Рэжым згніў, а яны “усё на маршы”

16 сентября 2010 г.

Навіны

14 верасьня стала вядомай дата, на якую рэжым прызначыў свае прэзыдэнцкія выбары – 19 сьнежня сёлета. Урэшце “дэмапазыцыя” атрымлівае фармальную падставу на сваю перадвыбарчую агітацыйную мітусьню (якую яна без усялякай падставы рабіла на працягу некалькіх папярэдніх месяцаў). Радыё Свабода зьвярнулася да некаторых з асобаў гэтай “апазыцыі”. Яны падзяліліся сваімі думкамі.

Вось, напрыклад, старшыня АГП Лябедзька. У яго пытаюцца, чаму выбары будуць ужо сёлета. Лебедько адказвае, цытуем: “Гэта зьвязана са складанасьцю яе (улады) сытуацыі. Бо адкладаць далей – гэта больш небясьпечна. У сьнежні яшчэ можна прадаваць выбарцам перамовы з Расеяй па энэрганосьбітах, а ў наступным годзе ўсё ўжо стане зразумелым – якія кошты і чым гэта пагражае для краіны і для людзей. З другога боку, тут можна яшчэ зрабіць спробу купіць галасы выбарцаў, падняўшы заробкі, яшчэ моцна не падняўшы кошты на камунальныя паслугі. А чым далей, тым гэта рабіць складаней, бо кошты на цэньніках адразу падскочаць. Таму чым раней, тым лепш для Лукашэнкі і ягонай каманды”.

Што ж, адэкватныя ацэнкі. Ад сапраўднага дэмакрата, аднак (няхай сабе і “агульнага”), трэба было б чакаць лагічных высноваў з канстатацыі аб тым, што дыктатура сьпяшаецца, бо крыху пазьней яна ўжо ня здолее падмануць мільёны беларусаў – пазьней яна будзе валіцца. Лагічнай высновай быў бы заклік да байкоту падманных псэўдавыбараў і прысьпешваньне такім чынам падзеньня антыдэмакратычнай дыктатуры.

Але тут свая логіка. Лябедзька кажа: “Што тычыцца нас, дык тут усё на маршы, у нас створана вэртыкаль, ёсьць цэнтры і рэгіянальныя штабы…” (Яны зьбіраюцца на выбары і ўжо, аказваецца, нават сваю, альтэрнатыўную лукашэнкаўскай, вэртыкаль стварылі.) Разумеюць яны тое ці не, але, фактычна, гэтыя людзі бяруца за справу выратаваньня (спробу легалізацыі) правальнай дыктатуры, хаця ў наступным годзе “усё ўжо стане зразумелым”. Самы ж прызнаюць, што рэжым зьбіраецца ашукаць нашых людзей і самы ж заклікаюць ісьці на гэтае рэжымнае ашуканства (Лукашэнку толькі тое і трэба).

Што ж адбываецца? А не адбываецца нічога новага. Успомнім бязглуздыя “маршы за свабоду” і “маршы за лучшую жізнь”, якія псэўдаапазыцыя арганізоўвала на пачатку гэтага дзесяцігоддзя. Спачатку людзі хадзілі за імі, а потым праз пару-тройку гадоў разабраліся і перасталі хадзіць. Але арганізатары не супыняюцца. У іх зноў, у чарговы раз “усё на маршы”.

Цяпер ствараецца спрыяльная сытуацыя для байкоту, дыктатура яго баіцца, усім гэта відаць і трэба арганізаваць ёй усенародны Байкот. Дык жа не, “дэмакраты наагул” зноў у сваім фірменным “маршы” – на месцы крокам руш!

19 сьнежня ня трэба йсьці на падманнае галасаваньне. Трэба дапамагчы абваліцца дыктатуры, як гнілому дрэву, а для гэтага трэба адсунуць ад яга падпоркі (гэта значыць выбаршчыкаў), хай падае, хай падпірае сама сябе, як Мюнгаўзэн у балоце, – бяз людзкой падпоркі доўга не прастаіць. Байкот! Ніхто на фальшывая выбары дактатуры!

Янка Базыль