Пачатак новага навучальнага году прадэманстраваў чарговы этап зьнішчэньня антыбеларускім рэжымам беларускай адукацыі ў нашай краіне. Афіцыёз хадзіў па школах і ВНУ, выступаў на акупанцкай мове і выказваў “высочайшее удовлетвореніе” станам “русскоязычного образованія”. На Радыё Свабода паведамілі пра ліквідацыю чарговых школ і клясаў, якія яшчэ функцыянавалі на дзяржаўнай мове тытульнай нацыі. У якасьці сэнсацыі Радыё Свабода падала паведамленьне пра адзіную школьніцу, якая зьбіраецца навучацца на беларускай мове на ўвесь Магілеў. Можна сказаць, што “зачыстка” беларушчыны ў Магілеве скончылася. У якасьці аргуманта такой хады падзеяў Радыё Свабода паведаміла, што “больш ніхто з бацькоў не напісаў заявы на беларускамоўнае навучаньне”. А вось аб сапраўдных прычынах гэтага зьнішчальнага працэсу ні “Свабода”, ні іншыя “незалежныя” СМІ не тэарэтызавалі. Не сказалі пра гэта аніслова.
Зразумела, што не бацькі вінаватыя ў тым, што паўсюдна ліквідуецца адукацыя на беларускай мове. Прычынай ёсьць злачынная палітыка русіфікацыі нашага народу, якую на працягу апошніх 16 гадоў праводзіць антынародны прамаскоўскі рэжым, які незаконна трымае ўладу ў Беларусі.
Сёлета на 1 верасьня рэжым дазволіў сабе тое, што не дазваляў сабе нават савецкі афіцыёз у БССР. Па БТ паказалі рэпартаж з Бельска Падляшскага, што на Беласточчыне ў Польскай Рэспубліцы. Распавялі (па-беларуску), што там дзейнічае Беларускі ліцэй і што 1 верасьня першаклясьнікі атрымалі там падручнікі на беларускай мове. Паказалі прыгожыя, сьветлыя, шчасьлівыя твары дзяцей-беларусаў Беласточчыны, якія трымаюць у руках кніжкі (надрукаваныя па-беларуску ў Польшчы). За кадрам дыктар давёў нам наступнае: “Усходнія палякі заўсёды цікавіліся гэтым”. Пад “гэтым” мелася на ўвазе беларуская мова і культура. Пры саветах афіцыёз БССР з большага маўчаў пра сотні тысячаў беларусаў, якія жылі і жывуць у Беласточчыне на тэрыторыі Польшчы. Цяперашні афіцыёз публічна кваліфікаваў іх як “усходніх палякаў”. Так аб частцы беларускага народа, аб беларускіх дзецях, якія ў іншай краіне вучацца па-беларуску, можа казаць толькі антыбеларускі рэжым, задачай якога зьяўляецца ліквідацыя ўсяго нацыянальнага на нашай зямлі, а потым і ліквідацыя нашага народу.
Па ўсім адчуваецца, што варожыя Беларусі сілы расперазаліся, бо лічаць пераможна скончанай справу разгрому беларускай культуры, мовы і нацыянальнай адукацыі ў захопленай імі краіне. Трэба нагадаць гэтым цемрашалам, што ўся гісторыя Беларусі паказвае і сьведчыць: як толькі ворагі-зьнішчальнікі зьбіраюцца наладзіць пахаваньне беларусам і ўжо цягнуць іх у магілу, наш народ устае, выпрастоўваецца і гоніць прэч бандыцкую кодлу. Як напісаў Зянон Пазьняк, “засталося няшмат…”
*Янка Базыль *