар і ягоныя берлінскія і брусэльскія калегі, якія ў адкрытую і прыхавана кажуць беларусам далучацца да “больш дэмакратычнай Расеі” і адмовіцца ад незалежнасьці. Яны нават выдумалі тэрмін — “рэінтэграцыя”. Каб пазьбегнуць акупацыі і зьнішчэньня, перш за ўсё сам народ павінен абараняць сваю зямлю і сваю будучыню ад акупантаў, не асабліва аглядаючыся на “міжнародную думку”.
Алесь Хадасевіч
Летувіская газэта “Kauno Diena”. 18 верасьня 2010 г. Летувіская газэта “Kauno Diena” паведамляла з Беларусі. Аб тым, што старшыня арганізацыі “За свабоду” А. Мілінкявічус ня будзе ўдзельнічаць у выбарах. Наш камэнтар: Яшчэ, здаецца, летась летувіскія СМІ выкарыстоўвалі словазлучэньне “лідэрас беларускай апазыцыі Мілінкявічус”. А тут “так прынізілі” тытулатуру “лідэраса”. І нават не парупіліся патлумачыць сваім чытачам, а што здарылася з лідэрствам Мілінкевіча, чаму ён “перастаў быць” тым, чым яны выстаўлялі яго на працягу некалькіх гадоў. Заўважым, што йдзецца пра падзеі ў суседняй з Летувой краінай, а не пра якую-небудзь далёкую выспу ў Каралавым моры. Але ўзровень!
Алесь Хадасевіч
Польская газэта “Rzeczpospolita”. 18 верасьня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” (вядомы журналіст Анджэй Пісальнік) пісала пра Беларусь. Гэтыя назвалі Мілінкевіча “вядучым апазыцыйным палітыкам”. А раней таксама тытулавалі яго “лідэрасам”. Гэтым разам рэпарцёр А. Пісальнік працытаваў словы польскага эўрадэпутата Паўла Коваля (партыя Права і Справядлівасьць): “Мы прайграем, бо некалі рабілі стаўку на Мілінкевіча”. Потым рэпарцёр зьвярнуўся да “былога старшыні Беларускага Народнага Фронту В. Вячоркі”, які расказаў яму, што “апазыцыя ніколі не карысталася замежнымі грашыма”.
Наш камэнтар: Што ж, цікавыя прызнаньні правальнай арыентацыі на надзьмутую асобу. І яшчэ вельмі пацешны зварот па “апінію” да выкінутага з кіраўніцтва псэўда-Фронта Вячоркі. Чаму ж А. Пісальнік не зьвярнуўся да чалавека ў галіфэ Янукевіча, які ўсеўся на зітц-старшынства пасьля Вячоркі? Падобна, што некаторыя польскія аналітыкі крыху заблыталіся ў пасьянсе, які расклалі перад сабой. І зноў жа, кур’ёзны ўзровень аналітыкі аб падзеях у суседняй з Польшчай краіне.
Алесь Хадасевіч
Латвійская газэта “Diena”. 18 верасьня 2010 г. Латвійская газэта “Diena” напісала пра інтэрвію прэзыдэнта Грузіі Саакашвілі для амэрыканскіх журналістаў. Прэзыдэнт выказаў трывогу ў сувязі з пагрозай вайны з боку Расеі. Саакашвілі зьвярнуў увагу на тое, што як толькі Пуцін балатуецца на прэзыдэнта, ён адразу імкнецца распачаць вайну. Наш камэнтар: Народы памежных з Расеяй краінаў ужо заўважылі гэтую тэндэнцыю. У Імпэрыі вайна і тэракты зьяўляюцца найбольш папулярным спосабам электаральнай палітыкі.
Юрка Марозаў