(Верасьнёўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)
12 верасьня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Аб маніпуляцыі зь перапісам насельніцтва” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. У бліжэйшы час рэжым абвесьціць дату сваіх псэўдавыбараў. Не чакаючы на гэты сігнал, падстаўныя “патэнцыйныя кандыдаты” ужо на працягу некалькіх месяцаў заклікаюць беларускае грамадзтва ісьці на чарговы выбарчы фарс. Яны нават адкрыта заявілі, што галоўным для іх ёсьць “не дапусьціць байкоту выбараў, каб людзі засталіся ў сваіх дамах у дзень выбараў”. Шчырае прызнаньне гэтых дзеячаў яшчэ раз засьведчыла, чаго на самой справе баіцца Масква і яе марыянэткавы рэжым у Беларусі. Яны баяцца не таго, што нехта будзе галасаваць “супраць”. Яны баяцца, што беларусы ня пойдуць на выбарчы фарс, праігнаруюць рэжым і прамаскоўскую “апазыцыю”. Маніпуляваць галасамі прыдзецца на пустых выбарчых ўчастках. Правал стане відавочны ўсім.
На наступны год настане час, калі рэжым павінен будзе абавязаны расплочвацца па працэнтах за атрыманыя на Захадзе крэдыты. Крэдыты даваліся на разьвіцьцё і мадэрнізацыю эканомікі. Замест мадэрнізацыі рэжым карыстаецца гэтымі грашыма для выдачы працоўным “пасобіяў” пад назовам “зарплата”. Але і гэтых мізэрных “пасобіяў” хапае ўжо далёка не на ўсіх у нашай краіне. Сотні тысячаў сем’яў з трывогай глядзяць у блізкую будучыню, да якой вядзе іх хлусьлівы і нікчэмны рэжым.
А што будзе, калі гэтых “заробкаў” ня будзе для мільёнаў людзей на працягу, скажам, месяца? Як тады жыць нашым людзям, як яны будуць карміць свае сем’і? І на гэта ёсьць адказ у фальшывай “апазыцыі”. Яны кажуць, што пасьля выбараў трэба “ісьці на плошчу” і “патрабаваць справядлівасьці”. Ісьці яны прапануюць за сабой – за дзеячамі, якія засьведчылі сваю адданасьць Маскве і зьняважлівыя адносіны да нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў Беларусі.
Цалкам магчыма, што пры такой “публіцы” можа ўзьнікнуць правакацыя супраць дэманстрантаў (справакаваў жа Казулін у 2006 годзе бяссэнсавы крывавы паход “на Акрэсьціна”), якая дасьць магчымасьць узмацніць рэжымны прыгнёт. За такой публікай нельга хадзіць, тым больш, каб “патрабаваць справядлівасьці” ад незаконнага антыбеларускага рэжыму.
Трэба адзначыць таксама, што марнымі ёсьць спадзяваньні дзеячаў гэтай “апазыцыі” на тое, што нехта зь яе “кандыдатаў” можа замяніць сабой Лукашэнку паводле жаданьня і з падтрымкай Масквы. Масква ніколі ня пойдзе на такую замену. Лукашэнку яна можа замяніць толькі на постаць з рэжымнай намэнклятуры, ёй не патрэбныя выпадковыя асобы. Цалкам верагодна, што запасным варыянтам Масквы мог бы стаць які-небудзь намэнклятуршчык са стажам, кшталту цяперашняга прэм’ер-міністара РБ Сідорскага.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра развал эканомікі і варварскі продаж беларускіх прадпрыемстваў расейскай дзяржмафіі. Заклікі падстаўных з мясцовых структурак псэўдаапазыцыі не знаходзяць водгуку ў грамадзянаў. Калі гадоў дзесяць таму людзі яшчэ хадзілі на мерапрыемствы гэтых дзеячаў, то цяпер тыя вымушаны зьбірацца “у вузкім коле” і мітынгаваць між сабой. Трэба даводзіць праўдзівую інфармацыю пра становішча ў краіне і неабходнасьць байкоту выбарчага фарсу, каб людзі ў рэгіёнах мелі альтэрнатыву дзеяньняў.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 12 верасьня 2010 г.