Агляд замежнага друку

9 верасня 2010 г.

Навіны

Латвійская газэта “Diena”. 5 верасьня 2010 г. Латвійская газэта “Diena” паведаміла пра адсланеньне помніка даваеннаму прэзыдэнту Латвіі Карлісу Улманісу на ягонай радзіме, у засьценку Бэрзэ. Мерапрыемства было прысьвечана 133-м угодкам з дня нараджэньня прэзыдэнта. Наш камэнтар: Падчас маскоўскай акупацыі Латвіі помнікаў нацыянальным героям (“буржуазным націоналістам”) не было ў акупаванай краіне. Калі Беларусь вызваліцца ад акупацыйнага рэжыму, у нашай краіне паўстануць помнікі нашым героям.

Алесь Хадасевіч


Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”. 5 верасьня 2010 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала артыкул пад тытулам “Пацёмкін, вэрсія 21-га стагоддзя”. У Саратаў прыехаў прэзыдэнт Медведев. Папярэдне ў Маскве ён запатрабаваў, каб не было маніпуляцый з падвышэньнем цэнаў на прадукты харчаваньня. Мясцовае начальства адрэагавала ў рэчышчы даўняй традыцыі: загадала зьнізіць цэны ўсім, хто гандляваў па маршруце візыту Медведева. Наш камэнтар: Справа каханка Кацярыны ІІ жыве і квітнее!

Алесь Хадасевіч


Аўстрыйская газэта “Die Presse”. 5 верасьня 2010 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” пісала пра дэманстрацыі ў 135 гарадах Францыі. Дэманстранты выступалі супраць выдаленьня цыганоў з краіны. Яны абвінавачвалі прэзыдэнта Сарказі ў палітызацыі справы, выступалі пра правы чалавека. Наш камэнтар: Ніхто з дэманстрантаў не згадаў пра правы нацыі. Французкія левакі добра арганізаваліся на вуліцах. Няхай бы яны з такім жа імпэтам запрасілі румынскіх і баўгарскіх цыганоў з-пад мастоў і табараў паставіць свае намёты на тэрыторыі сваіх маёнткаў, рассялілі б іх па хатах, узялі на ўтрыманьне і г.д. Дэмагагічнае шумавіньне людзей, раўнадушных да сваёй дзяржавы і цывілізацыі. Як заўсёды ў левых.


Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung”. 7 верасьня 2010 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла пра вынікі рэфэрэндуму ў Малдове. На рэфэрэндум пра агульнанацыянальныя выбары прэзыдэнта краіны прышлі 30,98% выбаршчыкаў. Для выніковага рэфэрэндума патрэбна было 33,3%. Хаця больш за 90% удзельнікаў прагаласавалі за выбары прэзыдэнта простымі выбарамі, а не галасаваньнем у парляманце, рэфэрэндум праваліўся. Прычынай быў байкот галасаваньня, які праводзілі камуністы. Наш камэнтар: Расейскія тэлеканалы цяпер зьедліва камэнтуюць правалены рэфэрэндум, паказваюць камуністычную публіку, якая вельмі задаволеная сабой. Справа ў тым, што большая частка маладога пакаленьня малдаванаў выехала працаваць на Захад і не змагла масава ўдзельнічаць у вырашэньні далейшага лёсу краіны. А камуністычная публіка нікуды ня выехала і сядзіць у Малдове, эканоміка якой якраз развалена камуністычным рэжымам. Гэты прыклад мае знак мінус, але дэманструе эфэктыўнасьць арганізаванага байкоту галасаваньня.

Юрка Марозаў


Польская газэта “Gazeta Wyborcza”. 7 верасьня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што ў Лёндане на паддашку сямейнага дома знайшлі каляровую стужку з дакумэнтальнымі кадрамі вынікаў нямецкіх бамбардовак горада. Немцы актыўна бамбілі Лёндан з 7 верасьня 1940 па травень 1941 г. У сувязі з 70-мі ўгодкамі бамбардовак быў арганізаваны публічны паказ знойдзенага фільма. Наш камэнтар: Трэба памятаць, што ў тыя драматычныя месяцы ў Лёндане і ва ўсёй Вялікай Брытаніі знаходзіліся дзесяткі тысячаў беларускіх афіцэраў і жаўнераў, якія разам з Врйскам Польскім адступілі ў Брытанію пасьля баёў за Францыю ў траўні-чэрвені 1940 г.

Алесь Хадасевіч


Дацкая газэта “Berlingske Tidende”. 8 верасьня 2010 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” пісала пра масавыя пратэсты ў Францыі супраць пляна прэзыдэнта Сарказі павысіць пэнсійны ўзрост з 60 да 62 гадоў. У Парыжы маніфэставала паўмільёна чалавек, некалькі мільёнаў па ўсёй краіне. Наш камэнтар: Сарказі толькі агучыў свае пляны, а незадаволенае грамадзтва ўжо салідарна пратэстуе супраць рэформы. Не шушукаецца на кухнях, ня церпіць, а салідарызуецца.

Алесь Хадасевіч


Польская газэта “Rzeczpospolita”. 8 верасьня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра падрыхтоўку знакамітага палатна Яна Матэйкі “Грунвальдская бітва” да пераезду ў Берлін, дзе яно будзе выстаўлена. Выстава ў 2011 годзе будзе прысьвечана 1000-годдзю нямецка-польскіх стасункаў. Наш камэнтар: Некалі шэдэўры беларускага мастацтва выстаўляліся на часовых выставах у Польшчы, Іспаніі, Італіі, Бэльгіі, Францыі, Нарвэгіі і іншых краінах (нават пры савецкім рэжыме). Цяпер далей за Расею работы з Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі як правіла ня езьдзяць. Рэжым ізаляцыі, наладжаны антыбеларускім рэжымам па загаду з Масквы, дзейнічае разбуральна на культурнае жыцьцё Беларусі.

Алесь Хадасевіч


Польская газэта “Gazeta Wyborcza”. 9 верасьня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Нямеччыне патрэбныя імігранты, як паветра”. Газэта піша: “Каб жыць у дабрабыце, Нямеччыне трэба штогод паўмільёна імігрантаў – б’юць трывогу навукоўцы. Справа банкіра Ціла Сарацына паказвае, што грамадзтва ня хоча чужых”. Нямецкае грамадзтва старэе, не хапае інжынэраў, настаўнікаў і рабочых. Па ўсёй Нямеччыне працягваецца спрэчка наконт нядаўна выпушчанай у сьвет кнігі Ціла Сарацына “Нямеччына сама сабе прыкончыць”, у якой аўтар даводзіць, што “імігранты з Блізкага Усходу генэтычна абцяжараныя лянотай і слабой інтэлектуальнай патэнцыяй, таму ўяўляюць сабой пагрозу для Нямеччыны. Як беспрацоўныя яны абцяжарваюць сацыяльную сістэму краіны. А дзякуючы вялікаму натуральнаму прыросту могуць здамінаваць усю краіну”. Па ўсёй Нямеччыне расьце падтрымка тэзісаў і асобы Сарацына. Наш камэнтар: Бальшыня нямецкага грамадзтва, як бачым, ужо “накушалася” лібэралізму і іншай левізны. Сацыяльны крызіс на лібэральным Захадзе паглыбляецца.

Алесь Хадасевіч


Партугальская газэта “Diario de Noticias”. 9 верасьня 2010 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала пра інтэрвію Фідэля Кастра для амэрыканскай газэты “The Atlantic” ў Гаване. Сярод іншага Кастра сказаў, што “эканамічная мадэль на выспе ўжо не спрацоўвае”. Наш камэнтар: Вось як бывае! Праз 52 гады зьдзеку з уласнага народу, эканамічных законаў і здаровага сэнсу дыктатар прызнае, што камуна – гэта тупік. Апошнім часам мы такое чуем і ад Лукашэнкі.

Алесь Хадасевіч