Вось і сабраўся на сваю “восеньскую сэсію” псэўдапарлямант антыбеларускай дыктатуры. Псэўдадэпутаты (“абраныя” у выніку фальшывых “выбараў”) пагаварылі пра тое-сёе але нават не згадалі пра чарговыя “выбары”. Паабяцалі яшчэ раз сабрацца і абмеркаваць 14 верасьня. “Незалежныя” СМІ напісалі: “Ну, вось, маўляў, цяпер яны прызначаць выбары, вось цяпер!..” Зрабілі свае заявы і прэтэндэнты ў кандыдыты, яны заклікаюць усіх грамадзянаў актыўна ўдзельнічаць у выбарчым фарсе, пра які сама дыктатура яшчэ нават не згадала ані словам.
Паказальны рэпартаж на тэму зрабіла 7 верасьня Радыё Свабода пад тытулам “Асамблея НДА прыняла заяву па выбарах”. Як бачым, сьпяшаюцца і гэтыя. “Свабода” дае нам інфармацыю, што такое ёсьць гэтая НДА: “Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі, якая аб’ядноўвае 278 грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў, заклікала палітычных лідэраў да стратэгічнага і практычнага аб’яднаньня”. Можа гэтая Асамблея сапраўды сабралася і ўсе 278 арганізацыяў прагаласавалі “за выбары”? Але гэтага, аказваецца, ім можна не рабіць. У іх ёсьць такі хітры ход, як “рабочая група Асамблеі”, (група зь некалькіх асобаў), якая за ўсіх і галасуе.
Нагадаем, што “Асамблея” была ўтворана яшчэ ў 1997 годзе пры садзеяньні Фонду “Эўразія”, цэнтральны офіс якога знаходзіўся ў Маскве (пад старшынствам Мікалая Рыжкова). Гэтую справу падтрымліваў потым сумнай памяці Ганс Вік, утваральнік (ад імя АБСЭ) таксама і фэномэну “аб’яднанай дэмапазыцыі”. У тыя гады Вік ня толькі кідаў эўрапейскія грошы і кіраваў расколам Народнага Фронту. Ён “пераводзіў стрэлкі” з нацыянальна-вызвольнага змаганьня на дзейнасьць трэцяга сэктару. З падачы лібэральнага Брусэля і імпэрскай Масквы тады быў кінуты лёзунг-дэвіз аб тым, што “нацыянальная ідэя зжыла сябе” (яе агучыў Ю. Хадыка) і што пераўтварэньні ў Беларусі павінны рабіцца эвалюцыйна, шляхам разьвіцьця так званага трэцяга сэктару (гэта значыць, не палітычнымі сіламі, а перш за ўсё грамадзкімі арганізацыямі). Гэтых “няўрадавых арганізацый” тады ўзьнікла процьма. Іх, як правіла, ачольвалі і запаўнялі сабой асобы, што ня мелі ніякага дачыненьня да беларускай культуры, мовы, да беларускага нацыянальнага жыцьця, справы дэмакратыі, творчасьці і г.д. Рознага калібру агентура, “выгадныя знаёмцы” і ненавісьнікі беларушчыны камфортна атабарыліся ў офісах, зрабілі там “эўрарамонт” і пачалі неўміручую справу “Рагоў і капытоў”.
Беларускія палітыкі папярэджвалі заходніх грантадаўцаў, што гэтыя “НДА” існуюць выключна з мэтай паглынаньня іхных грантаўскіх грошай. Што дастаткова на месяц спыніць рэсурсную падтрымку любой з гэтых “НДА” і яна адразу ж спыніць сваё існаваньне. Вось цяпер, праз 10 гадоў можна было б спытаць у “рабочай групы Асамблеі НДА”, а колькі з 278 заяўленых арганізацыяў яшчэ існуюць і, галоўнае, праводзяць нейкую рэальную дзейнасьць? Мяркуем, што абсалютная бальшыня з заяўленых акажуцца “мёртвымі душамі”. Але гэта нікога з групы не бянтэжыць.
Паслухаем, што сказалі ў рэпартажы “Свабодзе” чычыкавы ад “рабочай групы Асамблеі НДА”. Напрыклад, такі С. Мацкевіч, асоба з гучнай тытулатурай – “старшыня Рабочай групы Асамблеі і сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці”. Цытуем “сьпікера”: “На жаль, сытуацыя такая, што і ад Расеі мы бачылі толькі антыдэмакратычныя захады ў бок Беларусі і ад нашага рэжыму апошнім часам мы бачым толькі антыдэмакратычныя захады…” У сваёй заяве “Рабгрупа Асамблеі” адзначае “разьяднанасьць дэмакратычных кандыдатаў, няздольнасьць вызначыць адзінага, адсутнасьць супольных стратэгічных мэтаў і пляну дзеяньняў”.
Трэба нагадаць, што ў любым грамадзтве стратэгічнымі мэтамі сапраўды дэмакратычных кандыдатаў ёсьць толькі наступнае: праца на дзяржаўных пасадах дзеля абароны нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, умацоўваньне дзяржаўнага сувэрэніту, разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, навукі і культуры, удасканальваньне дэмакратычнай сістэмы, пашырэньне сацыяльных гарантыяў для грамадзянаў краіны. Калі ў наяўнасьці “адсутнасьць” гэтага, то паўстае пытаньне: хто такія гэтыя “дэмкандыдаты” і на каго яны “працуюць”? Розьніцца між сабой дэмкандыдаты могуць толькі тактычнымі спосабамі дасягненьня згаданых намі стратэгічных мэтаў.
А можа ня трэба зьвяртаць увагі на ўсё гэтае пустаслоўе, якое шырака разьліваецца ў эфіры і на старонках “СМІ”? Прызнацца, раней імітатары ўмелі выказвацца значна больш выразна і адназначна. Напрыклад, “Іді і скажі ему своё НЕТ!” Цяпер так ня скажаш, таму што беларусы вельмі добра памятаюць, чым скончылася тое хаджэньне на выбарчыя ўчасткі дыктатуры ў першай палове 2000-х гадоў: суцэльным падманам, падтасоўкай галасоў і “элегантнай перамогай” Лукашэнкі.
Уражаньне, што цяпер яны вельмі сьпяшаюцца на гэты выбарчы фарс, (дзе быццам бы будуць “мяняць прэзыдэнта”). Цэлая абойма “патэнцыйных кандыдатаў” навыперадкі лётаюць у Маскву, прапануюць там свае паслугі, але ня маюць “супольных стратэгічных мэтаў” (і пры гэтым ніхто, як быццам, не хвалюецца пра здраду Радзіме).
Як кажуць, ім не прывыкаць. А беларусам трэба адвярнуцца ад гэтага шоў і зрабіць яму свой Народны Байкот.
*Янка Базыль *